Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьвіслачы ўзгадалі паўстанцаў, палітвязьняў і згінулых палітыкаў


Традыцыйны агульны здымак у Якушоўцы ўдзельнікаў Дня памяці
Традыцыйны агульны здымак у Якушоўцы ўдзельнікаў Дня памяці
Ушаноўваючы памяць паўстанцаў у Сьвіслачы актывісты з многіх гарадоў Беларусі называлі цяперашніх палітвязьняў і згінулых палітыкаў прадаўжальнікамі справы Кастуся Каліноўскага. Увесь час на мэрапрыемствах прысутнічалі “людзі ў цывільным”, усе дзеі здымаліся на камэру міліцэйскага апэратара.

29 кастрычніка ў Сьвіслачы каля сотні чалавек адзначылі Дзень памяці ўскладаньнем кветак да магілы Віктара Каліноўскага, бюста Кастуся Каліноўскага і помніка Рамуальду Траўгуту, а таксама наведалі сядзібу Каліноўскіх у Якушоўцы.

Яшчэ да пачатку мэрапрыемства, побач з царквой на гарадзкіх могілках, дзе знаходзіцца магіла Віктара Каліноўскага, сабраўшыхся папярэдзіў начальнік раённай міліцыі, каб не парушалі парадку, бо ў іх маўляў, маецца інфармацыя, што ў горадзе плянуецца правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька адзначыў у сваім выступе, што справа паўстанцаў 1863 года дагэтуль захоўвае сваю актуальнасьць:

“У першую чаргу я адзначаю тых, хто аддаў тое, што даецца чалавеку Богам – гэта жыцьцё. Гэта Юры Захаранка і Віктар Ганчар, а таксама нашы калегі, якія сёньня знаходзяцца ў вязьніцы: Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Бандарэнка, Мікола Статкевіч і іншыя, вызваленьня якіх мы павінны дабівацца”.

Каля бюста Кастусю Каліноўскаму прамаўляе Анатоль Лябедзька
Каля бюста Кастусю Каліноўскаму прамаўляе Анатоль Лябедзька


Былы палітвязень Алесь Кіркевіч з Горадні, наведаўшы сядзібу Каліноўскіх у Якушоўцы, казаў пра тое, што “Малады фронт” традыцыйна прымае тут прысягу на вернасьць радзіме. У яго быў вельмі ўзнёслы настрой і я запытаўся - што ён зараз адчувае ў гэтых мясьцінах?

“Адчуваю дух нашых герояў, якія ёсьць прыкладам для нас праз стагодзьдзі, тых герояў, якія сваімі учынкамі і дзеямі клічуць на працягу соцень гадоў людзей працягваць іх справу, справу незалежнай Беларусі – вяртаньне сапраўднай незалежнасьці”.

Арганізатары традыцыйна ва ўсіх месцах распавядалі пра гісторыю паўстаньня, пра людзей, якія бралі ў ім удзел, побач з кожным помнікам удзельнікі мэрапрыемства разгортвалі бел-чырвона-белыя сьцягі. Краязнаўца і публіцыст Уладзімер Хільмановіч прапанаваў у наступным годзе прыбрацца на ўсіх магілках паўстанцаў ва ўсёй Беларусі:

“Зрабіць гэта ў сувязі з тым, каб яшчэ праз год у 2013 годзе ўшанаваць памяць паўстанцаў на ўсіх магілах у розных рэгіёнах Беларусі. І каб гэта акцыя расьцягнулася на ўвесь год у розныя месяцы і ў розных мясцовасьцях, а скончылася тут у Сьвіслачыў агульным адзначэньнем 150-х угодкаў паўстаньня падчас традыцыйнага фэсту.”

Дзень памяці паўстанцаў 1863 года ў Сьвіслачы адзначаецца штогод пачынаючы з 1996 года пасьля таго, як гарадзенскія актывісты адшукалі там магілу Віктара Каліноўскага і ўпарадкавалі яе.

Нягледзячы, што сёньня ўвесь час за ўдзельнікамі мэрапрыемства сачылі “людзі ў цывільным”, нікога не затрымлівалі.

Ускладаньне кветак да помніка Рамуальда Траўгута
Ускладаньне кветак да помніка Рамуальда Траўгута
Побач з магілай Віктара Каліноўскага на могілках у Сьвіслачы
Побач з магілай Віктара Каліноўскага на могілках у Сьвіслачы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG