Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як старшыня райвыканкаму не пусьціў пэнсіянэра да генэральнага пракурора


Аляксандар Канюк, генэральны пракурор
Аляксандар Канюк, генэральны пракурор
Пэнсіянэр Мечыслаў Валуевіч, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, былы старшыня калгасу, ня змог трапіць да генэральнага пракурора Аляксандра Канюка, які праводзіў прыём у Астравецкім райвыканкаме. У гэтым пэнсіянэру асабіста перашкодзіў старшыня мясцовага райвыканкаму Адам Кавалько.

Мечыслаў Валуевіч распавядае, што запісаўся на прыём да генэральнага пракурора заранёў. Ён хацеў паскардзіцца пракурору на тое, што раённыя ўлады ніякім чынам не рэагуюць на ягоныя просьбы аб правядзеньні рамонту дома, у якім ён жыве. Дом быў збудаваны на грошы аграгаспадаркі і надалей ёй належыць.

Калі падышла чарга Валуевіча ісьці да генэральнага пракурора, то, зь яго слоў, старшыня райвыканкаму Кавалько сказаў яму ісьці ў іншы кабінэт.

Валуевіч: «Дык мяне не пусьцілі да генэральнага пракурора. Кавалько мяне не пусьціў. Маўляў, там занята, заходзьце сюды».

Карэспандэнт: «Гэта старшыня райвыканкаму?»

Валуевіч: «Так. Сказаў, што будзем разьбірацца з маімі праблемамі і даложым генэральнаму пракурору».

Спадар Валуевіч кажа, што ў яго надзвычайная сытуацыя з домам. Ён засяліўся туды ў 2002 годзе, а ўжо ў 2004-м дом пачаў патроху развальвацца. І з таго часу, колькі пэнсіянэр ні зьвяртаецца ў райвыканкам, ніхто на гэта не рэагуе.

Спадар Валуевіч хацеў зьвярнуцца да генэральнага пракурора, найперш каб паскардзіцца на старшыню райвыканкаму. Ён распавядае, што сам Кавалько жыў у такім самым доме, які будаваўся ў той самы час, як і ягоны, і які таксама пачаў разбурацца.

Валуевіч: «Ягоны дом такі самы па праекце. Як і мой, збудаваны з такіх самых матэрыялаў. Але Кавалько дом разабралі да фундамэнту і зрабілі нанава, разумееце…»

Цяпер спадар Валуевіч кажа, што ня ведае, дзе шукаць дапамогі, і просіць, каб ягоную праблему асьвятлілі ў СМІ. Учора беларускае тэлебачаньне перадавала сюжэт пра прыём генэральнага пракурора ў Астраўцы, але праблему Валуевіча ніхто не згадаў.

У Астравецкім райвыканкаме «Свабодзе» адмовіліся камэнтаваць канфліктную сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG