Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны чацьверты гаворыць па-беларуску?


Беларускую мову ў якасьці размоўнай выкарыстоўваюць 23% насельніцтва Беларусі.

Такія зьвесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца сёньня.

Зьвесткі атрыманыя ў выніку перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году. Пры гэтым у якасьці роднай улічвалася мова, якую сам рэспандэнт лічыў роднай, або мова, засвоеная ім у раньнім дзяцінстве.

Падчас перапісу беларускую мову назвалі роднай 60% жыхароў краіны (5 млн. 58 тыс. чалавек), аднак дома на ёй размаўляюць толькі 30% насельніцтва.

Разам з тым, як паказаў перапіс, большая частка насельніцтва Беларусі (70%) аддаюць перавагу зносінам на расейскай мове — на ёй размаўляюць 96% расейцаў, 88% украінцаў, 70% беларусаў і 51% палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Беларускую мову ў якасьці размоўнай выкарыстоўваюць 23% насельніцтва. Толькі 26% беларусаў размаўляюць дома на беларускай мове, затое ў якасьці размоўнай яе выкарыстоўваюць 41% палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Лінгвістычныя характарыстыкі жыхароў розных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь адрозьніваюцца, зазначаюць у Белстаце.

Так, напрыклад, у Менскай вобласьці каля 70% насельніцтва ў якасьці роднай мовы назвалі беларускую, у той час як у Менску — толькі 35% насельніцтва, а размаўляюць на ёй толькі 6% жыхароў сталіцы. У астатніх рэгіёнах роднай мовай беларускую лічаць крыху больш за 50% жыхароў.

Паводле зьвестак статыстыкі, у гэтым навучальным годзе (2011/2012) у групах устаноў дашкольнай адукацыі выхавацелі размаўляюць на беларускай мове больш чым з 45 тысячамі дашкольнікаў — гэта складае 12% дзяцей, якія наведваюць установы дашкольнай адукацыі.

У дзённых установах агульнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове вывучаюць усе прадметы прыкладна 164 тысячы вучняў (18% усіх школьнікаў).

Ва ўстановах сярэдняй спэцыяльнай адукацыі на пачатак навучальнага году на расейскай і беларускай мовах вучыліся 23 тысячы навучэнцаў (14% усіх навучэнцаў), на беларускай мове — 1,6 тысячы (каля 1%).

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 164,2 тысячы (37% усіх студэнтаў) і 4,2 тысячы (0,9%) студэнтаў.

У 2010 годзе ў Беларусі было выпушчана 11.040 кніг і брашур накладам больш за 43 млн. асобнікаў, з іх 951 (каля 9%) — на беларускай мове гадавым накладам 4 млн. асобнікаў.

У тым жа годзе выдавалася 713 газэт, на беларускай мове — 185 (26%). Гадавы наклад газэт склаў 510,3 млн. асобнікаў, пры гэтым больш як чвэрць накладу выходзіла на беларускай мове. Разавы наклад газэт склаў 8,1 млн. асобнікаў, зь іх 1,2 млн. асобнікаў — на беларускай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG