Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш мець працу — пераязджай у Расею


Значная частка гарадзенскіх грузаперавозчыкаў вымушана была пакінуць Беларусь і перавесьці бізнэс у Расею.

Многія з тых, хто засталіся ў Беларусі, сёлета яшчэ ніводнага разу ня выехалі ў рэйс.

Прадпрымальнік спадар Аляксей мае пяць ЦІРаў, займаецца грузаперавозкамі з Эўропы ў Расею. Сёлета ў рэйс ня выехала ніводная ягоная машына. Ён кажа, што ўжо з канца мінулага году аб’ёмы грузаперавозак адчувальна зьменшыліся. Акрамя таго, фірма не атрымала ніводнага дазволу на ўезд у Расею.

Спадар: «Каб трапіць на тэрыторыю Расеі з грузам з трэцяй краіны, мне трэба мець дазвол. Да прыкладу, калі я вязу груз з Польшчы ў Расею, то на гэта мне выдаецца дазвол расейскім бокам. Зь Беларусі такога дазволу не патрэбна. А гэтыя дазволы расейскім бокам абмяжоўваюцца».

Пра абмежаваньні на выдачу такіх дазволаў мне казалі ўсе аўтаперавозчыкі. Нават вялікія фірмы, у складзе якіх 50 і болей ЦІРаў, за апошнія гады атрымалі гэтых дазволаў у тры-чатыры разы меней, чым мелі раней. Такім чынам, са слоў прадпрымальнікаў, расейскі бок бароніць сваіх перавозчыкаў.

Уладальнік яшчэ аднае невялікае фірмы-перавозчыка, спадар Віталь, зьвяртае ўвагу на тое, што зарабіць яны маглі ў асноўным на перавозках з Эўропы ў Расею, бо ўнутрыбеларускія перавозкі стратныя, а зь Беларусі ў Расею альбо Казахстан — нестае аб’ёмаў.

Ён кажа, што апошнім часам праца ягонай фірмы нерэнтабельная, бо пры ўезьдзе зь Беларусі ў Польшчу абмежаваны вываз паліва, а калі рэйс у Нямеччыну альбо Галяндыю, то там заправіцца, каб вярнуцца назад, яны ўжо з-за высокай цаны ня могуць. Да гэтага дадаецца праблема і з рамонтам аўтамабіляў, калі тыя псуюцца за мяжой.

Спадар: «Калі, ня дай Бог, нейкі вялікі рамонт — капрамонт рухавіка, які ня меней за 2 тысячы эўра каштуе, то адразу ўсе машыны фірмы працуюць на адну машыну. Ды нават калі кола стрэліць, то гэта ўжо 400 даляраў, на гэта трэба два рэйсы зрабіць».

Тым ня менш беларускія перавозчыкі знайшлі выйсьце і з гэтае сытуацыі. Спадар Віталь кажа, што лепшая частка гарадзенскага аўтапарку, дзе найбольш новыя машыны, ужо зарэгістравана ў расейскіх гарадах — беларускія перавозчыкі паадкрывалі там свае фірмы.

Спадар: «Такіх фірмаў шмат у Смаленску, па 250–300 машын павыганялі, зьмянілі беларускія нумары на расейскія — і дазволаў ніякіх ня трэба. І такія вялікія машыны паўганялі — напэўна, палову нашага беларускага аўтапарку. Да прыкладу, у Маскве былая лідзкая фірма „Ілона“ — проста ні з чым не параўнаць, усе машынкі новыя. Шмат хто і на Калінінград зьехаў і там працуе».

Некалькі ўладальнікаў фірмаў грузаперавозак казалі мне, што апошнім днём іхнай працы ў Беларусі стане дзень чарговага падаражэньне паліва, калі яны ўжо зусім ня змогуць тут працаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG