Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генсэк Рады Эўропы прапануе «падключыць Маскву»


Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб'ёрн Ягланд прапануе замест санкцыяў «падключыць Расею» да дзеяньняў эўрапейскай супольнасьці адносна Беларусі.

Гэтую ініцыятыву ён агучыў 22 сакавіка ў Осла, дзе праходзіць міжнародная канфэрэнцыя па сытуацыі ў Беларусі.

Жывую відэатрансьляцыю канфэрэнцыі вядзе сайт Нарвэскага Хэльсынскага камітэту.

На думку Ягланда, Эўропа «ніколі ня зможа прымусіць Лукашэнку рэфармавацца і сысьці ад улады самастойна». «Мы маем дачыненьне з клясычным дыктатарам. Усе дыктатары маюць галоўны прыярытэт – выжываньне. Кожную раніцу яны думаюць толькі пра тое, як застацца ва ўладзе. Мы ніколі ня зможам прымусіць Лукашэнку рэфармавацца і сысьці ад улады самастойна. Эўропа і міжнародная супольнасьць спрабавалі ўжываць розныя стратэгіі ў дачыненьні да Менску, але нічога не дапамагала з-за гэтага прынцыпу выжывальнасьці», – заявіў генэральны сакратар Рады Эўропы.

Ён лічыць, што неабходна дакладна «ўсьведамляць гістарычнае мінулае, якое было ў Беларусі, і імкнуцца да сумеснай міжнароднай стратэгіі, уключаючы ўдзел Расеі ў сумесных намаганьнях».

«Лукашэнка карыстаецца адносінамі паміж Захадам і Ўсходам. Адзін год ён гуляе ў камандзе Эўропы, на наступны год пераходзіць у каманду Расеі, спрабуючы атрымаць для сябе максымальную выгаду. І Эўропа не дамаглася нічога, і ў міжнароднай супольнасьці не было адзінай пазыцыі», – канстатаваў Ягланд.

Генэральны сакратар ня верыць у выніковасьць эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, якія плянуе 23 сакавіка ўвесьці Эўразьвяз.

«Гэта будзе мець адмоўныя наступствы для насельніцтва і адштурхне беларусаў ад Эўропы. Беларусь вельмі цесна зьвязаная з Расеяй, і мы ня зможам прымусіць Расею ўжыць санкцыі ў адносінах да Менску», – мяркуе Ягланд, на думку якога «Лукашэнка таксама надакучае кіраўніцтву Расеі».

Надакучыў ён і ўласнаму народу, заявіў генэральны сакратар Рады Эўропы. «Мы павінны інтэнсыфікаваць падтрымку грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і праз суседнія дзяржавы. Мы не павінны забываць на ролю царквы ў Беларусі – гэта вельмі моцны фактар і яго трэба прымаць пад ўвагу», – перакананы Ягланд.

23 сакавіка Турб'ёрн Ягланд наведае Маскву для ўдзелу ў навукова-практычнай канфэрэнцыі Расейскай Рады ў міжнародных справах.

У рамках канфэрэнцыі плянуецца двухбаковая сустрэча Ягланда з прэзыдэнтам РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым, падчас якой, паводле інфармаваных крыніц, будзе абмяркоўвацца ў тым ліку сытуацыя ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG