Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык ці была сэнсацыя?


Галоўнай навіной пятніцы зрабілася заява ўласьніка групы кампаній «Трайпл» і менскага «Дынама» Юрыя Чыжа на паседжаньні выканкаму Беларускай фэдэрацыі футболу.

Вось як гэтую падзею выкладае са спасылкай на газэту «Прэсбол» «Наша Ніва»: «калі гаворка зайшла аб тым, што ФК «Партызан» у сувязі зь фінансавымі цяжкасьцямі ня можа прайсьці праверку, устаноўленую рэглямэнтам, гендырэктар клюбу Людас Румбуціс зьвярнуўся да прысутных: «Я прашу адтэрмінаваць ліцэнзаваньне клюбу яшчэ на два тыдні. У цяперашні час вядзецца размова з Раманавым». Паказальнай была рэакцыя ўласьніка групы кампаній «Трайпл» і менскага «Дынама» Юрыя Чыжа: «Хто вам дасьць час? Дзе вы знойдзеце ідыётаў за мяжой фінансаваць нешта ў Беларусі?». На «Нашай Ніве» гэтая навіна падавалася з падзагалоўкам: «Бізнэсовец Юрый Чыж урэзаў праўду-матку». Зьявіўшыся спачатку на «Прэсболе», потым на «Салідарнасьці», гэтая навіна спрытна разышлася па Інтэрнэце з адным і тым самым дадаткам: «І, мяркуючы па ўсім, гэта выказваньне датычыцца ня толькі футболу». Мы б з гэтай высновай не пагадзіліся. Больш за тое: здаецца, гэты скандал стварае больш падстаў для разваг аб тым, што і як робіцца сэнсацыяй у Беларусі, чым падштурхоўвае да аналізу ўласна сказанага Чыжом.

1. Некалькі цікавых дэталяў, якія дапамагаюць зразумець, што адбылося. Здаецца, першапачаткова цытата Чыжа цалкам супадала на ўсіх крыніцах. Бо цяжка ўявіць чыньнік, які б вымусіў тую ж «Салідарнасьць» цытаваць Чыжа са скажэньнямі. Аднак ужо празь некалькі гадзін цытаты Чыжа ў «першакрыніцы» (г.зн. «Прэсболе») ды на іншых сайтах пачалі разыходзіцца. У 22.40 3-га лютага фраза Чыжа на «Прэсболе» ўжо гучала так: «Кто вам даст время? Где вы за две недели найдете идиотов за границей финансировать литовцев в Беларуси?». Побач было ўдакладненье: «Сразу после реплики Румбутиса про Романова». Супастаўленьне цытаты з «Салідарнасьці» ды апошняй рэдакцыі цытаты на «Прэсболе» дазваляе заўважыць, што зьмянілася: былі дададзеныя словы «за два тыдні» і «літоўцаў», якія «прывязвалі» цытату да размовы канкрэтна пра футбол ды канкрэтна пра клюб «Партызан». Мы ня ведаем (і ніхто, акрамя прысутных на паседжаньні, ня ведае), якой была фраза Чыжа дакладна. Аднак нават калі яна хутчэй нагадвала фразу з «Салідарнасьці», чым фразу з «Прэсболу», гэта зусім не азначае, што, як піша сёньня ўвесь Інтэрнэт, «гэтае выказваньне датычыцца ня толькі футболу». Усякі, хто хаця б раз працаваў з raw data (гукавымі файламі аўдыёзапісу) доўгатэрміновых нарадаў, ведае, як проста, выхапіўшы той ці іншы фрагмэнт размовы, надаць яму сэнс, які ў яго не ўкладаўся. Такое сэнсавае перафарбаваньне адбываецца ў той момант, калі з аднаго фармату ці, як кажуць сацыёлягі – фрэйму, словы ды сэнсы пераходзяць у іншы фрэйм. Напрыклад, калі сказанае пра колер у мастацтве пачынае інтэрпрэтавацца ў кантэксьце колеру скуры ды нэўтральнае выказваньне аб чорным робіцца этычна ды палітычна некарэктным.

Здаецца, менавіта тое адбылося і з цытатай Чыжа. Спартыўны карэспандэнт, які працаваў на Фэдэрацыі, пачуў адно, выклаў адно, палітызаваным грамадзтвам было прачытана, схоплена ды пракамэнтавана зусім іншае.

2. Выснова, якую можна зрабіць з заявы Чыжа ды чароўнай шуміхі, якую ўзьняла гэтая цытата, тычыцца беларускага чытацкага грамадзтва ды ягоных чаканьняў. Усе разумеюць, што ў краіне – крызіс. Усе разумеюць, напрыклад, што абяцанкі пра заробак 500 даляраў да восені – лухта. Бо нават калі будзе такі заробак, пасьля рубель за яго расквітаецца. Зь іншага боку, усе бачаць афіцыйныя рэакцыі на гэты крызіс. Напрыклад, касьмічную статыстыку – аб тым, што ў Менску сярэднестатыстычны заробак – пад чатыры мільёны (хто атрымоўвае меней – лузэр?). І сярод такой канцэнтрацыі ілжы, пустых абяцанак, словаў, якія разыходзяцца са справай, кожны з нас, літаральна кожны, падсьвядома чакае, што зараз зьявіцца нехта і лупане праўду-матку, як адзначыла «Наша Ніва». А паколькі ні чыноўнікі, ні прадстаўнікі банкаў, ні буйныя камэрсанты праўду лупіць не сьпяшаюцца, такія далёкія ад эканомікі ды палітыкі словы, як сказанае Чыжом пра футбольны клюб, інтэрпрэтуецца як доўгачаканы «званочак». Вось, зараз Чыж нам усё пра інвэстараў сказаў, заўтра яшчэ хто праўду скажа! А Чыж – не пра інвэстараў, пра футбол! А праўда – не гучыць. Праўду працягваем чакаць. Ну хоць хто! Ну калі ласка!

3. Ды апошняе. Здаецца, ня надта ў тэму, аднак ускосна ўсё ж у тэму: пра тое, чаму за мяжой так складана знайсьці «ідыётаў фінансаваць нешта ў Беларусі». Шмат ужо меркаваньняў выказвалася аб тым, чаму замежны (эўрапейскі) інвэстар не сьпяшаецца ісьці ў нашу краіну. Адны кажуць, справа ў спрытнай зьмене законаў. Іншыя сьцьвярджаюць, што неспрыяльная падатковая сыстэма. Нехта ўзгадвае нават палітычны рэжым ды вязьняў сумленьня. Аднак у мяне, здаецца, ёсьць просты ды кароткі адказ, прачытаны ў падручніку па інстытуцыянальнай эканоміцы.

Людцы, інвэстар не ідзе да нас перш за ўсё з-за нашай судовай сыстэмы! У ЗША ды эўрапейскіх краінах суд, які цалкам незалежны ад прэзыдэнта, прэм'ера ці вэртыкалі (судзьдзі абіраюцца, не прызначаюцца), зьяўляецца самай дзейснай гарантыяй правоў уласьнікаў. Права прыватнай маёмасьці бароніцца не за кошт прыгожых словаў у Канстытуцыі, аднак з дапамогай судоў. Прыватнік ведае, што калі яго інтарэсы будуць прышчэмленыя, ён пойдзе ў суд і незалежны ад сыстэмы судзьдзя стане на ягоны бок, калі ён мае рацыю (і калі ў яго ёсьць шмат грошай на адвакатаў). Прыкладна для такіх жа мэтаў паводле тэорыяў эканамічнага інстытуцыяналізму існуе і свабода слова ды грамадзкая супольнасьць, аднак гэта – ужо іншая размова. Пакуль у нас не адбудзецца судовай рэформы, будзем шукаць нават у футболе тлумачэньні адсутнасьці інвэстараў ды замежных капіталаў у эканоміцы. Фінансаваць нешта ў Беларусі будзе толькі сапраўдны ідыёт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG