Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі: увесьці прасьцей, чым прыбраць


Выглядае, што санкцыі робяцца асноўнай мовай адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. У сувязі з гэтым паўстае адна камунікацыйная (чытай — мэдыйная) праблема. Нягледзячы на тое, што санкцыі зрабіліся адным з адметных чыньнікаў беларускай палітычнай паўсядзённасьці, палітыкаў, якія адназначна «аднесьліся» да іх, можна пералічыць па пальцах на адной руцэ. Зразумела, што аб санкцыях думае Станіслаў Шушкевіч. Аднак што з астатнімі? Яны «за» ці «супраць»? Якая пазыцыя зьяўляецца больш «выгоднай» з пункту гледжаньня рэйтынгу, папулярнасьці сярод грамадзян? Хіба заклік да санкцыяў? Ці наадварот — спроба іх заблякаваць?

Зараз у лепшым выпадку большасьць публічных дзеячаў Беларусі мае пазыцыю кшталту: «санкцыі патрэбныя, аднак гэта павінны быць усёабдымныя санкцыі, кшталту спыненьня імпарту. На такія санкцыі Эўропа ніколі ня пойдзе, таму я супраць санкцыяў».

Разважаючы пра айчынныя палітычныя праблемы, ніколі ня варта забываць пра тое, што ня з нас сьвет пачаўся і што ў сьвеце не адны мы такія. У сувязі з гэтым варта нагадаць, як рэагавала (публічна ды не публічна) на санкцыі апазыцыя іншых краінаў, да якой Эўразьвязам ды Злучанымі Штатамі санкцыі ўжываліся. Гэты маленькі research можа дапамагчы тым, хто ня вызначыўся. Тэкст дапаможа зразумець наступствы санкцыяў ды заклікаў да санкцыяў. Уладзе гэта дапаможа ясьней прадказаць тактыку паводзінаў апазыцыйных груп ды вызначыцца, урэшце, ці трэба ў адказ на дзеяньні Эўропы «прасаваць» апазыцыйнае поле.

Самы яскравы прыклад працяглых эканамічных санкцыяў — Куба, у дачыненьні да якой амэрыканскія абмежавальныя меры дзейнічалі (ды дзейнічаюць!) шмат дзесяцігодзьдзяў, нягледзячы на пратэсты міжнародных арганізацыяў, у ліку якіх была нават ААН. Аднак у выпадку Кубы прадмету дасьледаваньня ў пэўным сэнсе няма: там няма апазыцыі ў традыцыйным выглядзе, хутчэй, паўзадушаныя групоўкі дысыдэнтаў.

Блізкі да нас выпадак — Польшча, эканамічныя санкцыі да якой ЗША ўвялі ў адказ на абвешчанае Ярузэльскім у 1981 годзе ваеннае становішча. Санкцыі дзейнічалі ажно да падзеньня камуністычнага рэжыму. Дык вось, лічыцца, што «Салідарнасьць» была кансалідаваная ва ўхваленьні санкцыяў: так, ва ўсялякім выпадку, пра гэта паведамляюць падручнікі.

Адам Міхнік
Адам Міхнік
​Напрыклад, рэдактар «Газэты выборчай» Адам Міхнік успамінае, што быў за санкцыі ў 1981 годзе, хаця, паводле яго, яны выклікалі неадназначную рэакцыю і некаторымі ўспрымаліся як палітыка здрады радзіме. Па ягоных словах, «Салідарнасьць» упэўнілася ў працаздольнасьці санкцыяў, калі пачалася «адліга» ды «запрацавала новая лёгіка». Аднак дзеяч «Салідарнасьці» Эўгеніюш Смоляр паведаміў «Свабодзе», што быў супраць санкцыяў. У прыватнасьці, пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе ён выступаў у Кангрэсе ЗША і заклікаў ня ўводзіць санкцыі адносна рэжыму Ярузэльскага. Паводле меркаваньня Смоляра, «санкцыі маюць плён тады, калі яны брутальныя, ўсёабдымныя і …кароткатэрміновыя, калі такім чынам можна хутка паставіць рэжым на калені. Калі гэта не атрымліваецца, калі мэта санкцыяў — доўгатэрміновая ізаляцыя, то яны не набліжаюць, а аддаляюць дасягненьне мэтаў, дзеля якіх яны ўводзяцца». Амэрыканцы да Смоляра не прыслухаліся.

Па ўспамінах Квасьнеўскага, ніякай кансалідацыі па пытаньні санкцый сярод дзеячаў «Салідарнасьці» не было, а само пытаньне было «складаным»: «палітычныя санкцыі супраць Ярузэльскага былі падтрыманыя адназначна. Але санкцыі, якія не даюць людзям жыць і працаваць — гэта кепска. Шмат людзей пыталіся: чаму Амэрыка змагаецца з намі, а не зь Ярузэльскім, не з рэжымам»?

Аун Сан Су Чжы
Аун Сан Су Чжы
Іншы цікавы прыклад — Бірма. Санкцыі ЗША былі ўведзеныя ў 1988 годзе, калі да ўлады там прыйшла ваенная хунта. З той пары санкцыі некалькі разоў рабіліся больш жорсткімі, да іх далучаўся Эўразьвяз. Абліччам, тварам бірманскага супраціву дыктатуры ўжо шмат гадоў зьяўляецца выбітны дзеяч, лідэр апазыцыі Аун Сан Су Чжы. Яе партыя перамагла на выбарах 1990 году, аднак хунта не пусьціла яе да ўлады, зьмясьціўшы замест гэтага пад хатні арышт. У 1990 палітык была ўшанаваная Нобэлеўскай прэміяй, але яе ня выпусьцілі з краіны, каб яе атрымаць. Пад хатнім арыштам Аун Сан Су Чжы пражыла амаль 15 гадоў: час ад часу ёй зьмянялі рэжым утрыманьня, зь ёй адбываліся розныя дэтэктыўныя гісторыі — кшталту пакараньня за тое, што да яе прыплыў праз возера Інья нейкі дзіўны амэрыканец, парушыўшы тым самым умовы хатняга арышту і справакаваўшы замену хатняга ўтрыманьня для Аун Сан Су Чжы турэмным зьняволеньнем. Тыя, хто зацікавіцца гэтым дзіўным лёсам, самі ўсё прачытаюць у англамоўным Інтэрнэце. Чытаць ёсьць што: абы каму саліст U2 песьні не прысьвячае.

Дык вось, у 2010 годзе Аун Сан Су Чжы ўрэшце была выпушчаная з турмы. А ў 2011 годзе нават дапушчаная да дадатковых выбараў у парлямэнт, вылучыўшы больш за 40 кандыдатаў ад сваёй партыі. ЗША апынуліся ў складанай сытуацыі: становішча на Бірме зрабілася навідавоку лепшым, аднак скасаваць санкцыі азначала зруйнаваць той чыньнік, які вымушае Бірму рабіцца лепей ( гл., напрыклад, тут). Цікава паводзіла сябе і Сан Су Чжы: нягледзячы на шмат авансаў, якія яна атрымала ад хунты, на допуск у тэлеэфір і г. д., яна працягвала казаць пра тое, што санкцыі дзейнічаюць і здымаць іх зарана. У адказ рэжым вымушаў апазыцыю прасіць прабачэньня ў народу за санкцыі, за здраду народу — карацей, усё, як у нас.

Чаму Аун Сан Су Чжы не заклікала скасаваць санкцыі адразу як была вызваленая? А вы правядзіце 15 гадоў у зьняволеньні, і паглядзім, што будзеце казаць і думаць пра рэжым. У пэўным сэнсе, бірманская хунта сама загнала сябе ў кут, стварыўшы моцнага ды пазнавальнага ворага, асьвечанага Нобэлем — ворага, дамовіцца зь якім немагчыма. Дарэчы, цікава, што ўсё ж здарылася з Сан Су Чжы ды вымусіла прыпыніць кампанію 24 сакавіка, са спасылкай на нізкі ціск ды ваніты: атруцілі? запужалі?

Прынцыпова іншы прыклад мы бачым у Зымбабвэ — краіне, зь якой апошнім часам любяць параўноўваць Беларусь. Прэзыдэнт Робэрт Мугабэ там жывей за ўсіх жывых, санкцыі міжнароднай супольнасьці былі ўведзеныя яшчэ ў 2004 годзе. Аднак з той пары адбылося шмат чаго цікавага.

Морган Цвангіраі
Морган Цвангіраі
У 2009 годзе лідэр асноўнай зымбабвійскай апазыцыйнай сілы, Руху за дэмакратычныя зьмены, Тэндаі Біці, быў запрошаны ва ўрад. У выніку стварэньня Ўраду нацыянальнага яднаньня Біці заняў пасаду міністра фінансаў (злыя языкі кажуць: без усялякіх адукацыйных да таго падстаў). Пачаў хутка «інстытуцыялізавацца» і другі кіраўнік Руху за дэмакратычныя зьмены — Морган Цвангіраі, якога ў 2009 годзе накіравалі на пасаду прызначанага прэм’ер-міністра. У публічнай прасторы стаўленьне гэтых людзей да санкцыяў не артыкулявалася, але ў кулюарах яны пачалі актыўна працаваць на іх скасаваньне. Дарэчы, асноўным «прамоўцам» супраць эўрапейскіх санкцыяў быў незалежны кандыдат у прэзыдэнты Сымба Маконі: пачынаючы з 2008 году, ён актыўна выступаў у заходнім друку, артыкулючы тэзу пра тое, што толькі народ Зымбабвэ, а ня санкцыі, можа дамагчыся дэмакратычных зрухаў.

А Біці і Цвангіраі тым часам займаліся нечым зусім цікавым: сустракаючыся з прадстаўнікамі пасольстваў, яны складалі сьпісы дзяржаўных ды квазідзяржаўных прадпрыемстваў, зь якіх санкцыі трэба было прыбраць. Нічога не нагадвае? Прычым мы пра гэта, можа, ніколі б і не даведаліся, калі б не сэнсацыйныя дадзеныя WikiLeaks. Пра кулюарныя перамовы Біці з мэтай зьмягчэньня санкцыяў можна прачытаць тут. Пра «выкрыцьцё» Цвангіраі, які ў кулюарах заклікаў замежных дыпляматаў абмежаваць санкцыі ў дачыненьні да яго краіны — тут.

Можна не давяраць WikiLeaks, аднак — цікавая акалічнасьць! — у лютым 2011 году Эўразьвяз санкцыі да Зымбабвэ сапраўды зрабіў болей мяккімі.

Прапануем некалькі высноў з апісанага:

1. Усе тыя аргумэнты, якія гучаць зараз у Беларусі ў спрэчках пра эфэктыўнасьць і маральнасьці санкцый — старыя, як сьвет, яны ўжо адбываліся пасьля 1981 году ў Польшчы, пасьля 1988 году ў Бірме, пасьля 2004 году ў Зымбабвэ. Вучыце гісторыю: там можна пабачыць шмат карыснага.

2. Сытуацыя ў Беларусі зараз больш гаротная (з гледжаньня заходніх падыходаў да дэмакратыі), чым нават у Зымбабвэ, дзе лідэраў апазыцыі ўводзяць ва ўрад і робяць такім чынам суадказнымі за шлях краіны.

3. Прыклад Бірмы дэманструе, што ўвесьці санкцыі значна прасьцей, чым іх скасаваць. Бо дэмакратызавацца такія рэжымы не жадаюць, а частковае выкананьне патрабаваньняў (напрыклад, вызваленьне толькі часткі палітвязьняў, ці — вызваленьне, аднак без рэабілітацыі), не стварае дастатковых маральных падстаў для «ўхваленьныя» краіны поўным зьняцьцем санкцыяў. Гэта пастка: заўсёды будзе паўставаць пытаньне: а ці час зараз? Ці не пачакаць, пакуль яны яшчэ выбары ня зробяць цалкам празрыстымі? Такім чынам, Захаду бывае прасьцей дачакацца зьнікненьня праблемы, як тое было ў Польшчы, чым станоўча ацаніць слушныя крокі «праблемы».

4. Чым болей лагодна паводзіць сябе рэжым з дэмакратычнай апазыцыяй, тым большая верагоднасьць частковага скасаваньня санкцыяў па хадайніцтве самой апазыцыі. Аптымальная (для ўраду) сытуацыя, калі апазыцыя — як тое было ў Зымбабвэ — пачынае адчуваць суадказнасьць за краіну, за яе лёс і эканамічнае становішча. А дамагчыся гэтага можна шляхам допуску і нават прызначэньня апазыцыі ва ўрад, стварэньнем «каардынацыйных» радаў, перамовамі зь незалежнымі палітыкамі. «Прасаваньне», рэпрэсіі і таму падобнае прыводзяць да адваротнага эфэкту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG