Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар «на хаду» перамовіўся з жыхарамі Сьветлогорску


Сьветлагорск
Сьветлагорск

28 лютага ў фае Сьветлагорскага райвыканкаму адбылася кароткая сустрэча міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ўладзімера Цалкі з прадстаўнікамі грамадзкасьці. Размова «на хаду» тычылася плянаванага ў горадзе будаўніцтва завода беленай цэлюлёзы. Больш часу ў міністра не знайшлося.

Мясцовым жыхарам наогул не паведамлялася наконт прыезду ў горад міністра Ўладзімера Цалкі й старшыні канцэрну «Беллеспаперапрам» Уладзімера Шульгі. Аднак інфармацыя дайшла да чальцоў ініцыятыўнай групы, і яны засьпелі адказных асобаў у райвыканкаме.

Каардынатар ініцыятыўнай групы Тэльман Масьлюкоў: «Мы зьвярнулі ўвагу міністра й старшыні канцэрну на тое, што гараджане катэгарычна супраць разьмяшчэньня новага хімічнага прадпрыемства ў Сьветлагорску. У горадзе з насельніцтвам 69 тысяч жыхароў такі завод будзе чацьвёртым прадпрыемствам, што забруджвае навакольнае асяродзьдзе. Свой пратэст супраць будаўніцтва сьветлагорцы выказалі на гарадзкім сходзе — ён ладзіўся 23 студзеня. Тое самае заявілі на сходзе й жыхары вёскі Якімава Слабада, побач зь якой плянуюць паставіць завод».

Міністр Цалка патлумачыў гараджанам, што мэта ягонага прыезду ў Сьветлагорск — выбар пляцоўкі для заводу беленай цэлюлёзы, якая пакуль канчаткова ня вызначана. Будуць нібыта прапанаваны й альтэрнатыўныя варыянты размяшчэння новага заводу. Па словах міністра, праект будоўлі яшчэ не падрыхтаваны.

Уладзімер Цалка заявіў таксама, што ня лічыць, што мясцовае насельніцтва адназначна супраць заводу. У яго нібыта ёсць звароты ў падтрымку будаўніцтва.

У сваю чаргу старшыня «Беллеспаперпраму» лічыць, што завод беленай цэлюлёзы трэба будаваць менавіта ў Сьветлагорску. Наяўны ў горадзе цэлюлёзна-кардонны камбінат выпрацаваў свае магчымасці і бяз новай вытворчасьці развіцьцё яго нібыта спыніцца.

Ініцыятыўная група мае неафіцыйную інфармацыю пра тое, што напярэдадні прыеду ў горад адказных чыноўнікаў у мясцовым камбінаце бытавога абслугоўваньня ладзіўся сход працоўнага калектыву, на якім была выказана «аднадушная падтрымка» будаўніцтву новага прадпрыемства хімічнай прамысловасьці. Відаць па ўсім, такія «звароты» і меў на ўвазе міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG