Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: не ўдаецца дамовіцца зь Менскам па агульнай валюце


Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што ў пытаньні агульнай валюты Расеі і Беларусі, па якім не дасягнута дамоўленасьцяў, «мяч» застаўся на беларускім баку.

«Трэба сумленна сказаць, што ў эканамічнай галіне мы зь Беларусьсю не змаглі дамовіцца да тых ступеняў інтэграцыі, якіх бы нам хацелася. Напрыклад, мы не змаглі дамовіцца з нашымі беларускімі сябрамі па стварэньні агульнай валюты», — заявіў Пуцін на сустрэчы з вэтэранамі ў Санкт-Пецярбургу.

Ён не стаў удавацца ў прычыны таго, што здарылася, але дадаў: «Я лічу, што мяч ўсё роўна застаўся на іх баку па гэтым пытаньні».

Паводле Пуціна, беларускі бок стаў вылучаць ўмовы, якія не рэалізуецца для расейскай эканомікі.

«Мы не можам мець два эмісійныя цэнтры, гэта значыць банкі, які друкуе грошы і там, і там».

Падчас сустрэчы адзін з удзельнікаў спытаў у прэм’ера, ці ўдасца вэтэранам пры жыцьці ўбачыць саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі.

Кіраўнік урада Расеі адзначыў, што разьвіцьцё стасункаў Расеі і Беларусі зьяўляецца адным з найважнейшых напрамкаў зьнешняй палітыкі краіны.

«Адраджэньне Савецкага Саюза немагчыма і не трэба, на жаль», — адзначыў прэм`ер і дадаў, што гістарычнай місіяй зьяўляецца неабходнасьць захаваньня ўсяго добрага, што засталося сучасьнікам ад мінулых пакаленьняў.

Пуцін заявіў, што Расея гатовая на самыя глыбокія формы каапэрацыі зь Беларусьсю і заўважыў, што ўпершыню за пастсавецкія гады атрымалася ў гэтым пляне зрабіць рэальны крок — стварыць Мытны саюз.

«Многае, што было зроблена намі на трэку Расеі і Беларусі, можа і павінна быць выкарыстана ў будаўніцтве глыбокіх ступеняў інтэграцыі ў сфэры эканомікі», — адзначыў расейскі прэм’ер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG