Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьехаць, каб не вярнуцца


Беларускія ВНУ пастаянна павышаюць плату за навучаньне, а колькасьць бюджэтных месцаў скарачаецца. У той жа час Эўрапейская камісія выдзяляе 3,6 мільёна эўра на стыпэндыі для беларускіх студэнтаў, якія выкажуць жаданьне атрымаць адукацыю ў эўрапейскіх унівэрсытэтах.

Шмат беларускіх студэнтаў навучаюцца па-за межамі краіны па розных праграмах — да прыкладу, у Польшчы па праграме Каліноўскага, у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні. І, як паказвае практыка, з тых, хто атрымаў адукацыю за мяжой, толькі нешматлікія вяртаюцца ў Беларусь. А калі і вяртаюцца, то ня могуць уладкавацца па спэцыяльнасьці.

Многія студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту не хаваюць, што ня маюць вялікага жаданьня вяртацца на радзіму. Яны шукаюць месца працы ці далейшай вучобы за мяжой. Сёлетняя пяцікурсьніца ЭГУ Кацярына кажа:

«Большасьць студэнтаў, безумоўна, разьлічвае на тое, каб застацца ў Літве ці зьехаць далей, у Польшчу, у Эўропу. Але ёсьць і такія, якія зьбіраюцца вяртацца. І, я думаю, гэта правільна. Людзі хочуць зрабіць, каб у Беларусі было так, як і ў Эўропе».

Карэспандэнтка: «Але дзе можна ўладкавацца ў Беларусі, атрымаўшы дыплём ЭГУ, да прыкладу?»

«Толькі ў прыватнай фірме можна працаваць з дыплёмам ЭГУ, бо больш нікуды ня возьмуць. Але тыя, хто навучаецца, да прыкладу, у Польшчы, яны нават не разьлічваюць на тое, каб вяртацца ў Беларусь, бо ў іх зусім іншыя пэрспэктывы адкрываюцца».

Вольга Бурко атрымала ў ЭГУ ступень магістра па гендэрнай праблематыцы. Вярнулася ў Беларусь. Па спэцыяльнасьці працы няма:
Шчыра кажучы, я наагул ня маю ўяўленьня, як сабе рэалізаваць у Беларусі

«Да верасьня я працавала зь дзецьмі, у мяне было зарэгістравана прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Можна сказаць, што я выкарыстоўвала гендэрныя веды, у тым сэнсе, што я больш пісьменна падыходзіла да навучаньня. Але цяпер у сувязі з крызісам я прыпыніла дзейнасьць сваёй арганізацыі. Шчыра кажучы, я наагул ня маю ўяўленьня, як сабе рэалізаваць у Беларусі. У нас няма пляцовак, дзе сябе рэалізоўваць, няважна, у гендэрнай праблематыцы ці яшчэ ў якой».

Зьехаў у Расею, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Беларусі, а потым скончыўшы магістратуру ЭГУ па спэцыяльнасьці «Эўрапейскія дасьледаваньні», і палітоляг Дзьмітрый Балкунец:

«Па-першае, няма рынкавай эканомікі ў Беларусі, няма магчымасьці для працы ў той сыстэме, якая зараз створана. Я ведаю шмат студэнтаў зь Беларусі, якія навучаліся і навучаюцца ў Нямеччыне і застаюцца працаваць у нямецкіх фірмах».

Дар’я Шут навучаецца ў Нарвэгіі самастойна. Прыехала ў госьці да сяброўкі і вырашыла застацца. Самастойна вывучыла мову:

«Ніякімі грантамі і стыпэндыямі не карысталася, мне давялося працаваць цягам усёй сваёй бакаляўратуры. Сумяшчаць працу з вучобай і працаваць усе вакацыі. І толькі праз тры гады ў магістратуры я атрымала стыпэндыю».

Прычым спачатку ў Дар’і было жаданьне вярнуцца, і нават спэцыялізацыю яна абрала адпаведную:

«Я пачынала вучыцца з фокусам на Беларусь, то бок мне цікава было разьвіцьцё менавіта дэмакратыі. Вывучаючы гэтыя дысцыпліны, я проста зразумела, што гэта беспэрспэктыўна, з гэтым немагчыма будзе працаваць у Беларусі. Магчымасьці для кар’ернага росту невялікія. І я сфакусавалася на адносінах Нарвэгіі і Расеі, спэцыялізацыя ў мяне цяпер — па рыбнай галіне».

Карэспандэнтка: «То бок у вас будзе праца ў далейшым, зьвязаная з Нарвэгіяй і Расеяй. І наўрад ці вы вернецеся ў Беларусь?»

«Так, альбо яшчэ нейкая трэцяя краіна. Але яўна гэта будзе не Беларусь».

Выходзіць, што і стыпэндыяты, і тыя, хто вучыцца за мяжой за ўласныя сродкі, пакуль не сьпяшаюцца вяртацца на радзіму. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі па навуцы, адукацыі і культуры Ўладзімер Здановіч кажа, што даць адназначны адказ, добра гэта ці дрэнна, немагчыма:

«Калі наш выхадзец з краіны Беларусь правучыўся і застаўся працаваць у гэтай краіне, з кім лепш будзе наладжваць стасункі, з гэтым чалавекам ці з карэнным выхадцам той краіны? Канечне, зь беларусам. Па-другое, калі краіна робіць пэўныя захады для таго, каб найбольш таленавітых звабіць на свой бок, каб яны працавалі на карысьць той краіны, гэта ўжо, так бы мовіць, шпіянаж у галіне вышэйшай адукацыі. Зноў-такі, калі цікавяцца маладымі людзьмі з Рэспублікі Беларусь, то гэта гаворыць пра тое, што гэтыя людзі ня самыя горшыя ў сьвеце. Па-другое, гэта сьведчыць, што адукацыя беларуская — ня самая горшая. Таму пытаньне складанае, тут розныя пункты гледжаньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG