Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагон у законе


Кулінарны фэстываль "Мотальскія прысмакі". Можна пабачыць, як гатуецца самагон, і пакаштаваць.
Кулінарны фэстываль "Мотальскія прысмакі". Можна пабачыць, як гатуецца самагон, і пакаштаваць.

Сем дзяржаўных прадпрыемстваў атрымалі дазвол уладаў і стварылі ўласныя заводы па вытворчасьці самагону.

На сёньня гэта турыстычныя і музэйныя комплексы, а таксама Нацыянальны парк «Белавеская пушча». Гэткім чынам, самагонаварэньне ў Беларусі становіцца на прамысловую аснову.

Дазвол ад Саўміну на вытворчасьць самагону атрымаў нядаўна Гарадзенскі мясакамбінат. Яго «гарэлачны цэх» вырабляе і прадае гэты моцны напой у этнаграфічным комплексе «Каробчыцы».

Жыхар Горадні Раман Юргель удакладніў для «Свабоды», што ініцыятыва вырабляць самагон уласнай вытворчасьці належыць гендырэктару Анатолю Грышуку:

«Гэта той прадукт, якія прыносіў прыбытак ва ўсе часы. Выраб каштуе капейкі, а насельніцтву прадаюць даражэй. На маю думку, многія цяпер у Каробчыцы едуць і будуць ехаць ня дзеля скульптураў, якія там вырабілі разьбяры па дрэве, а смакаваць гарэлку. Упэўнены, што самагонка пераб'е культурніцкі напрамак комплексу Каробчыцы».

Прапануюць самагон і ў прадпрыемстве «Гасьцінны маёнтак» на тэрыторыі горналыжнага спартыўна-аздараўленчага комплексу «Лагойск». Належыць «Гасьцінны маёнтак» фірме «Трайпл», якой валодае набліжаны да кіраўніцтва Беларусі бізнэсмэн Юры Чыж.

Яшчэ раней у пералік легальных самагоншчыкаў трапілі фэрмэрская гаспадарка «Белвежтур» расейскага бізнэсоўцы Мікалая Бурноса, сумеснае адкрытае акцыянэрнае таварыства «Рэстаранны холдынг», агракамбінат «Дзяржынскі». Усяго ў сьпісе пакуль сем прадпрыемстваў. Цікавасьць да гэтага бізнэсу апошнім часам расьце. Пра гэта кажа старшыня праўленьня Беларускага грамадзкага аб'яднаньня «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова:

«Гэты бізнэс можа быць пашыраны. Зараз вельмі многія людзі, і прадпрыемствы, і комплексы жадаюць гэта рабіць. Акрамя таго, у некаторых ёсьць рэцэпты іншых алькагольных напояў. Гэта таксама яшчэ некрануты пласт…»

Доктар гістарычных навук, знаўца беларускай кухні Алесь Белы – уласьнік драўлянай шляхецкай сядзібы «Марцінова Гусь» у Валожынскім раёне. Ён абвяргае думку, што беларускі самагон можа быць нацыянальным брэндам:

«Ініцыятары культу самагонкі ў Беларусі самі ня ўпэўненыя ў традыцыйнасьці гэтай зьявы. Яшчэ нават няма ста гадоў, як да самагонкі пачалі прызвычайвацца беларусы. Гэта вынік Першай усясьветнай вайны, якая пачалася ў 1914 годзе. Па-другое, цяперашняе заканадаўства ў Беларусі недасканалае ў гэтай справе.

Я лічу, што трэба было б даваць магчымасьць прыватным асобам, пры пэўным падатковым зборы, уганяць гэту справу ў легальнае рэчышча пры ўмове нагляду й кантролю за працэсам. Той, хто робіць самагонку, мусіць рэгістраваць афіцыйна свае апараты, рэцэпты. Павінна быць пэўнасьць, што іх вырабы не атруцяць людзей».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на кожнага беларуса, ад немаўляці да дарослага, цяпер прыпадае за год больш як 10 літраў алькаголю. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў ня толькі ў Эўропе, але і ў сьвеце.

Тым часам мэдыкі адзначаюць пагаршэньне здароўя насельніцтва, у тым ліку дзяцей і жанчын. Пра гэта «Свабодзе» заявіла і загадчыца аддзяленьня Рэспубліканскага клінічнага псыхіятрычнага шпіталя «Навінкі» Настасься Раманенка. Спэцыяліст катэгарычна супраць пашырэньня вытворчасьці і продажу ў Беларусі самагону:

«Бяда беларускай самагонкі – як і ўсялякага алькагольнага напою. Самагонка ніколі ня можа быць карысная. Любы алькаголь – гэта атрута».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG