Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцэйскага кіраўніка асудзілі на 4 гады за зьбіцьцё

абноўлена

Дзінас Лінкус
Дзінас Лінкус

Дзінаса Лінкуса асудзілі ў судзе Гарадзенскага раёну паводле артыкула 426 ч. 3 за зьбіцьцё начальніка Шчучынскага раённага аддзелу Дэпартамэнту аховы Аляксея Сяргея. Да ўступленьня прысуду ў сілу Лінкус застаецца на волі. Асуджаны адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў і выйшаў з будынка суду праз чорны ход. Пацярпелы Сяргей таксама адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў.

Вынясеньне прысуду Лінкусу пачыналася ў напружанай атмасфэры. Судзьдзя выдаліла менскую журналістку Тацяну Бублікаву за тое, што яшчэ перад пачаткам паседжаньня тая здымала ў залі суду на мабільны тэлефон.

Яшчэ адзін актывіст Грамадзянскай кампаніі «Наш дом» дастаў тэрмас з кавай і прапанаваў Лінкусу папіць «на дарожку». Лінкус і тыя, хто быў зь ім, адрэагавалі на гэта нэрвова.

Судзьдзя па згодзе абодвух бакоў не зачытвала ўвесь тэкст прысуду, а толькі само рашэньне. Але падчас судовага працэсу было ўстаноўлена, што Лінкус уварваўся ў кватэру Сяргея, прымусам выцягнуў яго адтуль у машыну, дзе разьбіў яму нос, пасьля вывалак на двор, паставіў на калені і на вачах у мінакоў зьбіваў нагамі.

У судзе Лінкус свае віны не прызнаў і сьцьвярджаў, што нікога не чапаў нават пальцам. Пракурор запатрабавала для Лінкуса 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Артыкул Крымінальнага кодэксу за падобнае парушэньне прадугледжвае ад 3 да 10 гадоў.

На ўсіх судовых паседжаньнях прысутнічалі актывісты Грамадзянскай кампаніі «Наш дом», якія распавядалі, як Лінкус, яшчэ працуючы ў Менску, затрымліваў актывістаў апазыцыі, зьдзекаваўся і пагражаў, ужываў сілу ня толькі да мужчын, але і да жанчын. Яны казалі, што прыехалі паглядзець, як судзяць сапраўднага злачынцу.

Валеры Шчукін
Валеры Шчукін
Праваабаронца Валеры Шчукін згадаў, як Лінкус, яшчэ працуючы намесьнікам начальніка Фрунзенскага РАУС Менску, разам зь іншымі міліцыянтамі ўварваўся ў кватэру, дзе актывісты «Нашага дома» сабраліся адзначыць дзень нараджэньня.

Паводле Шчукіна, усіх даставілі ў РАУС, спрабавалі абвінавачваць у датычнасьці да тэракту ў мэтро, а Лінкус, са слоў Шчукіна, абражаў яго, зьдзекаваўся. Адну з гасьцей, Вольгу Карач, Лінкус біў па твары. Пасьля кампаніі грамадзкага ціску Лінкуса і перавялі ў Горадню. Сёньня Шчукін быў зьдзіўлены, што Лінкусу да ўступленьня ў сілу прысуду дазволена застацца на волі.

Шчукін: «З намі, канечне, так не абыходзяцца, нас хапаюць, надзяюць кайданкі і трымаюць да суду і г.д. Але тым ня менш справядлівасьць ёсьць, хоць гэта, можа, і не зусім так. Бо гэты чалавек зарваўся зусім, ён зьбіваў людзей маніякальна, яшчэ працуючы і ў Цэнтральным, і ў Фрунзенскім РАУС Менску».

Тацяна Бублікава
Тацяна Бублікава
Кажа журналістка і актывістка Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацяна Бублікава:

Бублікава: «Я ведаю шмат прыкладаў дрэнных паводзінаў Лінкуса, калі ён зьдзекаваўся і з жанчын, і з мужчын. І, па шчырасьці, я хацела б падзякаваць судзьдзі, якая не пабаялася вынесьці яму прысуд. Хаця мне здаецца, што чатыры гады калёніі для гэтага чалавека замала».

Маёр Дзінас Лінкус летам мінулага году быў прызначаны на пасаду начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту аховы МУС па Гарадзенскай вобласьці. На пяты дзень працы ён выехаў па службовых абавязках у Шчучынскі раён і там зьбіў кіраўніка раённага аддзелу «Аховы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG