Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбол Яўген Контуш апраўданы

абноўлена

Яўген Контуш
Яўген Контуш

23 сакавіка судзьдзя Савецкага раёну Дзьмітрый Паўлючэнка спыніў справу з фармулёўкай «за адсутнасьцю ў дзеяньнях Яўгена Контуша складу адміністратыўнага правапарушэньня».

Адзін зь лідэраў беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш адседзеў за ўдзел у акцыі амаль трое сутак, але быў цалкам апраўданы. Гэта адзін з рэдкіх выпадкаў у беларускай судовай практыцы, калі сьведчаньні міліцыянтаў судзьдзя не палічыў пераканаўчымі і праўдзівымі і спыніў справу.

Аднаго зь лідэраў беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгена Контуша абвінавачвалі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 16 сакавіка каля амбасады КНР у Менску. 5 чалавек пратэставалі тады супраць кітайскай экспансіі ў Беларусі. Яны выйшлі з расьцяжкай, дзе надпіс «Made in China» быў перакрэсьлены, раскідалі ўлёткі, у якіх заклікалі спыніць крэдытаваньне Беларусі, спыніць высечку парку імя 40-годзьдзя Кастрычніка, спыніць будаўніцтва індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне. Ахоўнік кітайскай амбасады затрымаў Яўгена Контуша, які фатаграфаваў акцыю. Ён выклікаў АМАП і нарад з Савецкага РУУС. Паколькі быў вечар пятніцы, Контуша да панядзелка зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. 19 сакавіка пасьля першага судовага разгляду Контуша адпусьцілі, а пратакол накіравалі на дапрацоўку.

23 сакавіка судзьдзя Дзьмітрый Паўлючэнка прызнаў, што і доказы былі атрыманыя з парушэньнямі, і спыніў справу. Абаронца Контуша, адвакат Яна Дуброўская-Шахновіч распавяла:

«Падчас судовага паседжаньня судзьдзя зафіксаваў цэлы шэраг парушэньняў, якія былі зробленыя супрацоўнікамі Савецкага РУУС. У пратаколе былі пазначаныя сьведкі, якія не былі дапытаныя, і наадварот, не былі дапытаныя сапраўдныя сьведкі. У сукупнасьці гэтыя абставіны даюць суду падставы для спыненьня вытворчасьці па адміністрацыйным правапарушэньні».

Пастанова судзьдзі Паўлючэнкі сталася нечаканай для Яўгена Контуша. Агулам за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях ён адседзеў ужо 89 сутак:
Дзіўна, але ёсьць яшчэ прасьветы ў нашай судовай сыстэме.

«Гэта першая перамога. Апраўдалі і прызналі, што пратакол складзены з парушэньнямі. Няма складу злачынства. Я невінаваты. Дзіўна, але ёсьць яшчэ прасьветы ў нашай судовай сыстэме. Хоць на суд сагналі 5 альбо 6 супрацоўнікаў міліцыі, яны былі перакананыя, што ўсё правільна зрабілі, і ўжо былі гатовыя везьці мяне назад у Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. Трэба было бачыць іх твары! Але ўсё завяршылася добра для мяне».

Карэспандэнтка: «А тое, што амаль трое сутак адседзеў?»

«Безумоўна, трэба пісаць скаргу. І дамагацца, каб вінаватыя панесьлі пакараньне і на будучыню такога не зьдзяйсьнялі».

Міліцыянт Аляксандар Шымчэня, які затрымаў Контуша, у той дзень першы раз нёс службу каля кітайскай амбасады. Ён распавёў, што спачатку ўбачыў удзельнікаў акцыі на маніторы з камэраў відэаназіраньня і пабег іх затрымліваць. А калі абарона Контуша прасіла далучыць да справы відэазапіс з камэраў назіраньня, каб пераканацца, хто трымаў плякаты і раскідваў улёткі, прыйшоў адказ, што камэры відэаназіраньня ў той час нібыта не працавалі. У пратаколе таксама было шмат нестыковак, складзены ён быў са шматлікімі парушэньнямі. Судзьдзя Паўлючэнка ўсё гэта адзначыў у пастанове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG