Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Граніт»: незалежны прафсаюз патрабуе рэгістрацыі


Актывісты незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах падалі заяву на імя выканаўцы абавязкаў гендырэктара з патрабаваньнем выдзеліць памяшканьне для юрыдычнага адрасу.

Пра гэта паведаміў кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч:

«На сходзе афіцыйнага прафсаюзу сярод кіроўцаў самазвалаў выканаўца абавязкаў гендырэктара Эдуард Гаўрылковіч спрабаваў неяк юліць, усхваліць афіцыйны прафсаюз, неяк асьцярожна прынізіць незалежны прафсаюз. А потым кажа, што, маўляў, калі б яны хацелі зарэгістравацца, то ўжо б даўно зарэгістраваліся. Сказаў, што тут, маўляў, ніхто ня чыніць ніякіх перашкодаў».

Пасьля гэтых словаў кіраўніка «Граніту» актывісты незалежнага прафсаюзу напісалі калектыўны ліст Гаўрылковічу з патрабаваньнем выдзеліць памяшканьне для юрыдычнага адрасу незалежнага прафсаюзу:

Стахаевіч: «Мы, сябры пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве „Граніт“, заявілі, што асабіста Гаўрылковічам і шэрагам асобаў з адміністрацыі ажыцьцяўляецца палітыка, скіраваная на тое, каб перашкаджаць легальнай дзейнасьці нашай арганізацыі. Неправамерна зацягваецца пытаньне аб выдзяленьні нам юрыдычнага адрасу, што зьяўляецца дыскрымінацыяй і абмежаваньнем нашых правоў. На гэтай падставе мы патрабуем выдзеліць памяшканьне для нашай арганізацыі. Калі спадар Гаўрылковіч кажа, што нам тут ніхто не перашкаджае, то няхай пацьвердзіць свае словы».

Рабочы Мікалай, сябра незалежнага прафсаюзу, таксама абураны тым, што пытаньне пра юрыдычны адрас зацягваецца:

«У суботу ў гранітаўскім прафілякторыі згарэла лазьня. Усе тут абмяркоўваюць, што яна загарэлася падчас сьвяткаваньня дня народзінаў аднаго з начальнікаў. То цяпер жа яе будуць аднаўляць за гранітаўскія грошы. А незалежнаму прафсаюзу дык і няма магчымасьці выдзеліць памяшканьне».

Раней заяву з просьбай аб памяшканьні накіроўваў кіраўніцтву «Граніту» старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін. Аднак ягоную просьбу не задаволілі. Кіраўніцтва «Граніту» паведаміла, што гэтае пытаньне — у кампэтэнцыі Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры.

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень рабочых прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і арганізавалі суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Аднак пытаньне з рэгістрацыяй застаецца дагэтуль нявырашаным, бо няма юрыдычнага адрасу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG