Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі банк разьвіцьця рэкамэндуе «абмежаваць унутраны попыт»


Эўразійскі банк разьвіцьця настойліва рэкамэндуе ўладам Беларусі «значна абмежаваць унутраны попыт». Пра гэта гаворыцца ў ацэнцы справаздачы Міністэрства фінансаў Беларусі аб выкананьні ўмоваў 2-га траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, якая падрыхтавана экспэртамі Эўрапейскага банку разьвіцьця.


Як адзначаецца ў дакумэнце, у выніку працягу ў 2011 годзе палітыкі празьмернага стымуляваньня ўнутранага попыту, дагэтуль не ўдалося вырашыць ключавую праблему эканомікі Беларусі — крытычна высокі дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый. Правядзеньне такой палітыкі выклікала трохзначную інфляцыю і нарастаньне праблем у банкаўскім сэктары.

У мэтах найхутчэйшай стабілізацыі макраэканамічнай сытуацыі ЭАБР «настойліва рэкамэндуе ўладам Беларусі значна абмежаваць унутраны попыт праз спыненьне эмісійнага фінансаваньня дзяржаўных праграм і узмацненьне жорсткасьці грашова-крэдытнай палітыкі, у тым ліку праз павышэньне рэальных працэнтных ставак да станоўчага ўзроўню».

Спажывецкія цэны за 10 месяцаў узрасьлі на 89%

Як гаворыцца ў дакумэнце, на фоне праблем з валютай у пачатку мінулага года інтэнсіўнае фінансаваньне дзяржпраграмаў з эмісійных крыніц (7% ВУП за першыя пяць месяцаў) і значнае павелічэньне зарплаты справакавалі больш глыбокую, чым чакалася, дэвальвацыю беларускага рубля і імклівы рост цэн у эканоміцы. Спажывецкія цэны за 10 месяцаў узрасьлі на 89%, а цэны вытворцаў — больш як удвая. Як чакаецца, паводле вынікаў года ІСЦ перавысіць 120%.

Спэцыялісты канстатуюць: ва ўмовах высокай інфляцыі і дэвальвацыі, якія суправаджаліся множнасьцю курсаў, у другой палове года пачалося запавольваньне інвэстыцыйнай і спажывецкай актыўнасьці. Тэмпы прыросту ВУП зьнізіліся з 13,1% у студзені—траўні да 7% у студзені—кастрычніку з чаканым далейшым зьніжэньнем да 4,5% паводле вынікаў года. Гэтыя ж фактары пачалі адбівацца на стане банкаўскага сэктара, узмацніўшы слабасьць ліквіднай пазыцыі банкаў у замежнай валюце і пагоршыўшы якасьць іх актываў.

30 сьнежня 2011 года Беларусі быў пералічаны другі транш крэдыту АКФ у 440 млн. даляраў. У адпаведнасьці з зацьверджаным раней плянам, трэці транш крэдыту ў 440 млн. долараў павінен быць выдзелены Беларусі не пазьней за 28 лютага 2012 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG