Кніга складаецца з 12 нарысаў пра людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, якія пераадолелі цяжкасьці жыцьця. Хтосьці інвалід ад нараджэньня, хтосьці страціў здароўе ў маладым веку і думаў, што жыцьцё скончылася. Але пераадолеў хваробу, знайшоў сябе.
Героі кнігі — паралімпійская чэмпіёнка Людміла Волчак, паэтка Дар’я Ліс, літаратар Яўген Шаўко, прафэсарка БДУ Алена Сьляповіч, спэцыяліст па маркетынгу Мікіта Трафімовіч, блогерка Інга Татур і іншыя. А адзін з герояў кнігі «Пераадоленьне» Антон Сьвёкла ня мае рук і на пытаньні аўтара кнігі адказваў, трымаючы аловак, якім націскаў клявішы на кампутары, у зубах.
Аляксандар Тамковіч: «Вось уявіце сабе — чалавек у інвалідным вазку. Людміла Волчак мала таго, што выйграла паралімпійскія гульні, чэмпіёнка, — яна выйшла замуж, нарадзіла дачку. Чалавек жыве поўным жыцьцём. Што мяне вельмі ўразіла, што гэтыя людзі жывуць больш цікавым і паўнавартасным жыцьцём, чым некаторыя здаровыя. І такіх лёсаў — тысячы».
Каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасьцю, адзін з герояў кнігі Сяргей Драздоўскі праблемы гэтых людзей ведае, як ніхто іншы. Ён сам інвалід-вазочнік:
«Гераізм людзей з інваліднасьцю — гэта вымушаны гераізм, гэта ня тое, за што трэба паважаць гэтых людзей. Іх трэба паважаць толькі за тое, што яны — людзі. А той гераізм, які мы бачым паўсюль — менавіта вымушаны, з-за таго, што вакол — праблемы, якія вымушаныя пераадольваць людзі з інваліднасьцю. Гэта і адносіны ў грамадзтве. Я перакананы, што наша грамадзтва не талерантнае да інвалідаў. І ня ведае, і ня хоча ведаць пра інвалідаў, таму фармуе і дыскрымінацыю, і сэгрэгацыю».
Грамадзкая актывістка Ірына Жыхар 18 гадоў змагаецца зь цяжкім анкалягічным захворваньнем. І дапамагае іншым пераадолець невылечную, здавалася б, хваробу. Бо ў Беларусі больш за 250 тысяч чалавек знаходзіцца на ўліку ў анкалягічных дыспансэрах:
«Пераадоленьне сапраўды кожны дзень адбываецца. Адразу ж пасьля траўмы, адразу ж пасьля хваробы ў цябе адзін этап пераадоленьня. Ты вучысься жыць з сабой новай і выбудоўваеш новыя адносіны з блізкімі людзьмі, якіх ты даўно ведаеш. Потым ты змагаесься зь нейкімі стэрэатыпамі…».
Уладзімер Патапенка сеў у інвалідны вазок у 28 гадоў. Цяпер яму 62. У яго сям’я, трое дзяцей. Вокладка новай кнігі — чырвоная, а назоў «Пераадоленьне» — чорны. Спадар Патапенка распавёў пра такія свае асацыяцыі:
«Для мяне чырвоны — гэта колер жыцьця. Такое непераадольнае жаданьне жыць. А чорны — гэта тыя сапраўдныя праблемы, пераадоленьні, якімі насычана жыцьцё герояў гэтай кнігі. Жыцьцё чалавека з інваліднасьцю — гэта суцэльнае пераадоленьне. Спачатку чалавек змагаецца з хваробай, потым ён пераадольвае тое сацыяльнае асяродзьдзе, у якое трапіў з-за інваліднасьці. Некаторыя не вытрымліваюць…»
Усіх герояў кнігі Аляксандра Тамковіча «Пераадоленьне» аб’ядноўвае адно — гэта прага да жыцьця, жаданьне быць карысным людзям.
Ірына Жыхар распачала праект для анкалягічны хворых «Ні дня дарэмна»:
«Калі чалавек трапляе ў сытуацыю, калі ў яго няма выбару — вось адкуль зьяўляецца жаданьне жыць, я ня ведаю. Але гэта такое важнае пачуцьцё — калі ты пачынаеш змагацца за жыцьцё і разумееш, навошта ты гэта робіш. І я дзякую Богу, што ён мне гэтую прагу да жыцьця даў».
На прэзэнтацыі былі прадэманстраваныя і ролікі сацыяльнай рэклямы, аўтар якіх — інвалід Аляксей Сушанкоў са Сьветлагорску.