Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Максім Багдановіч”: праверана цэнзурай?


Фрагмэнт шмуцтытулу энцыкляпэдыі "Максім Багдановіч"
Фрагмэнт шмуцтытулу энцыкляпэдыі "Максім Багдановіч"
Сто чатыры гады таму ўкраінскі славіст Іларыён Сьвянціцкі выдаў у Львове кнігу «Відродження білоруського письменства», дзе сказаў колькі словаў пра апавяданьне Максіма Багдановіча «Музыка», незадоўга перад гэтым надрукаванае ў «Нашай Ніве». Гэтую публікацыю, відаць, і можна лічыць пунктам адліку для айчыннага багдановічазнаўства. За стагодзьдзе з добрым гакам жыцьцёвы і творчы шлях паэта быў дасьледаваны даволі падрабязна. Калі і засталіся факталягічныя таямніцы, то хіба нязначныя, а фэномэн зьяўленьня генія заўсёды застанецца загадкавым, і кожнае новае пакаленьне разгадвае яго па-свойму.

Велізарны факталягічны матэрыял даўно патрабаваў энцыкляпэдычнай сыстэматызацыі. І вось пры канцы мінулага году зьявілася доўгачаканая энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» — трэцяя пэрсанальная, пасьля аналягічных выданьняў, прысьвечаных Янку Купалу (1986) і Францыску Скарыну (1988).

Тры пэрсанальныя энцыкляпэдыі за чвэрць стагодзьдзя — зусім някепскі паказьнік для адзінага ў краіне галіновага выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», якое гадоў пяць таму валюнтарысцкім загадам уладаў было выселенае з уласнага будынку на Акадэмічнай вуліцы. Цяпер там засядае суд. Што ж, судзьдзі ў сучаснай Беларусі насамрэч запатрабаваныя куды больш, чым энцыкляпэдысты. Асабліва пасьля акцый пратэсту. Далёка ня кожная такая акцыя мае шанец трапіць у энцыкляпэдыю, а вось удзельнікам тых акцый на лаве падсудных апынуцца лёгка, прычым, што называецца, і гуртам, і ўраздроб.

Энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» пакідае прыемнае ўражаньне — і сваім густоўным аздабленьнем, і зьместам. Але гэта толькі на першы погляд. І чым далей я яе гартаў, тым болей маё ўражаньне мянялася — у горшы бок.

Фрагмэнт вокладкі кнігі “Вянок паэтычнай спадчыны” М. Багдановіча пад рэдакцыяй Антона Адамовіча і Станіслава Станкевіча
Фрагмэнт вокладкі кнігі “Вянок паэтычнай спадчыны” М. Багдановіча пад рэдакцыяй Антона Адамовіча і Станіслава Станкевіча
Скажам, аўтар грунтоўнага артыкулу «Багдановічазнаўства» Юрась Пацюпа добрым словам згадвае двух знаных дасьледчыкаў — Антона Адамовіча і Станіслава Станкевіча, пад рэдакцыяй і з прадмовамі якіх мюнхэнскае выдавецтва «Бацькаўшчына» ў 1960 годзе выпусьціла ў сьвет «Вянок паэтычнай спадчыны» М. Багдановіча. Сам факт выхаду гэтай кнігі сучасны дасьледчык называе «яркай падзеяй». Але артыкулаў пра Адамовіча і Станкевіча ў энцыкляпэдыі няма. «Вянкоў» там зафіксавана ажно чатыры: знакаміты «марцінакухтаўскі» 1913 году, віленскі 1927 году, выдадзены на дзясятыя ўгодкі з дня сьмерці паэта, славацкі «Veniec» — 59 вершаў у перакладзе Юрая Андрычыка (год выданьня — 1990) і факсымільнае перавыданьне «Вянка», ажыцьцёўленае ў 1981-м. А мюнхэнскі «Вянок», хоць і «яркая падзея ў багдановічазнаўстве», на старонкі энцыкляпэдыі, на жаль, ня трапіў.
Як выглядала б Скарынаўская энцыкляпэдыя, калі б на яе старонках былі абыдзеныя ўвагай «Малая падарожная кніжка» ці «Апостал»? А вось у Багдановічаўскай энцыкляпэдыі гэты заганны прынцып прысутнічае.
Зразумела, што ў энцыкляпэдыях падобнага кшталту павінны быць артыкулы пра кожнае асобнае выданьне дасьледаванага творцы. Скажам, як выглядала б Скарынаўская энцыкляпэдыя, калі б на яе старонках былі абыдзеныя ўвагай «Малая падарожная кніжка» ці «Апостал»? А вось у Багдановічаўскай энцыкляпэдыі гэты заганны выбарачны прынцып прысутнічае. Апісваецца, напрыклад, нічым непрыкметнае менскае «Выбранае» 1977 году, але чамусьці забытыя «Выбраныя творы» (Ватэнштэт, 1946) і «Апокрыф» — выдадзены чацьвёрачы: Згуртаваньнем беларускіх скаўтаў у тым самым Ватэнштэце ў 1946-м, выдавецтвам «Ніва» ў ЗША ў 1952-м, і двойчы па-гішпанску ў 1956-м — у Мадрыдзе і Нью-Ёрку (пераклад Янкі Сурвілы). Перакладчык у энцыкляпэдыі ўвогуле ня згадваецца.

Не пашанцавала і другім перакладчыкам. Прычым выбар іх таксама дзіўнаваты. Скажам, украінец Раман Лубкіўскі ў энцыкляпэдыю трапіў, а ягоны суайчыньнік Леанід Палтава — не. А ён жа выдаў «Малую анталёгію беларускай паэзіі», дзе зьмешчана і ладная нізка перакладзеных ім жа вершаў М. Багдановіча. Зь незразумелых прычынаў адсутнічае ў энцыкляпэдыі і перакладчык Валеры Стралко — аўтар шыкоўна выдадзенай анталёгіі «Трыяда беларускай паэзіі» (Кіеў, 2008). Ён перакладае М. Багдановіча на ўкраінскую і расейскую мовы. Так, у перакладчыка можна знайсьці нямала хібаў (чаго вартыя ператлумачаныя ім па-расейску радкі са «Слуцкіх ткачыхаў»: «Свои широкие текстили на лад персидский ткут они»). Але ці падстава гэта для выкрэсьліваньня імя перакладчыка са слоўніка пэрсаналій? Не. Артыкул пра Стралка мусіў быць у энцыкляпэдыі — з адпаведным аналізам зробленых ім перакладаў.

Забыліся энцыкляпэдысты-багдановічазнаўцы і на яшчэ аднаго перакладчыка — нямецкага гісторыка і літаратара Аўгена фон Энгельгарта, які пакінуў па сабе ня толькі цікавае дасьледаваньне «Беларусь: народ і край» (1943), але і пераклаў цэлы зборнік лірыкі М. Багдановіча «Беларуская радзіма» (1949).

А ці шмат у нас манаграфічных дасьледаваньняў пра М. Багдановіча? Паспрабуем пералічыць асноўныя: «Сьвятло паэзіі і цені жыцьця» Ўладзімера Конана, «Чалавек напрадвесьні» Рыгора Бярозкіна, «Загадка Багдановіча» Міхася Стральцова, «Максім Багдановіч і праблемы разьвіцьця беларускай літаратуры» Алега Лойкі, «Космас «Вянка» Тамары Чабан, «Шляхі» Ніны Ватацы, «А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю» Генадзя Каханоўскага... Пра ўсіх названых дасьледчыкаў у энцыкляпэдыі зьмешчаны артыкулы. А вось аўтар манаграфіі «Пясьняр свабоды і красы» (Баварыя, 1947) Аўген Калубовіч (выступаў пад псэўданімам А. Верасень) на яе старонкі ня трапіў. І дзе ж тут лёгіка?
Сумнавядомаму крытыку-вульгарызатару Алесю Кучару месца ў энцыкляпэдыі знайшлося, а аўтару бліскучага эсэ «Жыта і васілёк» Алесю Разанаву — не.

Яшчэ менш у нас буйных мастацкіх твораў пра М. Багдановіча. Калі называць, асабліва не ператрасаючы кішэні памяці, то і згадаецца ўсяго пара-тройка: «Каханьне і сьмерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (аўтар — Яўген Міклашэўскі), паэма Эдуарда Акуліна «Шлях да радзімы», вершаваны цыкль Дануты Бічэль і Алеся Чобата «Ты не самотны»... І тут мне тым больш незразумела, чаму з энцыкляпэдыі выпаў Уладзімер Глыбінны — аўтар аповесьці «Пад лебядзіным знакам» (Нью-Ёрк, 1983)? А хіба не заслужыў энцыкляпэдычнай нататкі пісьменьнік Леанід Зубараў — аўтар кнігі «Максім Багдановіч» (1989) і дакумэнтальнай аповесьці «Крык буравесьніка» — пра Максіма Горкага і сям’ю Адама Багдановіча (яны былі ў блізкім сваяцтве)?

Не знайшлося месца ў энцыкляпэдыі і мастачцы Ірэне Рагалевіч-Дутко, якая напісала цудоўны партрэт М. Багдановіча. Ён, дарэчы, да 100-годзьдзя паэта быў двойчы выдадзены ў Нью-Ёрку ў выглядзе паштоўкі агульным накладам 6000 асобнікаў.

Можна па-рознаму ставіцца да п’есы «Дзёньнік паэта» Сяргея Кавалёва, якая была напісаная па матывах гэтак званага «Крымскага дзёньніка» М. Багдановіча. П’еса доўгі час ішла ў Тэатры беларускай драматургіі і нават адзначалася на міжнародных тэатральных фэстывалях. Не заўважыць гэтага твору ўвогуле немагчыма — дастаткова набраць словы «дзёньнік паэта» ў інтэрнэтаўскім пошукавіку... Але — не заўважылі. У энцыкляпэдыі няма зьвестак ні пра Кавалёва, ні пра «Дзёньнік паэта», ні пра «Крымскі дзёньнік» — а гэта ўсё ж аўтэнтычны, напісаны рукой паэта тэкст, які зьберагаецца ў сталічным музэі Багдановіча.

Сумнавядомаму крытыку-вульгарызатару Алесю Кучару месца ў энцыкляпэдыі знайшлося, а аўтару бліскучага эсэ «Жыта і васілёк» Алесю Разанаву — не. Паэт Уладзімер Карызна, які прысьвяціў М. Багдановічу два (!) вершы, асобным артыкулам уганараваны, а таленавіты паэт Алесь Салавей, аўтар 15-ці «багдановічаўскіх» твораў, які цалкам апраўдана лічыў сябе пасьлядоўнікам Багдановіча, — для нашых энцыкляпэдыстаў не існуе. Як не існуе для іх і Ларыса Геніюш, чый першы зборнік «Ад родных ніў» (Прага, 1942) названы знакамітым багдановічаўскім радком. Ды і пазьней яна ў сваіх творах і лістах шматкроць зьвярталася да постаці «песьняра чыстай красы»...
Над старонкамі энцыкляпэдыі «Максім Багдановіч» мяне ўвесь час не пакідала думка, што і яе перад адпраўкай на Менскую фабрыку каляровага друку прасеялі праз цэнзурнае сіта.

Як бачым, энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» далёка ня поўная. І наўрад ці тут можна ўзяць пад сур’ёзную ўвагу апраўданьні накшталт: выданьне рыхтавалася ў сьпешным парадку, амаль на грамадзкіх пачатках, самі ведаеце ў які час і г. д. Час для аўтараў і выдаўцоў энцыкляпэдыі мусіў быць адзін — Багдановічаўскі.

У савецкую эпоху на кантрольным асобніку тае ці іншае кнігі пасьля адпаведнае працэдуры ставіўся штамп: «Праверана цэнзурай». Над старонкамі энцыкляпэдыі «Максім Багдановіч» мяне ўвесь час не пакідала думка, што і яе перад адпраўкай на Менскую фабрыку каляровага друку прасеялі праз цэнзурнае сіта, бо выкінутыя з выданьня імёны (у пераважнай сваёй бальшыні) непажаданыя для сёньняшніх уладаў. І сіта тое было каму патрымаць — у рэдкалегію энцыкляпэдыі ўваходзілі дзяржаўныя чыноўнікі, якія неаднойчы зарэкамэндавалі сябе ў якасьці самых сапраўдных цэнзараў.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG