Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законапраекты, што выклікалі заклапочанасьць, прызнаны канстытуцыйнымі


Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі прызнаў законнымі папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах і законы, што рэгулююць грамадзка-палітычную дзейнасьць. Як паведамляе інтэрнэт-сайт КС, адпаведнае рашэньне прынята Канстытуцыйным судом 28 кастрычніка. Законапраекты разглядаліся "ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю".

Па выніках разгляду яны прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. "Разам з тым Канстытуцыйным судом сфармуляваны прававыя пазыцыі, накіраваныя на ўдакладненьне канстытуцыйна-прававога сэнсу некаторых нормаў гэтых законаў", — гаворыцца ў паведамленьні.

Нагадаем, законапраекты, якія робяць больш жорсткімі правілы правядзеньня масавых мерапрыемстваў, а таксама ўмовы для дзейнасьці палітычных партый і грамадзкіх арганізацый, былі прыняты Палатай прадстаўнікоў 3 кастрычніка адразу ў двух чытаньнях на закрытым для СМІ пасяджэньні. Верхняя палата парлямэнту ўхваліла дакумэнты 21 кастрычніка.

Прыняцьце гэтых дакумэнтаў выклікала вялікі рэзананс у грамадзтве. Лідэры беларускіх НДА і праваабаронцы ў супольнай заяве заклікалі ўлады адмяніць рэпрэсіўныя законапраекты.

Паводле іх меркаваньня, папраўкі ў закон "Аб масавых мерапрыемствах" "парушаюць правы грамадзян на мірныя сходы, гарантаваныя як Канстытуцыяй Беларусі, так і базавымі нормамі міжнароднага права, уводзяць адміністрацыйную адказнасьць грамадзян за нявінныя дзеяньні і бязьдзейнасьць".

Папраўкі ў законы, якія рэгулююць грамадзка-палітычную дзейнасьць, як лічаць лідэры беларускіх НДА і праваабаронцы, "ствараюць новыя падставы для крымінальнага перасьледу актывістаў грамадзянскай супольнасьці і ўдзельнікаў мірных масавых акцый, парушаюць свабоду выказваньняў, сходаў і аб'яднаньняў".

На думку прадстаўнікоў апазыцыі і праваабаронцаў, названыя заканадаўчыя акты "маюць яўна антыправавы характар, скіраваны на празьмернае абмежаваньне правоў і свабодаў грамадзян". "Прыняцьце такога рэпрэсіўнага заканадаўства будзе азначаць легалізацыю гвалтоўных мэтадаў барацьбы з палітычнымі апанэнтамі, створыць у краіне атмасфэру страху, падштурхне грамадзтва да радыкалізму і зробіць немагчымым канструктыўны грамадзкі дыялёг. На ініцыятараў прыняцьця гэтых законапраектаў, а таксама на іх распрацоўшчыкаў — дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі — кладзецца адказнасьць за такія наступствы неабдуманай заканатворчай дзейнасьці", — гаворыцца ў заяве лідэраў беларускіх НДА і праваабаронцаў.

Ня ўводзіць у дзеяньне новыя законы афіцыйны Мінск таксама заклікалі прадстаўнікі міжнароднай грамадзкасьці, у тым ліку Эўразьвяз і АБСЭ. Паводле іх меркаваньня, новаўвядзеньні ў заканадаўства яшчэ больш абмяжуюць фундамэнтальныя правы на свабоду сходаў і асацыяцый у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG