Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўныя выдавецтвы на кірмашы: альбо «ў долі», альбо на чужых стэндах


8 лютага ў Менску адкрываецца ХІХ Менская кніжная выстава-кірмаш. Ці будзе там прадстаўлена беларуская кніга, ці маюць намер браць удзел у выставе недзяржаўныя выдавецтвы, якія спэцыялізуюцца на беларускамоўнай літаратуры?

Першы намесьнік міністра інфармацыі і старшыня аргкамітэту выставы-кірмашу Лілія Ананіч, што да сытуацыі ў краіне зь беларускамоўнай кнігай, кажа:

«Мы сёньня ня можам сказаць, што нас у поўнай ступені задавальняе колькасьць беларускамоўных кніг, якія выдаюцца ў краіне. Суадносіны каля 10% ад агульнай колькасьці — гэта недастаткова. Разам з тым гэта канкрэтнае адлюстраваньне моўнай сытуацыі».

Тым ня менш арганізатары выставы-кірмашу сьцьвярджаюць, што літаральна ўсе выдавецтвы маюць магчымасьць узяць удзел у выставе-кірмашы. На пытаньне Радыё Свабода, чаму летась 5 недзяржаўных выдавецтваў, якія спэцыялізуюцца на беларускамоўнай літаратуры, былі разьмешчаныя на 4 квадратных мэтрах пад лесьвіцай, Лілія Ананіч адказала так:

Лілія Ананіч
Лілія Ананіч
«Кожны мае права ў вызначаным парадку заплаціць грошы і купіць любы стэнд. Ну, калі недзяржаўныя выдавецтвы купілі 4 квадратныя мэтры — гэта іх права. Я ведаю, што ніякіх абмежаваньняў ні ў кога няма. Мы былі б вельмі рады, каб нашы выдавецтвы мацнелі і мелі магчымасьць набыць вялікія стэнды на нашых выставах. Ведаю, што вельмі плённа будуць працаваць „Папуры“, „Аверсэв“ — нават пералічваць усіх ня буду. У нас у краіне толькі 5 дзяржаўных выдавецтваў, а наагул 620 суб’ектаў гаспадараньня, якія выдаюць кнігу».

Дзьмітры Макараў
Дзьмітры Макараў
Выканаўчы дырэктар выставы-кірмашу Дзьмітры Макараў сьцьвярджае, што Менская выстава-кірмаш — адна з самых даступных у СНД па коштах:

«Яшчэ мы адзіныя, хто дае магчымасьць наняць міні-офіс.

Нават сёлета мы пайшлі насустрач некаторым маленькім выдавецтвам. У міні-офісах яны нават каапэруюцца па два выдавецтвы, то бок кожны бярэ па мэтру квадратнаму. А аплаціць мэтар можа любы выдавец. Таму выстава адкрытая і даступная для любога выдаўца».

Дырэктар выдавецтва «Беларускі кнігазбор» Генадзь Вінярскі кажа:

«Мы адзін раз даўнавата ўжо ўдзельнічалі, але бачым, што эфэкту нам гэты ўдзел ніякага не дае. Гэта для адносна невялікіх выдавецтваў выглядае як „выстава дасягненьняў народнай гаспадаркі“. Навошта гэта рабіць? Вялікіх кантрактаў мы там не падпішам. Можа, для кагосьці і ёсьць сэнс удзельнічаць, але я пакуль для „Кнігазбору“ вялікага сэнсу ня бачу».

Дарэчы, арэнда аднаго квадратнага мэтра плошчы ў выставачным комплексе «БелЭКСПА» каштуе 120 даляраў.

Выдавец Зьміцер Колас — сталы ўдзельнік ня толькі Менскай міжнароднай кніжнай выставы, але і шмат якіх кніжных кірмашоў за межамі Беларусі.

«Я ўзяў стэнд разам з адным выдавецтвам. Знаёмыя мае прапанавалі, бо я адзін не магу ўвесь час прысутнічаць на выставе, каб яны прыглядалі за маімі кнігамі, калі мяне ня будзе, каб я іх падмяняў. Карацей, будзе стэнд».

Пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў таксама пастаянна бярэ ўдзел у Менскім кніжным кірмашы. Раней сам арандаваў стэнды, цяпер знайшоў іншы шлях:

«Вось ужо другі год запар мы атрымліваем ласкавае запрашэньне Славацкай Рэспублікі працаваць на іхнім стэндзе. Гэта зьвязана з тым, што ў нашым выдавецтве пазалетась і летась выйшлі дзьве кніжкі — у сэрыі „Беларускія эўраграматыкі“ і беларуска-славацкі размоўнік-даведнік. Ну, і ласкава нам таксама дазваляецца выстаўляць усё, што мы захочам, і працаваць супольна на тым стэндзе».

Такім чынам, нават даволі пасьпяховыя недзяржаўныя выдаўцы вымушаны, так бы мовіць, «уступаць у долю» ці карыстацца запрашэньнямі выставіць сваю прадукцыю на замежных стэндах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG