Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мястэчка без савецкіх вуліц


Новая Мыш, Баранавіцкі раён.

Мястэчка Новая Мыш знаходзіцца ўсяго ў сямі кілямэтрах ад Баранавічаў. Але ў параўнаньні зь вялікім горадам шмат у чым выйграе. Напрыклад сваёю тапанімікай. Тут няма ні Савецкай вуліцы, ні вуліцы Леніна, ні іншых бальшавіцкіх тапонімаў. Што для беларускага мястэчка, а тым больш былога райцэнтра, выглядае, як дзіва.



Па цэнтральнай вуліцы Слонімскай, якая пятляе паўз старыя камяніцы двух сынагог і крамаў вы трапляеце на вялікі рынкавы пляц з утульнай не «мураўёўскай» драўлянай царквой, строгім касьцёлам



і двухпавярховай камяніцай былой карчмы. Ужо бяз шыбаў, безь дзьвярэй, але яшчэ пад дахам, на фоне двух сучасных крамак гэтая карчма выглядае сапраўдным палацам.



А яшчэ ж ёсьць стары мураваны млын, сёньня жылы дом, больш падобны на замак.



Мыскі краязнаўца, гісторык Васіль Дубейка, у пошуку гістарычных зьвестак пра родныя мясьціны правёў не адну гадзіну ў архівах Вільні і Менска.


— Помнікам зьяўляецца само мястэчка. Менавіта яго пляніроўка. Мы можам бачыць плян канца 16-га стагодзьдзя. І бачыць гэту Рынкавую плошчу, якая ў час кірмашоў запаўнялася і вазамі, і тапчанамі, і тут сапраўды бурліла эканамічнае жыцьцё.

— Акрамя Слонімскай і Куніцкай якія яшчэ ёсьць назвы?

— Яшчэ ёсьць Загумённая. Праўда, у некаторых вуліцаў назвы зьмененыя. Садовая раней называлася Татарская. Указвалася, што раней там жылі татары. Баранавіцкая раней называлася Жыдоўскай. А мы з вамі знаходзімся на старажытным Рынкавым пляцы. Рынкавы пляц даволі значных памераў. Аляксандр Хадкевіч, апошні з Хадкевічаў, клапаціўся аб разьвіцьці Новай Мышы. І невыпадкова напачатку 17-га стагодзьдзя на картах яна пазначана, як горад. Мястэчка павінна было ператварыцца зь цягам часу ў буйны цэнтар Наваградзкага павету.

Пан Васіль лічыць, што Новай Мышы гістарычна не пашанцавала. Мястэчка, якое магло стаць вялікім горадам, пасьля патопу 13-ці гадовай вайны, спынілася ў сваім разьвіцьці. А мне здаецца, што Новая Мыш, не стаўшы горадам, максымальна захавала свой гістарычны твар. Хоць, па словах карэннай мышанкі Вацлавы Адамаўны Турцэвіч, сёньняшняе мястэчка і блізка не нагадвае тое, што было ў часы яе дзяцінства, у трыццатыя. Невысокая старая з арыстакратычным тварам зь вялікімі выразнымі вачыма, яна заўважна ажывае, апісваючы старое добрае жыцьцё.

— Цяпер ужо сяло сялом. А мястэчка лічылася амаль горадам. Па людзях. Шляхта — павінныя больш культурнымі быць. Мы мяшчане. У нас касьцёл, царква, жыдоўская сынагога. Дзе клюб у нас, туды хадзілі жыды простыя. А побач домік, то там была эліта. Каторыя вучоныя былі. Яны насілі, як некалі студэнты пры цары гароху, плашчы доўгія, шапкі з казырочкам чорненькія, круглыя. І вялікія сумкі з кнігамі. Татары. У нас шэсьць сем’яў было татарскіх. Тры ці чатыры карчмы.

— Тры ці чатыры карчмы? А вось гэтая карчма, якая стаіць на пляцы?

— Гэта быў начны бар. У гэтым доме жылі чатыры браты. Пратасевічы.

— Яны жылі на другім паверсе...

— Так. А ў нізе бар трымаўся. Жылі чатыры сям’і. Начны бар. Танцавалі. Музыка. Кафэ такое. Начное кафэ.

— Музыка?

— Яны ўсе ўчатырох музыкамі былі. Адзін на скрыпцы, другі на акардэоне. На барабане і, мусіць, на трубе.

— Зараз і ў сталіцы такога ня знойдзеш.

— З чаго жылі людзі? На нашай Куніцкай вуліцы 80 дамоў. З чаго жылі? Той быў мулярам, печы рабіў. Той цесьляром. Ткацкай справай займаліся. У кожнай хаце хоць нейкая прафэсія. Той бедна жыў, хто быў гультай. А калі мала зямлі было ці поле неважнае, толькі таму было вельмі цяжка. Два млыны! І начоска была. Воўну часалі. Была ўвязка. Цяпер жа нікога на вуліцы ня ўбачыш, не пагаворыш. Памірай у хаце. Ніхто ня зойдзе. Можаш ляжаць хоць тыдзень. Адзінокія людзі цяпер — гэта страшна.

Пра сёньняшні дзень мне больш чым вычарпальна распавяла адна маладая мышанка. Маёй суразмоўніцы каля 25 гадоў. Працавала на мясцовай птушкафабрыцы. Год таму яна нарадзіла дзіця. Але бацьку, як высьветлілася, немаўля ня бачыць ужо які месяц.

— На птушкафабрыцы птушніцы раней зараблялі мільён дзьвесьце.

— Да крызісу.

— Ну зараз жа паднялі зарплаты. У мяне муж будаўніком працаваў. Да крызісу атрымліваў мільён, мільён дзьвесьце. А як паднялі зарплату далі два чатырыста. А некаторыя атрымалі пяць. Асоба набліжаныя да майстра.

— Муж ня хоча зьбегчы на Расію?

— Ужо зьбег.

— І Вы яго адпусьцілі?

— А што рабіць у дэкрэце?

— І далёка паехаў?

— Недзе ў Падмаскоўі. Сто кілямэтраў ад Масквы. А што рабіць? Усе зараз туды едуць.

— Многа зьехала?

— На птушкафабрыцы многія сышлі. У майго мужа ў брыгадзе было 25 чалавек. Засталося дзесяць. Ва ўсіх жа крэдыты. Жонкі ў дэкрэтах. А з нашымі цэнамі? Ці дзіця на сою цалкам пераводзіць?

— З 25-ці чалавек брыгады засталося 10.

— Астатнія зьехалі. У нас жа крызісу ў краіне няма. У нас усё добра. У нас ўсё добра.

Маладуха нэрвова засьмяялася паўтараючы гэтае «ў нас усё добра». Бо добрага сапраўды ня так шмат. Больш за палову працоўнага насельніцтва нібы пайшло на фронт. Хай на працоўны, але фронт. Што зь імі там адбываецца? Дзе яны жывуць? Ці вернуцца здаровымі? Дзеці растуць ня бачачы бацькоў. Але самае сумнае, што гэта толькі пачатак мабілізацыі.

А скончым мы наша падарожжа вершам пані Вацлавы. Старая паспрабавала ў вершаванай форме вынайсьці формулу шчасьця. Можа, па форме атрымалася і наіўна, але па зьмесьце няма чаго дадаць.

Я люблю сваю Радзіму,

У ёй хочацца мне жыць.

Быць шчасьлівай і любімай,

Зь людзьмі добрымі дружыць

Каб друг дружку паважалі,

Заўжды ветлівы былі.

І старэйшых шанавалі

Без папроку і маны.

Каб сумленных выбіралі,

Умелі добра кіраваць,

Тады край будзе багаты

Будзе квітнець і расцьвітаць
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG