Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Haaretz: Ізраілю варта прызнаць існаваньне Саньнікава


У вядучай ізраільскай газэце Haaretz зьявіўся артыкул --> http://www. haaretz. com/print-edition/opinion/israel-s-man-in-minsk-should-start-reading-the-paper-1.417461 з крытыкай замежнай палітыкі Ізраілю. Інфармацыйнай падставай для артыкулу сталася нядаўняя прэсавая канфэрэнцыі новага амбасадара Ізраілю ў Беларусі, Ёсэфа Шагала.

Артыкул напісаў Джэймс Кірчык, былы карэспандэнт нашага радыё. Прапануем вам пераклад фрагмэнту гэтага тэксту:

«Андрэй Саньнікаў зьяўляецца палітычным вязьнем. Гэта, магчыма, прывядзе ў шок шмат каго, хто лічыць, што існаваньне палітычных вязьняў на эўрапейскім кантынэнце скончылася з крахам камунізму ў 1989 годзе. Гэта безумоўна прывяло ў шок Ёсэфа Шагала, былога дэпутата Кнэсэту, які ў мінулым месяцы ўручыў Лукашэнку даверчыя граматы амбасадара Ізраілю ў Беларусі.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску за некалькі дзён да цырымоніі беларускі журналіст спытаў Шагала аб пазыцыі Ізраілю наконт палітвязьняў у Беларусі. «Я ня ведаю. Мне трэба пачытаць газэты, і праз паўгода я адкажу на ваша пытаньне», — адказаў ён з сарказмам. Потым дадаў, з выклікам для журналістаў: «Я сам журналіст і ведаю, як пішуцца артыкулы. Вы калі-небудзь былі ў лягерах для палітычных зьняволеных?» Падчас цырымоніі, на якой Лукашэнка вітаў Шагала ў якасьці амбасадара Ізраілю, дыктатар сказаў яму: «Я гатовы падтрымаць практычна ўсё, што вы сказалі».

Лукашэнка і Шагал маюць рацыю прынамсі ў адным: ізраільцянін у Менску сапраўды павінен «чытаць газэты». Зьедлівая прапанова Шагала журналістам, каб яны наведалі турмы, у якіх нібыта трымаюць палітычных вязьняў — з намёкам, што яны нават не існуюць — было сустрэта эмацыйным адказам Ірыны Халіп, якая спытала, якая была б рэакцыя на падобную заяву для прыкладу амбасадара Нямеччыны ў Ізраілі, калі б ён паставіў пад сумнеў Галакост. Калі прыплюшчыць вочы на параўнаньне зь гітлерызмам, гнеў Халіп тут апраўданы і зразумелы.

Для свайго падхалімства Шагал ня мог выбраць горшага часу. Толькі на мінулым тыдні 27 краінаў-сябраў Эўразьвязу адклікалі сваіх амбасадараў зь Менску на знак салідарнасьці з Польшчай, чый амбасадар быў высланы зь Беларусі ў адказ на падтрымку яго краінай дэмакратычных сілаў (выгнаньне заходніх амбасадараў зьяўляецца шматгадовай тактыкай Лукашэнкі: амбасадара ЗША ў Менску няма з 2008 году). Ці Ізраіль, які шукае падтрымкі ў Эўропе для ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць Ірану, не павінен узамен падтрымліваць эўрапейскіх саюзьнікаў?

На жаль, заўвага Шагала — ня проста дурнаватае выказваньне аднаго з дыпляматаў, яно супадае з палітыкай яго шэфа, міністра замежных справаў Авігдора Лібэрмана. Экс-выкідала начнога клюбу ў Малдове знайшоў агульную мову з аўтарытарнымі лідэрамі на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. У сьнежні летась падчас візыту ў Маскву, адразу пасьля несумленных парлямэнцкіх выбараў, Лібэрман пахваліў іх, назваўшы выбары свабоднымі і справядлівымі.

Зразумела, што Ізраіль — маленькая краіна, якая знаходзіцца ў складаным рэгіёне. Было б неразумна чакаць, што яе зьнешняя палітыка заўсёды будзе чыстай і маральнай, як у Швэцыі або Нарвэгіі, якія заўсёды (прынамсі ў сваім адчуваньні) абараняюць правы чалавека, нават калі гэта супярэчыць іх эканамічным або стратэгічным інтарэсам. Але Шагал мог бы адказаць на пытаньне, скажам, больш дыпляматычна, такім чынам, каб не паўтараць прапаганды беларускага рэжыму. (...)

Ізраільцяне часта скардзяцца, і слушна, што сьвет не спачувае ім і не падтрымлівае іх у патрэбе. Але, магчыма, перш чым чарговы раз асудзіць штораз большую ізаляцыю сваёй краіны, Міністэрству замежных справаў Ізраілю варта было б перагледзець сваю афіцыйную пазыцыю, якая заключаецца ў тым, што Андрэя Саньнікава не існуе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG