Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ў Празе «Беларусь: Правы чалавека выселілі»


Раніцай 6 лютага каля брамы амбасады Рэспублікі Беларусь у Празе зьявіліся аўтамабілі з мэбляй і лёзунгамі «Беларусь: правы чалавека выселілі». Так пачалася акцыя ў падтрымку беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Шафы, крэслы, сталы, кампутары, лямпы і ўнітаз — усё гэта выгрузілі з аўтамабіляў перад будынкам амбасады Беларусі. Усе прадметы былі аздоблены плякатамі зь лёзунгам «Беларусь: правы чалавека выселілі» і «Свабоду Алесю Бяляцкаму». Такім чынам арганізатары акцыі вырашылі прарэагаваць на прысуд Алесю Бяляцкаму і рашэньне суду аб канфіскацыі ягонай маёмасьці, у тым ліку кватэры, дзе месьціцца офіс «Вясны».

«Беларусь намагаецца выселіць правы чалавека з таго моманту, калі на чале дзяржавы стаў прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка. Пазбаўляюцца волі і высяляюцца і самі абаронцы грамадзкіх правоў і правоў чалавека», — камэнтуе сымболіку акцыі перад беларускай амбасадай Радка Вэйрыхава зь Незалежнага сацыяльна-экалягічнага руху NESEHNUTÍ.

«Я ведаю Алеся Бяляцкага асабіста з часоў, калі праводзіў у Беларусі маніторынг таго, якім чынам уладны рэжым фальсыфікуе хаду выбараў і рэфэрэндуму ў 2004 годзе. Я ведаю, што праца Алеся і цэнтру „ВЯСНА“ не абмяжоўваецца толькі дапамогай ахвярам палітычнага перасьледу ў Беларусі. Праз свае міжнародныя кантакты яны падтрымліваюць праваабаронцаў у Кіргізстане, Эгіпце, Тунісе і іншых краінах. Я не хачу бязьдзейна назіраць за тым, як беларускі рэжым намагаецца прымусіць маўчаць гэтых адважных людзей», — тлумачыць свой удзел у сёньняшняй акцыі Мілан Штэфанэц.

«Спосаб, якім Аляксандр Лукашэнка абыходзіцца са сваімі апанэнтамі, ганебны. І сорам для цывілізаванай Эўропы, што яна ня здольная перашкодзіць яму ў гэтым. Перадусім урады і грамадзяне краінаў, у якіх дзесяцігодзьдзямі панаваў камуністычны рэжым, не павінны забывацца пра беларускіх праваабаронцаў (а Алесь Бяляцкі — не адзіная ахвяра лукашэнкаўскіх рэпрэсіяў), мы мусім хаця б прыцягваць да гэтага ўвагу і шукаць магчымасьці прыйсці ім на дапамогу», — тлумачыць значэньне міжнароднай падтрымкі Пэтрушка Шустрава, старшыня праўленьня аб’яднаньня «Грамадзянская Беларусь».






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG