Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскія адносіны: пагрозы рэальныя і ўяўныя


Што абяцае Беларусі цяперашні этап дачыненьняў з Расеяй? Ці сапраўды Беларусі пагражаюць расейскія імпэрскія памкненьні і спробы атрымаць сыстэмаўтваральныя кавалкі беларускай эканомікі? На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Пікулік. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: Аляксей, падчас нядаўняй канфэрэнцыі ў Вашынгтоне, наладжанай Фондам Карнэгі, Вы заявілі пра наяўнасьць трох мітаў адносна расейскай палітыкі ў Беларусі.

«Першы міт – гэта тое, што Расея марыць аб палітычным паглынаньні Беларусі і адабраньні сувэрэнітэту ад беднага беларускага народу. Другі міт – гэта тое, што Расея хоча прыватызаваць усю беларускую эканоміку за цану аднаго даляра. Трэці міт – гэта тое, што Расея нічога так не баіцца, як магчымасьці Беларусі пачаць дыялёг з Захадам».

Дык што – на ваш погляд, беларуска-расейскія дачыненьні цалкам пазбаўленыя якой бы то ні было небясьпекі для Беларусі?

Аляксей Пікулік
Аляксей Пікулік
Пікулік: Мае словы былі вырваныя з кантэксту. Насамрэч мой выступ быў прысьвечаны зусім іншым пасылам і аргумэнтам, сапраўдным, а ня ўяўным пагрозам.

Цяпер мы назіраем паступовае ўцягваньне Беларусі ў зону ўплыву Расеі, якое, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца да канца прэзыдэнцкай кампаніі 2012 году. Расея, мяркуючы па ўсім, зацікаўленая ў стварэньні квазі-афшорнай зоны ў Беларусі, разглядаючы яе як краіну, празь якую будзе рабіцца транзыт “шэрых” расейскіх грошай, і як зону, у якой магчымы арбітраж па коштах і тарыфах для нафтавага бізнэсу, а таксама імпартных і экспартных патокаў. Гэта, на маю думку, зьяўляецца відавочнай і яўнай рызыкай для нашай краіны, паколькі ў Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, зьявіцца новы канал атрыманьня рэнтаў з Расеі і падтрымкі сацыяльнага кантракту. Гэтае сьцвярджэньне абапіраецца на аналіз ланцужкоў шэрагу нафтавых кампаній у аспэкце выкарыстаньня беларускай мытні. Акрамя таго, такую самую выснову можна зрабіць на падставе аналізу стратэгій расейскіх банкаў - «Сбербанку», ВТБ, ВЭБу, «Газпромбанку» па Беларусі, якія зацікаўленыя ў мэдыяцыі «шэрага» капіталу праз Беларусь.

Дадзеная мадэль, якая можа выкрышталізавацца ў бліжэйшай будучыні, не прадугледжвае палітычнай інтэграцыі Беларусі ў Расею - адпаведна не зусім дакладна казаць аб рэальнай цяпер пагрозе страты палітычнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці краіны. Пры гэтым, паўтаруся, эканамічныя рызыкі для краіны ў сувязі з гэтым праектам здаюцца велізарнымі і, у сваю чаргу, аказваюць уплыў на палітычныя рызыкі.

Дракахруст: А як наконт усталяваньня кантролю над ласымі кавалкамі беларускай дзяржмаёмасьці? Няўжо расейцам гэта насамрэч нецікава?

Пікулік: У дадзены момант (да выбараў 2012 году) расейскі бізнэс не рызыкуе прыходзіць у краіну, паколькі ўсьведамляе небясьпеку экспрапрыяцыі ўласнасьці, адсутнасьць незалежнай судовай сыстэмы і ненадзейнасьць Лукашэнкі. Расейскі бізнэс навучаны горкім досьведам імкненьня набыць усё танна ва Ўкраіне, калі па выніках адміністратыўнага “паходу” ён страціў дзясяткі мільярдаў. Пры гэтым Крэмль дэ-факта не займаецца “крышаваньнем” расейскага бізнэсу ў Беларусі і не абараняе карпаратыўныя інтарэсы (наўрад ці «Белтрансгаз», які ўжо напалову расейскі, можа быць тут прыкладам).

Дракахруст: Расея даволі хваравіта ўспрымала ўступленьне Беларусі ў праграму ЭЗ «Усходняе партнэрства». Вы мяркуеце, што цяпер яна абсалютна абыякава, па-філязофску, ставіцца да магчымасьці, што Беларусь «уцячэ на Захад»?

Пікулік: Расея, безумоўна, не зацікаўленая ва ўступленьні Беларусі ў НАТО і ЭЗ і ўсялякім чынам будзе гэтаму перашкаджаць. Але пры гэтым Крэмль ня будзе супраць узнаўленьня дыялёгу ЭЗ-РБ на нізкім і сярэднім узроўнях, актыўнага ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» і ўзнаўленьня сяброўства ў Радзе Эўропы. Наагул, да 2012 году ніхто ў Расеі ня будзе ўсур’ёз займацца пытаньнем Беларусі, якое пастаўленае на паўзу.

Дракахруст: Ну як жа на паўзу? Пуцін агучыў свой амбіцыйны праект Эўразійскага саюзу, з 1 студзеня 2012 году Беларусь, Казахстан і Расея пераходзяць у новую фазу мытнага саюзу…

Пікулік: Мытны Саюз і гульня ў эканамічную інтэграцыю на самой справе зьяўляюцца пуцінскім піяр-праектам, які наўрад ці можа быць да канца забясьпечаны Расеяй - у сувязі з падзеньнем коштаў на энэргетычныя рэсурсы (расейскі бюджэт будзе цярпець стрэс пры коштах на нафту ніжэйшых за 130 даляраў) і неспрыяльнага інвэстыцыйнага клімату. Выглядае, што Расея толькі гуляе ў імпэрыю. Гэтыя мае высновы грунтуюцца ў тым ліку і на аналізе , зробленым аналітыкамі кампаніі Citi Group: “Расейскі імпэрыялізм і рынак. Ня бойцеся мядзьведзя”. Хачу падкрэсьліць, што трэба зьвяртаць увагу ў першую чаргу на рэальныя бягучыя рызыкі і пагрозы для Беларусі ад узаемадзеяньня з Расеяй. І перш за ўсё таму, што знаходзячыся ў цені сыстэматычных рызык ад Расеі - як рэальных, так і перабольшаных (страта сувэрэнітэту, скупка ўсяго затанна, адразаньне Расеяй шляхоў на Захад), мы часам ня бачым сапраўды важных і небясьпечных працэсаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG