Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-латыскі суд за нафту адбудзецца 24 лістапада


Мова ідзе аб праве ўласнасьці на 110 тысяч тон тэхналягічнай нафты, якая знаходзіцца ў магістральным нафтаправодзе Полацк — Вэнтспілс і належыць беларуска-латыскай кампаніі "Латрастранс". Нафтаправод не выкарыстоўваецца са студзеня 2004 году.

Латгальскі акруговы суд Латвіі прызначыў на 24 лістапада разгляд іску ААТ "Полацктранснафта Дружба" аб спрэчнай нафце ў нафтаправодзе Полацк — Вэнтспілс.

У лістападзе 2010 года дзяржканцэрн "Белнафтахім" абвінаваціў "Латрастранс" у нанясеньні эканамічнай шкоды маёмасьці Беларусі. Паводле інфармацыі канцэрну, 25 лістапада "Латрастранс" пачаў зьліў тэхналягічнай нафты з нафтаправода Полацк — Вэнтспілс. "Белнафтахім" заявіў, што валодае дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць права ўласнасьці беларускага прадпрыемства "Дружба" на тэхналягічную нафту, і ня бачыць законных падстаў для аспрэчваньня гэтага права. У "Белнафтахіме" мяркуюць, што рэалізацыя пляну "Латрастрансу" па выцясьненьні нафты з нафтаправода і запаўненьні яго сумесьсю газаў прывядзе да немагчымасьці выкарыстаньня ўчастку нафтаправода Полацк — Вэнтспілс для перапампоўваньня нафты.

У пачатку сьнежня 2010 году Наваполацкае РУП па транспарце нафты "Дружба" (пасьля акцыянаваньня ў канцы 2010 году яно называецца ААТ "Полацктранснафта Дружба") зьвярнулася ў Даўгаўпілскі суд Латвіі з пазовам наконт права ўласнасьці на тэхналягічную нафту, якая знаходзіцца ў нафтаправодзе Полацк — Вэнтспілс. У якасьці адказчыка ў іску указваецца "Латрастранс".

10 сьнежня Даўгаўпілскі суд забараніў выпампоўваньне тэхналягічнай нафты з нафтаправода Полацк — Вэнтспілс. Пасьля гэтага кампанія "Латрастранс" падала сустрэчны пазоў у Латгальскі акруговы суд.

Разгляд спрэчкі паміж дзьвюма кампаніямі некалькі разоў адкладваўся. Пазоў павінен быў разглядацца 10 жніўня, але кампанія "Латрастранс" прадаставіла беларускаму боку дадатковыя матэрыялы для азнаямленьня ў межах справы, у выніку чаго пазоўніку спатрэбіўся час для аналізу дакумэнтаў і падрыхтоўкі сваіх аргумэнтаў. Суд быў перанесены на 15 верасьня.

Аднак да гэтага тэрміну "Полацктранснафта Дружба" зьмяніла прадмет пазову да "Латрастрансу", заявіўшы пра неабходнасьць ня толькі прызнаць права ўласнасьці на 110 тысяч тон тэхналягічнай нафты ў магістральным нафтаправодзе Полацк — Вэнтспілс, але і кампэнсаваць страты, выкліканыя незаконным выцясьненьнем больш як 40 тысяч тон нафты.

У сувязі са зьменай прадмета пазову Даўгаўпілскі суд прыняў рашэньне аб перадачы справы ў Латгальскі акруговы суд, які і вызначыў новую дату пачатку слуханьняў — 24 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG