Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатая дзясятка кніг 2011 году: Максім Багдановіч. Энцыкляпэдыя


Мы працягваем распавядаць пра кнігі, якія паводле меркаваньня дваццаці двух экспэртаў нашага радыё, склалі «Залатую дзясятку-2011». Мінулы выпуск праграмы «Дом літаратара» быў прысьвечаны зборніку казак «Дзінь-дзілінь» Сержука Вітушкі, які заняў дзясятае месца ў агульным рэйтынгу. Гэтым разам мы прадставім кнігу, якая з амаль сотні выданьняў, названых найлепшымі, у выніковым сьпісе апынулася на дзявятай пазыцыі. Гэта энцыкляпэдычны том, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці Максіма Багдановіча. Ён выйшаў летась у выдавецтве «Беларуская Энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі» перад самым 120-годзьдзем клясыка нацыянальнай літаратуры.

За месяц продажу гэты том стаў адным з самых запатрабаваных у менскіх кнігарнях. Ягоны ўнівэрсальны зьмест прыцягвае дасьледчыкаў, выкладчыкаў, прапагандыстаў айчыннага прыгожага пісьменства. Гаворыць навуковая супрацоўніца Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева, якая ў сваім прыватным рэйтынгу ўлічвала думкі і густы калег па працы:

«Энцыкляпэдычныя даведнікі настолькі патрэбныя, настолькі важныя, таму так і атрымалася, што мы больш не мастацкія, а менавіта такія кніжкі паставілі на першыя месцы. Яны надта патрэбныя для працы і я спадзяюся, ня толькі нам, музэйшчыкам. Да таго ж яны ня так часта выходзяць, а над гэтым, наколькі я ведаю, працавалі не адзін год. Адна справа, што сам ён вельмі добра, якасна зроблены, а другая — што ён вельмі патрэбны. Паверце, у мяне дома розных слоўнікаў і энцыкляпэдыяў вельмі шмат, я імі часьцей за ўсё карыстаюся. Таму гэты момант вельмі важны».

Аргумэнтацыю музэйшчыкаў на карысьць пэрсанальнай энцыкляпэдыі, прысьвечанай Максіму Багдановічу, працягвае дасьледчыца беларускай літаратуры часоў жыцьця клясыка дацэнтка Белдзяржунівэрсытэту, якой да таго ж пашчасьціла і насіць прозьвішча слыннага паэта, Ірына Багдановіч. Яна, дарэчы, зьяўляецца і адной з аўтарак гэтага тому.

«Гэта апошняе слова пра асобу і творчасьць Максіма Багдановіча, якое ёсьць на сёньняшні момант. І гэта вельмі важна. Магчыма, штосьці можна было зрабіць больш дасканала, але тым ня менш гэта — выдатная рэч, якая асобу і творчасьць Максіма Багдановіча на сёньняшні час прадстаўляе вельмі поўна, багата, шматаблічна. Гэта фундамэнтальная праца, безь якое дасьледчыкі наступных часоў ужо не абыдуцца ў любым выпадку. І таму я ніякім чынам не магу сказаць, што гэта ня зьява кніжнага буму мінулага году. Гэта для беларускай літаратуры, літаратуразнаўства вельмі знакавая рэч».
Гэта фундамэнтальная праца, безь якое дасьледчыкі наступных часоў ужо не абыдуцца ў любым выпадку.

Багдановічава энцыкляпэдыя — трэцяя ў гісторыі беларускай літаратуры. Першыя дзьве, прысьвечаныя Скарыну і Купалу, выдадзеныя яшчэ за савецкім часам. І тое, што аналягічнае выданьне ў гонар Багдановіча ня выйшла, як хацелі дасьледчыкі, да 100-годзьдзя паэта, сталася толькі на карысьць яму, лічыць паэт і літаратуразнаўца Юрась Пацюпа.

«Многія артыкулы Купалавай (я не гавару ўжо пра Скарынаву, там трошкі, можа, лепш, але таксама ня вельмі) трэба перапісваць па-новаму, а значную частку артыкулаў Багдановічавай ня трэба будзе перапісваць празь некалькі дзесяцігодзьдзяў. Таму ў гэтым сэнсе яна, безумоўна, лепшая. Хоць, можа быць, там няма такой вытрыманасьці як у тых папярэдніх, але разуменьне Багдановіча больш рэлевантнае. Тут трэба ацэньваць ня толькі вартасьць самой кнігі, але наагул вагу праекту. З усіх леташніх выданьняў энцыкляпэдыя Багдановіча — гэта ледзь не праект нумар адзін за год. Калі б у ёй не было заганаў, напэўна, я паставіў бы яе і на першае месца».

Спадар Пацюпа паставіў Багдановічаву энцыкляпэдыю ў сваім прыватным рэйтынгу на другое месца. А вось паэтка Аксана Спрынчан лічыць кнігу найлепшай за мінулы год.

«Энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» абраная мною як найлепшая кніга году, бо гэта надзвычай важны нацыянальны праект. Такога гонару ў гісторыі Беларусі раней удастойваліся толькі Янка Купала ў 86-м і Францішак Скарына ў 88-м. Пры гэтым улада тады не дазволіла напісаць на кнігах «энцыкляпэдыя», каб яны ня сталі ў адзін шэраг з расейскай Лермантаўскай энцыкляпэдыяй. І яны былі пазначаныя як «энцыкляпэдычныя даведнікі».

Энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч» была задуманая і распачатая яшчэ напрыканцы 80-х Янкам Саламевічам. На жаль, увесь час не ставала то грошай, то жаданьня начальства. На шчасьце, галоўныя рэдактары прыходзяць і сыходзяць, а Максім Багдановіч і «Энцыкляпэдыя» застаюцца. Цяпер яны паяднаныя. Хіба гэта ня варта першага месца?! Тым болей, што і «Пагоня» па старонках ляціць.

І яе «Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць».

Унікальнае выданьне стала магчымым дзякуючы ахвярным намаганьням ягоных складальнікаў Янкі Саламевіча і Міколы Труса. Першы дваццаць пяць гадоў таму распачаў, а другі летась завяршыў фундамэнтальную працу. Абодва рабілі гэта, як за савецкім часам казалі, на грамадзкіх пачатках, не атрымліваючы ні капейчыны. Як тое было, распавядае літаратуразнаўца Мікола Трус:
Паколькі гэта была прыватная ініцыятыва, яна не была падмацаваная ні фінансава, ні арганізацыйна і таму справа так ціха пайшла ў пясок.

«Гэтая кніга задумвалася яшчэ ў 87-м. Гэта была прыватная ідэя Янкі Саламевіча, які на той час працаваў у выдавецтве „Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя“. Ён пачаў складваць слоўнік, зьвязвацца з аўтарамі, тыя пачалі пісаць артыкулы, а потым усё прыпынілася. Час пачаў мяняцца, узьніклі аб’ектыўныя эканамічныя прычыны дый проста не было каму пісаць. Што маглі на той час — напісалі, а паколькі гэта была прыватная ініцыятыва, яна не была падмацаваная ні фінансава, ні арганізацыйна і таму справа так ціха пайшла ў пясок».

Мінула дваццаць гадоў, вырасла новае пакаленьне дасьледчыкаў, якое рэанімавала ідэю старэйшых калегаў. Спадар Трус працягвае:

«Напрыканцы 2007 году на адной з навукова-практычных канфэрэнцый, якія праводзяцца ў Літаратурным музэі Багдановіча, прагучала прапанова рэанімаваць ідэю Янкі Саламевіча. Спачатку агульна пагаварылі, а потым наблізіліся да большай канкрэтыкі. Вясной 2008-га сабралася ініцыятыўная група, якая пачала ідэю замацоўваць арганізацыйна. Абралі мяне на грамадзкіх пачатках гэтым усім займацца. Яно мне й рупіла рабіць, хоць разумеў, што грамадзкая ініцыятыва па-рознаму можа завяршыцца — нікога ж не абавяжаш рабіць задарма. Паспрыяла мне тое, што працаваў я тады па сумяшчальніцтве ў часопісе „Роднае слова“, і таму ведаў аўтараў, сам як літаратуразнаўца ведаў, хто чым займаецца, таму рабіў адрасныя звароты. У маім распараджэньні былі толькі дзьве матывацыі: прасі і пераконвай, альбо пішы сам».

Аднак асаблівых расчараваньняў аўтары не прынесьлі складальніку і за даволі сьціслыя тэрміны энцыкляпэдыя была падрыхтаваная. Наколькі поўна гэты фаліянт распавядае пра асобу і творчасьць нацыянальнага генія? Абсалютнай паўнаты, кажа спадар Трус, не бывае.
Энцыкляпэдыя падвяла пэўную рысу пад багдановічазнаўствам.

«Энцыкляпэдыя падвяла пэўную рысу пад багдановічазнаўствам. Гэта этапная падзея, па значнасьці яна і вехавая падзея. Артыкулы адразу высьвятлялі дваісты характар зьместу: з аднаго боку — падводзілі рысу, з другога — адкрывалі пэрспэктывы і той патэнцыял, які быў закладзены Багдановічам. У нечым мы нават і апярэджвалі час, прыкладам, у артыкуле Ўладзімера Кошчанкі „Інтэрнэт і Максім Багдановіч“. Таму гэтай супольнай працай мы і рысу падвялі, і нават час крыху апярэдзілі, але шмат што і не ўвайшло. Асабліва такімі рызыкоўнымі кірункамі былі пытаньні асэнсаваньня творчасьці Максіма Багдановіча, прадаўжальнікаў яго творчасьці. Увогуле была думка спыніцца толькі на сучасьніках яго, бо выхад на нашу сучаснасьць — гэта такі даволі сьлізкі момант, бо ў сучасьніках кожны паэт пачне адразу шукаць сябе».

Падрыхтаваны ахвярнай працай дасьледчыкаў том займеў шанец быць выдадзеным толькі пасьля стварэньня вясной 2011-га рэспубліканскага аргкамітэту па сьвяткаваньні 120-годзьдзя Багдановіча. У праграме камітэту асобным пунктам было запісана выданьне энцыкляпэдыі. Былі выдаткаваныя грошы выдавецтву «Беларуская Энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі», якое і выпусьціла том перад самым днём народзінаў паэта. Атрымаўшы на рукі фаліянт Мікола Трус не адчуў ні каліва расчараваньня.

«Не, расчараваньня нічым не было. Толькі эйфарыя, што кніга выйшла, таму што мала хто ў гэта верыў. Як факт зьдзейсьнены гэта вельмі радавала. Пры тым, што выдавецкія супрацоўнікі добра папрацавалі і з афармленьнем. Так што чатыры гады нашай непасрэднай працы і дваццаць гадоў падрыхтоўкі да яе нашых старэйшых калег не прапалі марна».

Гэты прыклад яскрава сьведчыць, як шмат можна зрабіць, дзякуючы адной прыватнай ініцыятыве. Маленькая купка людзей, якімі рухае любоў, а не загады чыноўнікаў, можа здолець больш за цэлыя дзяржаўныя ўстановы. То нашто тады такія ўстановы?

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG