Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лецішчы адбяруць дзеля кітайскага тэхнапарку?


6 лютага ў адміністрацыю прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі накіраваны пісьмовы зварот за подпісамі амаль 400 уладальнікаў лецішчаў з каапэратыву МУС «Рэчанька» (Смалявіцкі раён) супраць намеру ўлады забраць гэтыя зямельныя участкі дзеля плянаванай будоўлі кітайска-беларускага тэхнапарку.

Абураныя намерам улады адабраць зямельныя ўчасткі, уладальнікі лецішчаў стварылі ініцыятыўную групу, якая склікала ў мінулыя выходныя першы масавы сход. Пра намеры пратэставаць далей заявіў сёньня «Свабодзе» адзін зь сябраў ініцыятыўнай групы спадар Леанід:

«У Беларусі цяпер любое будаўніцтва, тым больш інвэстыцыйны праект, павінна пачынацца з грамадзкага абмеркаваньня праекту. Закон аб архітэктурнай і будаўнічай дзейнасьці прадугледжвае абавязковае грамадзкае абмеркаваньне праекту. Таксама абавязковая экалягічная экспэртыза».

Раней урад Беларусі ратыфікаваў пагадненьне, у адпаведнасьці зь якім на тэрыторыі Смалявіцкага раёну, паблізу ад Нацыянальнага аэрапорта, чыгункі й аўтамабільнай трасы Масква — Берасьце, інвэстарам з Кітая будзе перададзены ўчастак зямлі плошчай 80 квадратных кілямэтраў. Пад гэтае будаўніцтва трапляюць лецішчы — каапэратывы «Рэчанька», «Граніт», «Алеся», «Канвэрсія», «Сокал» ды іншыя.

Спадар Леанід лічыць, што кітайскі праект парушыць экалягічную раўнавагу ў рэспубліканскім біялягічным заказьніку «Валмянскі», які лічыцца важным элемэнтам экалягічнай сеткі нацыянальнага ўзроўню. Аднак у Смалявіцкай раённай інспэкцыі па ахове прыроды і навакольнага асяродзьдзя пра гэта нічога пэўнага не сказалі:

Інспэктар: «Гэта сапраўды заказьнік рэспубліканскага значэньня. Ну і што? Мне трэба прачытаць пэўныя дакумэнты, каб нешта вам адказаць...»

На сходзе ўладальнікаў лецішчаў гучалі ў асноўным галасы пратэсту. Гаворыць удзельніца сходу Вікторыя Равінская:

«Там добрыя лецішчы. Гаспадары падвялі электрычнасьць, заплацілі за газаправод, ваду падвялі. Усё ж гэта цяжка даецца. І што? Усё гэта адбяруць у адзін момант?!»

На сёньня вядома, што кітайска-беларускі індустрыяльны парк павінны збудаваць да 2025 году. Абвешчаны і кошт новабудоўлі — 30 мільёнаў даляраў.

Пад знос пойдуць ня толькі лецішчы, але і навакольныя вёскі. Таму цяпер тамтэйшыя жыхары настойліва просяць улады ўлічыць іх інтарэсы. Агульную думку на гэты конт выказвае «Свабодзе» Аляксей Рубін:

землі, якія хочуць аддаць кітайцам, гэта вельмі добры кавалак „пірага“ ...

«Самае прыкрае тое, што ўлады не абнародавалі гэтае пытаньне, ня вынесьлі яго на абмеркаваньне ня толькі вяскоўцаў і дачнікаў, але і жыхароў Менску. Бо землі, якія хочуць аддаць кітайцам, гэта вельмі добры кавалак „пірага“, так трэба казаць.

Калі 22 гады пражыў тут, збудаваў усё для сябе, а тут нашы землі аддаюць у прыватныя рукі. Прыватныя! Разумееце? Трэба ж па-людзку з насельніцтвам абыходзіцца!»

Яшчэ адно істотнае ўдакладненьне робіць спадар Аляксей:

«За нас цяпер, як гаворыцца, гарой стаяць толькі недзяржаўныя СМІ. А праўладныя адышлі, збоку знаходзяцца. Як быццам бы іх гэтая праблема ўвогуле ня тычыцца. Вось гэта таксама крыўдна!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG