Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва і абсурд


Мішэль дэ Мантэнь у сваіх знакамітых «Essais» апісвае адзін варты ўвагі эпізод з крывавых боек Сярэднявечча. Нейкі фэадал ці князь (імя і краіны ўжо не згадаю, а кніжкі Мантэня пад рукою ня маю) аблажыў горад-крэпасьць свайго заклятага ворага. Тыя, што абкладалі, мелі настолькі відавочную перавагу, што абаронцаў чакала немінучая сьмерць. Але князь вырашыў праявіць велікадушнасьць і заявіў, што выража толькі асобаў мужчынскага полу, а жанчыны могуць выйсьці з крэпасьці і ісьці куды вочы глядзяць. Што больш, князь паабяцаў, што жанчыны могуць забраць з сабою столькі пажыткаў, колькі здолеюць вынесьці на сваіх плячах. Замест рэчаў, жанчыны ўзялі на плечы ўсіх дзяцей і мужчын (немаўлят, падлеткаў і дарослых) і вынесьлі з гораду. Спадзяваньне было, так бы мовіць, на прыхільную «філялягічную інтэрпрэтацыю» свайго абяцаньня князям. То бок, ці можа ён залічыць мужчын да жаночых «пажыткаў»? Князь здолеў ацаніць кемнасьць і выносьлівасьць жанчын з тае крэпасьці і пусьціў усіх абаронцаў жывымі.

Гэтая гісторыя, якая дзякуючы Мантэню засталася нам у агульнай гістарычна-культурнай спадчыне Эўропы, прыгадалася мне якраз цяпер, калі я прачытаў артыкул Сяргея Сацука ў выданьні «Ежедневник», у якім аўтар папракае маці Ўладзіслава Кавалёва за тое, што яна не прасіла пакорліва памілаваньня для сына ў прэзыдэнта, а паслухалася праваабаронцаў і стала «патрабаваць» гэтага памілаваньня, робячы з крымінальнай справы палітычную. Сяргей Сацук цьвердзіць, што шанцы на памілаваньне былі, але маці іх змарнавала, паслухаўшы людзей, галоўная мэта якіх — насаліць як мага мацней ненавіснаму рэжыму.

Я ў асноўным пагаджаюся з Вольгай Карач, якая ў эмацыйным адказе на згаданы тэкст Сяргея Сацука напісала, што журналісту нельга кідаць на адрас маці, якая змагалася за жыцьцё сына з усіх сілаў і прайграла, жорсткага абвінавачаньня, што яна выбрала «няправільную стратэгію». Гэта немаральнае абвінавачаньне, і яно было б такім нават у тым выпадку, калі б Сяргей Сацук асабіста гаварыў з Аляксандрам Лукашэнкам і атрымаў ад яго запэўніваньне, што прэзыдэнт памілуе Кавалёва, калі толькі яго ня будуць «нахіляць».

Як я разумею, журналіст з Лукашэнкам не гаварыў, а таму ягонае сьцьвярджэньне, што шанцы на памілаваньне Кавалёва былі — ня болей чым дапушчэньне, здагадка.

Усе мы вымушаны абапірацца ў такіх справах, як прэзыдэнцкія рашэньні аб памілаваньні, на здагадкі. Але і ўсе мы павінны таксама браць пад увагу вынікі гэтых рашэньняў. Вось былы выканаўца сьмяротных прысудаў у Беларусі Алег Алкаеў кажа, што сярод некалькіх сотняў расстрэлаў за часы прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі здарылася ўсяго адно памілаваньне (асуджанаму, які нанёс цялесныя пашкоджаньні ахвяры, у выніку якіх яна памерла). А тут мы маем дачыненьне з выпадкам, калі ў тэракце загінулі 15 чалавек, а дзясяткі засталіся пакалечанымі. Суд ня меў сумневаў, што да віны падсудных. Затое ўсе мы мелі сумневы, што да аб’ектыўнасьці разгляду справы Канавалава і Кавалёва. У гэтай справе ня ўсё засталося раскрытым, не на ўсё пытаньні былі дадзены адказы, і шмат што, няведамае нам, будзе назаўжды пахаванае зь целамі Канавалава і Кавалёва. І шмат хто лічыць, што расстрэл якраз мае пакласьці канец усім гэтым сумневам.

То бок, шанцаў на памілаваньне Канавалава і Кавалёва, калі падысьці да гэтай справы «чыста матэматычна», не было амаль ніякіх.

Але «матэматычныя шанцы» — гэта адна справа, а чалавечая надзея — зусім іншая. Таму і змаганьне супраць гэтай нечалавечай «матэматыкі» мае сэнс для жывых. Маці Кавалёва зрабіла ўсё правільна. Яна, можна сказаць, зрабіла значна больш, чым іншыя маці асуджаных на сьмерць. Яна кінула выклік сыстэме, якая не вагаецца вырашаць свае сумненьні сьмерцю. Яна кінула выклік сыстэме, у якой няма ясна вызначанага кодэксу, ні маральнага, ні крымінальнага.

Алег Алкаеў кажа, што калі нельга перамагчы дыктатуру, трэба жыць паводле яе законаў. Больш-менш такая выснова вынікае і з артыкулу Сяргея Сацука.

Гэта памылковая выснова. Паводле законаў дыктатуры чалавека жыць ПРЫМУШАЮЦЬ. ТРЭБА жыць — паводле іншых законаў. Гэтых дзьвюх рэчаў нельга блытаць.

Згаданыя Мантэнем сярэднявечныя жанчыны ня кінулі сваіх мужчын на сьмерць у горадзе-крэпасьці, а змагаліся за іхняе памілаваньне да канца, рызыкуючы, што раззлаваны князь можа перадумаць і пусьціць пад меч усіх, і мужчын, і жанчын. Яны выйгралі, бо тады ўсё ж існаваў нейкі кодэкс, на які можна было паспадзявацца — калі ня рыцарскі, дык маральны. Князь усё ж нешта паабяцаў. А значыць, быў шанец на памілаваньне.

У сытуацыі з Канавалавым і Кавалёвым ніхто нікому нічога не абяцаў. І насамрэч ніякіх кодэксаў ці правілаў тут не існуе. Жыцьцё або сьмерць залежаць не ад «стратэгіі» змаганьня, а ад нечага іншага, не зусім зразумелага. Альбэр Камю ў свой час называў гэтае незразумелае абсурдам. Але гэта ня значыць, што змаганьне Любові Кавалёвай за жыцьцё сына ня мела сэнсу, нават калі яно з самага пачатку было асуджанае на паразу. Паводле Камю, сэнс усяму надае змаганьне з абсурдам, а не яго вынік. Бо вынік наогул вядомы і несуцяшальны. А цуды, — як гэты, апісаны Мантэнем — здараюцца вельмі рэдка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG