Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: эфэкт ад дэвальвацыі вычарпаны

абноўлена

Аляксандар Гур'янаў
Аляксандар Гур'янаў

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур’янаў паведаміў, што летась адмоўнае сальда зьнешняга гандлю склала 1,64 мільярда даляраў. А сёлета беларускі ўрад спадзяецца выйсьці на паўтара мільярда даляраў дадатнага сальда, але апасаецца эўрапейскіх санкцыяў.

У Нацыянальнай праграме разьвіцьця экспарту на 2011 год урад прагназаваў адмоўнае сальда ў памеры 5,7 мільярда даляраў. У крызісны 2011 год гэты паказчык удалося істотна палепшыць. Прычын было некалькі. Дэвальвацыяй валюты скарысталіся экспартэры тавараў, павялічыўся экспарт паслуг, а імпарт урад стараўся абмяжоўваць.

Ключавым стала падваеньне экспарту энэргетычных тавараў. У прыватнасьці, Беларусь павялічыла экспарт нафты і нафтапрадуктаў на 7,2 мільярда даляраў.

Сёлета ўрад спадзяецца ўпершыню за шмат гадоў выйсьці на дадатнае сальда ў зьнешнім гандлі, якое мае дасягнуць паўтара мільярда даляраў. У 2012 годзе ўлады Беларусі спадзяюцца дамагчыся росту экспарту на 112%. Умовы, у якіх давядзецца вырашаць гэтыя задачы, намесьнік міністра назваў няпростымі:

«Той эфэкт, які мы атрымалі ад дэвальвацыі нацыянальнай валюты, на сёньня вычарпаны, экспартэры працуюць ва ўмовах стабілізацыі на валютным рынку. Другі момант — гэта тое, што нам даволі актыўна давядзецца працаваць над пашырэньнем нашага экспартнага патэнцыялу».

Разам з тым настрой беларускім урадоўцам паляпшаюць ільготныя ўмовы пастаўкі ў Беларусь расейскіх энэрганосьбітаў:

«Сёлета мы будзем мець больш спрыяльныя цэны на газ. Адпаведна, нашыя расходы на пастаўкі энэргетычнага складніка зьнізяцца. Сёлета ў нас выпрацаваныя больш спрыяльныя ўмовы паставак нафты з Расеі».

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы лічыць выхад на дадатнае сальда ў замежным гандлі Беларусі цалкам рэальнай задачай — пасьля таго, як урад вярнуўся да рынкавых мэтадаў вызначэньня курсу нацыянальнай валюты:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Менавіта адмова ад фіксаванага кіраванага курсу на карысьць рынкавага плаваючага — гэта асноўны мэханізм. Калі сюды яшчэ дадаць энэргетычны грант, які мы атрымалі з гэтага году і які ацэньваецца каля 3 мільярдаў даляраў, то тады дадатнае сальда і атрымаецца».

У гэтых умовах беларускія ўлады непакоіць магчымасьць увядзеньня супраць Менску эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу, — зазначыў спадар Гур’янаў:

«У першую чаргу мы разьлічваем на тое, што пры разглядзе сытуацыі Эўрапейскі Зьвяз будзе ўлічваць інтарэсы бізнэсу. За мінулы год таваразварот Беларусі з краінамі Эўразьвязу склаў 25 мільярдаў даляраў. Пры гэтым зь пераважнай доляй беларускага экспарту. Доля Эўрапейскага Зьвязу ў беларускім экспарце ў параўнаньні з 2010 годам вырасла з 30 да 39 працэнтаў».

Аляксандар Гур’янаў заявіў, што беларускі бок са шкадаваньнем успрыме любыя эканамічныя абмежаваньні з эўрапейскага боку:

«У выніку пацерпяць інтарэсы канкрэтных бізнэсоўцаў ня толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і ў краінах Эўрапейскага зьвязу. Таму мы выступаем за тое, каб эканамічны рычаг не перасякаўся з захадамі, якія прымаюцца на палітычным узроўні».

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што эканамічныя санкцыі Брусэлю могуць істотна паўплываць на эканоміку Беларусі, калі Эўразьвяз адмовіцца купляць беларускія нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай сыравіны:

«Калі Эўропа ўдарыць па гэтых пазыцыях, то ўсе гэтыя пляны беларускага ўраду могуць застацца нявыкананымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG