Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая перамога. Ды апошняя?


Ніколі дагэтуль дзяржава не пераглядала элегантныя перамогі, пра якія нам паведамлялі па тэлевізары. Ніколі. Выпадак з групай «Лайтсаўнд» — першы ў гісторыі. Кажуць, перагледзелі з-за таго, што выпадак непрынцыповы. Што гэта не прэзыдэнцкія выбары. Але калі правесьці на раёне відэа-апытанку ды пацікавіцца ў людзей, якія выбары больш важныя: выбары прэзыдэнта Беларусі ці выбары кандыдата ад Беларусі на Eurovision, здаецца, большасьць заявіць пра другое. Бо з прэзыдэнцкімі выбарамі і так усё ясна. А тут ёсьць інтрыга ды цікавасьць. Такім чынам, рашэньне, прынятае па Ланскай, заўважыла ўся краіна. І уся краіна прыйшла да пэўных высноваў.

Падрыў аўтарытэту

Галасы падлічылі. Па галасах перамагала група «Лайтсаўнд». З адрывам у 2 тысячы (sic!). Гэта ведала шмат людзей, якія сачылі за працэсам. Аднак потым прыйшоў нейкі чалавек і загадаў абвяшчаць іншыя вынікі. І вось у эфіры выйшлі іншыя вынікі. Менавіта такая карціна паўстае па выніках нарады, якую не пасаромеліся трансьляваць на ўсю краіну. І адразу ўзьнікае шмат пытаньняў. А чаму, калі вынікі былі іншыя, перадалі аб перамозе Ланскай? Чаму ніхто не запярэчыў? Для супрацоўнікаў гэта настолькі натуральна? Гэта ж фальсыфікацыя, падман! І ведае пра гэты падман не адзін чалавек і ня два — цэлая грамада! І усе сядзелі моўчкі? Як цяпер адчувае сябе насельніцтва? Калі іх ня толькі падманулі, аднак рапартавалі аб тым, што падманулі? І падманвалі па тэлебачаньні, і дэзавуявалі — там, на ТБ. Дык чаму цяпер верыць? Тут нават прагноз надвор’я пабачыш, будзеш сумнявацца!

Фальсыфікаваць небясьпечна

На нарадзе Лукашэнка сказаў: «Вынікі фіналу конкурсу аказаліся падтасаванымі. Ня ведаю, навошта і чаму. Гэта мы высьветлім, калі ня тут, дык у межах крымінальнай справы. Прабачэньня нікому ня будзе». Гэта азначае, што ўжо распачатая ці яшчэ будзе распачатая паўнавартасная крымінальная справа аб тым, чаму не абвясьцілі пераможцамі групу «Лайтсаўнд». Ніколі ў Беларусі не распачыналі крымінальных спраў у дачыненьні да тых асобаў, якіх Сеціва ці грамадзтва папракала ў фальсыфікацыях. Гэта гарантавала тое, што ўсе людзі, да якіх нехта будзе зьвяртацца з прапановамі агучваньня цікавых лічбаў, ня будуць сумнявацца ў тым, ці бясьпечна тое. Цяпер — нават калі крымінальнай справы заведзена ня будзе, патэнцыйным «падтасоўшчыкам» пададзены прыклад. Усе пабачылі, чым можа канчацца падман. Дык ці варта пагаджацца на агучваньне іншых лічбаў у іншых, «менш музычных», месцах? Ці ня скончыцца гэта крымінальнай справай? Ці тэлевізійным цкаваньнем? Дагэтуль тыя, хто выконваў загад, ды тыя, хто загады давалі, былі як быццам на адным баку. Зараз пацярпелі толькі тыя, хто падпарадкоўваўся. Дык як гэта ўспрыме «вэртыкаль»?

Эра любові ды сумленьня?

Кажуць, дзяржава вымушаная была пайсьці на такую глябальную інфармацыйную спэцапэрацыю пад прымусам абставін. Бо ў мэдыях зьявіліся шматлікія інтэрвію набліжаных да фэсту асобаў, якія тлумачылі, як насамрэч галасавала журы, як галасавала грамадзтва і г. д. І што ў пэўны момант масаваму чытачу стала зразумела, што Ланская не перамагла і з гэтым нічога нельга было зрабіць. Нават па беларускім тэлебачаньні аб нарадзе паведамлялі са спасылкай на шырокі грамадзкі рэзананс, які вымусіў зьвярнуцца да праблемы ды пераглядзець вынікі конкурсу. Пераможцы пасьпяшаліся павіншаваць «увесь беларускі народ», бо гэта нібыта яго перамога. Пагадзіўшыся з тым, што, сапраўды, гэта перамога грамадзкай думкі, мы б не падзялялі аптымістычных поглядаў прыхільнікаў нямецкіх тэорыяў публічнасьці. «Публічная сфэра» гэта добра, аднак яна тут ні пры чым.

Дазвольце нагадаць вам, як працавалі з грамадзкай думкай у Беларусі дагэтуль. Напрыклад, зьяўляўся дзівак, які казаў пра тое, што ўначы да урны папярэдняга галасаваньня на іх выбарчым участку прыходзілі людзі. Словы дзівака тыражаваліся ў мэдыях ды на кароткі момант у прыхільнікаў перамен зьяўлялася адчуваньне, што вось яно! Узялі за руку! Усе цяпер ведаюць! Зь дзіваком (дапусьцім) пачыналі пагаджацца калегі, якія, узрушаныя ягонай сьмеласьцю, таксама нешта плялі СМІ. І што?

Спачатку да дзівака, потым да калегаў, прыходзілі сацыяльныя інжынэры ў цывільным, якія спакойнымі галасамі тлумачылі, што трэба казаць і рабіць надалей і што будзе, калі ён слухацца адмовіцца. Часьцей за ўсё пачуцьцё бясьпекі брала верх над сумленьнем, небарака публічна дэзавуяваў свае словы, у мэдыі, якія пасьпелі напісаць аб «фальсыфікацыях», паступалі судовыя позвы (звычайна — ад яго ж, за «ложные измышления»). Усе астатнія разумелі, што ў спрэчцы тых, хто за праўду, ды тых, хто нічога не заўважае ды выконвае загады, заўсёды перамагае апошнія.

Мне сьмешна, калі я чую, што гэты сцэнар быў немагчымы зараз. Некалькі начных размоваў, некалькі тэлефонных гутарак, і ўсе interviewees паведамілі б аб тым, што ўсё на «фэсьце» было добра. Чаму вырашылі пайсьці насустрач Інтэрнэт-хамякам? Чаму не адпрацавалі «занадта дасьведчаных»?

Лібэралізацыя. Такая як раней

Толькі ня трэба бачыць за тым, што адбылося, прыкмету хуткага «крушэньня рэжыму». Ня трэба думаць, што вынікі фэсту перагледзелі з-за таго, што беларускае Сеціва акумулявала такую моц, што цяпер ніякай прапагандай яго не пераб’еш. Спыніць цыркуляцыю плётак пра перамогу «Лайтсаўнду» можна было за 2 гадзіны: дастаткова было дамагчыся таго, каб увесь newsstream па тэме не заўважала некалькі вялікіх Інтэрнэт-парталаў. Чытачы «Хартыі», «Партызану» ды «Нівы» былі б упэўненыя ў тым, што грамадзтва зноў падманулі, грамадзтва б не брала да галавы (ці не падобнае з намі адбываецца пасьля 19 сьнежня 2010?).
На маю думку, кароткатэрміновая зьмена падыходаў да інфармацыйнай палітыкі мае тую самую сутнасьць, што «лібэралізацыя» напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Усім дэманструецца, што галоўнае ў краіне — «справядлівасьць», што ўсё па-чэснаму (кандыдаты ў эфіры, галасы лічацца, калі ж ёсьць падман, дык фальсыфікатараў жорстка ды публічна караюць). Такім чынам падводзіцца фундамэнт даверу пад будучыя перамогі. Вынікі якіх — будзьце ўпэўненыя — ніхто ня возьмецца пераглядаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG