Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Стужынская: "Пашырэньне санкцыяў пагоршыць стан палітвязьняў"


Вольга Стужынская
Вольга Стужынская

«Офіс за дэмакратычную Беларусь» лічыць, што некаторыя прозьвішчы па тэрміну даўнасьці могуць быць зьнятыя са сьпісаў беларускіх чыноўнікаў, неўязных у ЭЗ.

У часе онлайн канфэрэнцыі на сайце Свабоды, сустаршыня аргкамітэту БХД В.Рымашэўскі паведаміў, што «Офіс за дэмакратычную Беларусь» і некаторыя беларускія палітыкі выступаюць за скарачэньне сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў.
Камэнтар кіраўніцы «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай:

Калі прайшла інфармацыя пра тое, што сьпісы неўязных будуць пашыраныя, мы сапраўды заявілі, што ня лічым, што пашырэньне візавых санкцыяў на гэты момант зьяўляецца эфэктыўным мэтадам. Наадварот: на наш погляд, гэта можа пагоршыць становішча палітзьняволеных.

Перагледзець сьпісы варта было б нават з-за даўнасьці, бо там ёсьць людзі, якія альбо памерлі, альбо сышлі са сваіх пасадаў, альбо не прывязаныя да рэпрэсіяў 19 сьнежня. Тыя, хто вінаватыя, павінны застацца. Больш за тое: туды варта дадаць і тых, хто зьяўляюцца, напрыклад, удзельнікамі расправы над Алесем Бяляцкім. Але людзі, якія не нясуць нейкай цяжкай віны і ніяк не зьвязаныя з рэпрэсіямі 19 сьнежня, проста па тэрміну даўнасьці павінны быць зьнятыя з гэтых сьпісаў. Гэта, думаю, няшмат імёнаў, але павінна быць нейкая раўнавага.
Тыя, хто вінаватыя, павінны застацца. Але людзі, якія не нясуць нейкай цяжкай віны, проста па тэрміну даўнасьці павінны быць зьнятыя з гэтых сьпісаў.

Вы можаце назваць некалькі прозьвішчаў?

Па-першае, там ёсьць некалькі людзей, якіх ужо ня стала. Па-другое, некалькі журналістаў — напрыклад, намесьніца рэдактара «Советской Белоруссіі» Ганна Шадрына, якая нават не была на гэтай пасадзе ў той час. А ўзяць Зімоўскага, які сышоў з пасады, зьехаў з краіны. Канешне, былі абсалютна правільныя прычыны для таго, каб яго ўнесьці ў гэты сьпіс. Але на сёньня я б не сказала, што гэта крытычна. Альбо, напрыклад. калі мы кажам пра рэктараў унівэрсытэту. Калі кажам, што трэба разьвіваць кантакты паміж беларускімі і эўрапейскімі ВНУ, што нам трэба больш праграм і рэформа нашай сыстэмы вышэйшай адукацыі, то нелягічна выглядае, што рэктары вядучых ВНУ знаходзяцца ў сьпісах невыязных.

Нават нягледзячы на тое, што менавіта гэтыя рэктары масава выключалі студэнтаў за іх удзел у маніфэстацыях? То бок, гэта можна прабачыць ім за даўнасьцю гадоў альбо за важнасьцю новых задачаў?

Я гэтага не сказала, але што тычыцца, напрыклад, рэктара БДУ — сапраўды, пасьля выбараў 2006 году шмат было адлічана, але менавіта пасьля выбараў 2011 году была абсалютна іншая сытуацыя.

Я спрабую глядзець больш шырока на адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю, і на мой погляд, калі працягнецца ізаляцыя ў дачыненьні да нашай краіны, ня выйграе ніхто. І каб зьявіліся магчымасьці на нейкі пазытыў у адносінах, дзеля гэтага абодва бакі павінны зрабіць нейкія крокі — каб і грамадзянская супольнасьць магла больш свабодна працаваць, выкарыстоўваючы магчымасьці, што прадстаўляе ЭЗ. А калі працягнецца цяперашняя палітка, гэта скончыцца тым, што ўвогуле месца для існаваньня палітычных партый і грамадзянскай супольнасьці проста можа не застацца.

Вы стараецеся давесьці свой пункт погляду да эўрапейскіх палітыкаў?

Так, і як аргумэнт — тое, што мы зацікаўленыя ў разьвіцьці кантактаў паміж ЭЗ і найбольшай колькасьцю прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Мой самы вялізны страх, што калі будуць уводзіцца больш і больш санкцыяў — так, магчыма, яны лягічныя, абгрунтаваныя і г.д. — што адносінаў паміж нашай краінай і ЭЗ стане ўсё менш, і ЭЗ зьнікне з беларускай прасторы абсалютна, і мы будзем усё больш адыходзіць у бок усходу. На сёньня гэта выбар паміж дрэнным і горшым, калі глядзець на нашы адносіны з ЭЗ.

***

«Офіс за дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі — грамадзкая арганізацыя, заснаваная беларусамі, якія пражываюць за мяжой, дзеля ўмацаваньня сувязей паміж беларускімі прадэмакратычнымі групамі, у тым ліку НДА, палітычнымі партыямі, незалежнымі СМІ з аднаго боку, і інстытутамі ЭЗ, Радай Эўропы, НАТА, ААН , міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца правамі чалавека, і міжнароднай прэсай — зь іншай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG