Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі прэміі Гедройца для многіх сталі нечаканымі


Артур Клінаў
Артур Клінаў

Пісьменьнікі камэнтуюць вынікі прэміі імя Ежы Гедройца.

Артур Клінаў: «Народ прагаласаваў за «Шалом»


«Вынікі для мяне і чаканыя, і трохі нечаканыя. Я думаў, што першую прэмію дадуць Лукашуку. Я рады за Паўла (рэд. — Касьцюкевіча). Але што тычыцца «Шалому», то я вельмі задаволены тым, што народ прагаласаваў за «Шалом» у інтэрнэце, прычым зь вялікай перавагай. Народ прагаласаваў за «Шалом», а крытыкі — за сёньняшніх намінантаў. Але мой прынцып — пісаць кніжкі для народу, а не для крытыкаў.

На першае месца я не спадзяваўся, бо «Шалом» па пэўных патрабаваньнях паліткарэктнасьці не праходзіў. Адзінае, што мяне цікавіла, другое месца — публікацыя ў Польшчы. Але спачатку была размова, што ў гэтым будзе ўдзельнічаць выдавецтва Czarne, якое мяне б асабіста вельмі цікавіла. Але яно чамусьці ў апошні момант выйшла з гульні. Таму нават калі б я і выйграў гэтае месца, то давялося б адмаўляцца. Бо на сёньня вядуцца перамовы з «Зуркампф» — нямецкім выдавецтвам. І калі ўсё скончыцца пасьпяхова, то правы на кніжку і яе перспэктывы ў Эўропе будуць залежаць ад іх. Наўрад ці б «Зуркампф» пагадзілася б на выданьне кнігі ў Польшчы ў такім трохі «нішавым» выдавецтве».

Раман Артура Клінава «Шалом» увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. Падчас цырымоніі ўручэньня прэміі Артур Клінаў заявіў, што «Шалом» будзе экранізаваны Андрэем Кудзіненкам.


Адам Глёбус: «Я б даў Лукашуку»


Адам Глёбус
Адам Глёбус
Адам Глёбус: «Я заўсёды казаў, што я б даў Лукашуку, проста за дзейнасьць, за творчасьць, за тое, што ён робіць для беларускай літаратуры. Гэта адназначная мая думка, я пра гэта паўсюль пісаў. А тое, што Павал, то мяне гэта вельмі парадавала. Таму што гэта пэрспэктыва, гэта малады чалавек. Я кніжку сам з задавальненьнем прачытаў».


Антон Кашлікаў: «Застаецца стварыць камісію на чале з Чаргінцом»

Журналіст і пісьменьнік Антон Кашлікаў: «Гэтая прэмія паказала, што ў Беларусі ўсё, што ня робіцца, у выніку атрымліваецца „Эўрафэст“ і Алёна Ланская. Нават калі падумаць, што ўсе сябры журы галасавалі шчыра, сумленна і па поклічы сэрца, вельмі бянтэжыць, што перамог менавіта Касьцюкевіч. Бо ўсё ж такі людзі ўзроўню Бахарэвіча, Лукашука, Клінава, напэўна, былі больш вартыя гэтай прэміі.

Таму трэба адразу разумець, што Касьцюкевіч — гэта цяпер твар нашага белліту, раз ён быў уганараваны самай гучнай прэміяй у гісторыі нашай літаратуры. Што далей? Мне здаецца, што далей трэба прэмію Гедройца праводзіць штогод і штогод даваць яе Касцьюкевічу. Гэта будзе вельмі па-беларуску.

Я абсалютна ўпэўнены, што ўсё было шчыра і празрыста. Што Касьцюкевіча выбралі паважаныя Акудовіч, Арлоў і іншыя сябры журы. Я ў гэтым упэўнены, але асадак застаўся нейкі ад гэтай навіны. І мне здаецца, што зараз застаецца стварыць камісію на чале з Чаргінцом і правесьці дадатковае расьсьледаваньне , каб канчаткова паставіць усе кропкі над „і“».


Бураўкін: Як размяркоўвалі месцы ў прэміі, хай тлумачыць журы


Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін камэнтуе вынікі прэміі імя Ежы Гедройца: «Усе тры кандыдаты — людзі таленавітыя. А ўжо тое, як там разьмяркоўвалі гэтыя месцы, хай тлумачыць журы ці як называлася тая група людзей, якая вырашала. А тым, хто перамог, варта задумацца. Асабліва варта задумацца Бахарэвічу. Калі ён адмовіцца ад свайго паплёўваньня на клясыкаў і ад халуйства перад Захадам у адносінах да роднай літаратуры, тады, думаю, ён і першае месца заслужыць».


Барыс Пятровіч: «Не было відавочнага фаварыта»


Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, сябар журы прэміі імя Ежы Гедройца:

«Думаю, што ўсе, хто камэнтуюць вынікі, ужываюць адно слова „нечаканая“. Бо сапраўды не было відавочнага фаварыта. Усе шасьцёра былі дастойныя. Калі назвалі трэцяе месца, пасьля другое, то было адчуваньне, што на першае месца мог прэтэндаваць кожны з тых чатырох, хто застаўся.

Мне падалося, што ў залі не было расчараваных. Усе гэтае рашэньне прынялі як вельмі годнае і вельмі праўдзівае.

Мы распрацавалі сыстэму, якая задавальняла ўсіх. Яна кожнаму дазваляла выказацца спакойна і аб’ектыўна. Таму вялікіх спрэчак не было, калі датычылася першых нумароў. Але калі на месца ў шасьцёрку прэтэндавала два ці тры аўтары, то даводзілася перагаласоўваць. І прымаць вынікі такімі, якімі яны ўрэшце рэшт і ёсьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG