Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Капцюх, бацька загінулага ў тэракце: «Калі яны не вінаватыя, хай бы сказалі»


Кветкі ля Кастрычніцкай станцы мэтро пасьля тэракту.
Кветкі ля Кастрычніцкай станцы мэтро пасьля тэракту.

Васіль Капцюх у тэракце 11 красавіка 2011 году страціў сына Рамана, якому быў усяго 21 год.

Як Васіль Капцюх паставіўся да прысуду па справе аб тэракце і ці задаволіла яго тое, што днямі прысуд быў выкананы?

Васіль Капцюх: «Для мяне гэта вельмі балючая тэма, але, напэўна, нічога не бывае без прычын. З аднаго боку, хочацца сказаць словы „Не судзіце, каб і вас не судзілі“, але ў той жа час... Было расьсьледаваньне, прайшоў суд, былі рэальныя доказы, факты, довады. І сказаць, што не вінаватыя гэтыя людзі, якім выставілі гэты прысуд, я не магу. Я быў на судзе, бачыў факты, бачыў здымкі, як яны несьлі гэтую торбу яшчэ да выбуху... Ня ведаю... Але хачу паўтарыць, што Бог усім судзьдзя і любы чалавек у адказе за свае словы, за свае ўчынкі».

Карэспандэнт: «Калі прагучаў прысуд, вы яму паверылі?»

Васіль Капцюх: «Так. Вось калі б чалавек адмаўляў, ведаючы, што ён нічога дрэннага не рабіў, але былі ж падзеі і папярэднія. Той жа Кавалёў прызнаў, што перадаваў тратыл. І гэта ў судзе даказана. А для яго ж гэта быў пачатак, ён мог бы прадухіліць, ня раз мог бы сказаць, што рыхтуецца тэракт. Што да Канавалава, той увогуле маўчаў, не пярэчыў. І калі ўжо ў судзе прысуд агаласілі, немагчыма было сказаць, што там нейкія яўныя супярэчнасьці. Таму яны сядзелі ціхенька і слухалі. Калі не вінаваты, можна ж было сказаць, рот ніхто не закрываў. Сказаць: „Я не вінаваты, за што мяне гэтак?“, так? Але ніхто ня чуў гэтых словаў».

Карэспандэнт: «Кавалёў не прызнаў сябе вінаватым у тэракце і ў апошнім слове. Але яшчэ пытаньне: пасьля таго мінула 3 месяцы, прысуд выкананы. Ваша меркаваньне адносна прысуду не зьмянілася ці зьмянілася?»

Васіль Капцюх: «Адносна сьмяротнага пакараньня я заўсёды быў супраць і застаўся на гэтай пазыцыі. Не лічу, што гэта дакладнае выйсьце. Той жа Канавалаў, мяркую, хацеў бы, каб гэта ўсё для яго хутчэй скончылася. Таму я быў бы за тое, каб ён усё сваё далейшае жыцьцё думаў пра тое, што зрабіў. Сам бацька, я адчуў, што значыць страціць дзіця, таму я не прыхільнік сьмяротнай кары ў любым выпадку. Час ідзе. Нядаўна быў дзень народзінаў сына, прыйшлі ягоныя сябры, але я ж адчуваю, што ўсё, гэта ўсё. І ўяўляю, што такое для маці гэтых асуджаных такі вынік. Бо ўсе дзеці нараджаюцца добрымі, няма ніякіх злых думак у іх, гэта ўсё недахопы выхаваньня. Няма такога, каб чалавек нарадзіўся забойцам. І натуральна, што любы бацька будзе думаць пра сваё дзіця, што тое не магло гэта зрабіць. Бо ня можа гэтак чалавек рабіць, гэтак не павінна быць. А ўсё астатняе — гэта недахопы грамадзтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG