Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатая дзясятка кніг 2011 году: Уладзіслаў Ахроменка. Тэорыя змовы


Уладзіслаў Ахроменка
Уладзіслаў Ахроменка

Аўтар вядомы беларускаму чытачу па супольных з Максімам Клімковічам творах. «Тэорыя змовы» — ягоная першая самастойная кніга, жанр якое пазначаны як кінараман-фарс.

Выдавецтва Логвінаў, у якім выйшла кніга Уладзіслава Ахроменкі, так прарэклямавала яе:

«Калі твая зброя — кулямёт MG-42, а не дыктавы нож, калі ты атрымліваеш асалоду ад шляхотнага каньяку, а не закіслага піва, калі ты чытаеш папяровыя кнігі, а не бязглуздыя сайты — гэты раман для цябе. Калі ты сапраўдны аматар вострасюжэтных інтрыгаў, шматхадовых авантураў і фаерычных пагоняў — без ваганьняў бяры ў рукі кнігу.

Раман Уладзіслава Ахроменкі з правакацыйным назовам „Тэорыя змовы“ ў парадаксальнай і жорсткай форме ставіць тыя беларускія пытаньні, якія многія баяцца сабе задаць нават у думках.

Адказы гучаць іранічна, цынічна, непрадказальна і радыкальна.

Чытай, думай, рабі высновы, спрачайся з пэрсанажамі і аўтарам».

Выдавецкая прамоцыя апынулася трапнай. Каардынатар літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» паэт Алесь Аркуш паставіў «Тэорыю змовы» на другое мейсца свайго прыватнага рэйтынгу і ўключыў кнігу ў шорт-ліст прэміі.

«Яшчэ за часамі „Тутэйшых“ мы ставілі такую мэту — стварыць масавую літаратуру, якую б было цікава чытаць і ў электрычцы, і ў цягніку. І калі казаць пра такую літаратуру, то гэта, бадай, самая ўдалая кніга. Яна напісана вострасюжэтна. І яшчэ — яна напісана добраю моваю, што рэдка бывае для такіх маскультурных кніг».

У агульным кніжным рэйтынгу нашага радыё «Тэорыя змовы» заняла сёмы радок, а вось у намінацыі проза — першы. І гэта, паводле меркаваньня літаратуразнаўцы і філёзафа Валянціна Акудовіча, цалкам адэкватная ацэнка раману.

«У мяне даволі пытаньняў да структуры „Тэорыі змовы“, яе сюжэту і фабулы. Хапае і больш лякальных заўвагаў. Але разам з тым гэта — ці ня лепшы беларускі раман 2011 году. У аўтара атрымалася злучыць брутальны зьдзек над тупой нацыяналістычнай ідэалёгіяй з рыцарскім рамантызмам у змаганьні за нацыянальныя каштоўнасьці. „Тэорыя змовы“ — вясёлы, разьняволены, хуліганскі тэкст з даволі глыбокім сэнсам. І калі месцамі ён залішне выглядае прымітыўным, дык не сьпяшайцеся з высновамі. Паспрабуйце больш уважліва асэнсаваць гэты, нібыта глупаваты сэнс. А яшчэ адзначу мову. Мала хто з нашых празаікаў мае такі багаты слоўнік і такое пачуцьцё стылю. Раман варта чытаць нават дзеля гэтага — мовы і стылю Ўладзіслава Ахроменкі».

Раман распавядае пра выпускніка сталічнае ВНУ па імені Скіргайла. Натхнёны паэт, высакародны адраджэнец і малады спэцыяліст трапляе па разьмеркаваньні ў Таргачоў — тыповы беларускі райцэнтар. Скіргайлавы рамантычныя парывы сустракаюць татальнае непаразуменьне з боку простых таргачоўцаў, раённай улады, а таксама кантынгенту расейскай ракетнай базы «Волга-Волга», што стаіць у Таргачове. Але раптам маладзёну выпадае ўнікальны шанец выправіцца ў мінуўшчыну і з дапамогай знойдзенай там загадкавай Дзіды Лангіна кардынальным чынам зьмяніць лёс Радзімы. Патрабуецца для гэтага ўсяго толькі прадаць душу д’яблу. Пасьля шматлікіх прыгодаў у даўнейшых часох паэт урэшце вяртаецца ў рэал і адразу ж спатыкаецца зь невядомым фацэтам, які падобны ці то да тэхаскага каўбоя ці то да вэкээлаўскага вершніка. Ад якога выслухоўвае курс навукі маладога адраджэнца.

«Ведаеш, з чаго ўсё пачынаецца? — голас незнаёмца прагучаў больш добразычліва. — З самапавагі. Пакуль чалавек не навучыцца паважаць уласны розум і плён уласнае працы — ніхто ў цэлым сьвеце яго паважаць ня стане. І не хрэн вінаваціць у сваіх праблемах іншых.

— Я ж вершы пішу! — паспрабаваў самаапраўдацца паэт, паціскаючы балючае запясьце.

Думаеш, хворы на быдлярства народ наслухаецца-начытаецца тваіх вершыкаў і імгненна запаважае сваю мову, культуру і гісторыю? — абсёк суразмоўца. — Ня зь вершыкаў самапавага пачынаецца! І ўжо тым больш не зь біцьця па дупах…

— А з чаго?

— А ты сам падумай! Даўмеесься — станеш пераможцам!

— Пераможцам? — сумеўся адраджэнец. — Дык Дзіда Лангіна згубленая! Яна ў замешанай гліне патанула!

— Згубіў — знайдзі! — імгненна пасувораў госьць і гостры край стэнсана заблішчаў пагрозьліва, нібы лязо.

З-за вакна данеслася конскае іржаньне. Незнаёмец падняўся, спрактыкавана паправіў стэнсан руляй абрэза і нетаропка падаўся за дзьверы».

У рамане шмат захапляльна-вусьцішных сцэнаў, вартых кінематографа. Вось карцінка зь беларускага пекла.

«Працы няма, чаркі і шкваркі няма, роўнасьці няма, справядлівасьці няма, здаровага сэнсу таксама няма…Адно бруд на вуліцах, які, да таго ж, катэгарычна забаронена прыбіраць. Ну і штодзённыя фізычныя катаваньні, само сабою. Прытым вадкі мэтал і гарачая смала — яшчэ ня самае страшнае.

Экран неадкладна ўзбуйніўся карцінкай: турэмная камэра з катаўнічым рыштункам, двое д’яблаў з бізунамі і тоўстая скрываўленая дупа на лаве. З кампутарных дынамікаў панёсься-паляцеў голас, які падаўся Скіргайлу надзіва знаёмым:

— А можа, так яно і трэба? Таварышы чэрці, вы толькі дазвольце лазьню з кабанчыкам — і я ўсё-усё буду трываць!..

Рытмічна ўздымаліся і апускаліся бізуны, чвякала мяса, пырскала кроў. Спатнелыя д’яблы сумленна катавалі душу старшыні таргачоўскага райвыканкама: сыпалі на раны соль, заганялі пад пазногці распаленыя голкі і нават сікалі яму ў твар.

Але ж катаваньні так і не прыносілі чаканага плёну.

— Толькі б не была вайны! — удзячна вішчаў Качан. — Не пабіраемся ж — то і добра!

Сьвяты Юр’я і сакратарка шматзначна перазірнуліся.

— Гэтыя савецкія беларусы — самая цяжкая для перавыхаваньня публіка, рэзюмаваў фацат. — Нават у пекле са свайго становішча асалоду маюць!

— Мазахісты, як той казаў! — згодна пацьвердзіла сакратарка».

А вось як выглядае на старонках раману тутэйшы краявід пасьля працы на ім расейскіх, так бы мовіць, інвэстараў.

«— Ну што, Пятровіч, — капітан Капейкін панібрацкі прыабняў старшыню таргачоўскага райвыканкаму, — бачыш, якую прыгажосьць адгрохалі?

Пад зубчастым замкавым мурам узвышаўся бэтонны гібрыд японскага чайнага дамка і расейскага цераму. Нізкае сонца крывяніла цынкавых драконаў на вільчыках. З-за фасаду, здэкараванага пад гіганцкі какошнік, тырчэла пагада — нешта сярэдняе паміж званіцай Івана Вялікага і балістычнай ракетай „Сатана“. Вялізная шыльда стараславяскай вязьзю вытлумачвала сюррэалістычнае зьмяшэньне стыляў: СУШИ-КАБАКЪ „ЯПОНА МАТЬ“. Дзьверы новаадкрытай установы пільнаваў дужы малады азіят у парадным самурайскім строі, з катанай за поясам. Яго вузкія вочы зьзялі бессэнсоўным савецкім інтэрнацыяналізмам.

— Салідна, салідна, — зь непрыхаванай павагай ацаніў Качан. — Не чакаў нават такую экзотыку тут пабачыць. А я ўсім гаварыў — у надзейныя рукі гэтую зямлю аддаю!»

А закончым прадстаўленьне кнігі Уладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы» сцэнай выгляду беларускага раю, у якім пакуль яшчэ не пабываў паэт-адраджэнец Скіргайла.

«— Раю я, вядома ж, ня варты, — самакрытычна вызначыў адраджэнец. — Але ж мне цікава — а ці існуе насамрэч наш беларускі рай?

— Вядома ж, існуе, пацьвердзіў сьвяты Юр’я. — Але пакуль толькі адно на нябёсах. Беларускі рай — гэта калі працуеш не на розных казлоў, а на самога сябе. Калі паважаеш свой Край, свой розум і плён уласнае працы. Добрая кніжка ўвечары, паўнюткая чарка па сьвятах…

— Дык… такі ж рай і ў нас на зямлі можна зладзіць! — дайшло да адраджэнца.

— Вядома ж, можна! — пагадзіўся вершнік з „Пагоні“. — Толькі вось чамусьці мала хто ў Беларусі гэта разумее.

— Толькі і ўмееце, што на розныя цуды спадзявацца! — падначыла былая памагатая нячысьціка. — Таму і ведзяцеся на відавочную бязглузьдзіцу, якую вам штораз размаітыя казлы падсоўваюць!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG