Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка хоча потым казаць, што Пуцін пераабраўся толькі таму, што Аляксандар Рыгоравіч яго падтрымліваў»


Ці прагучала што-небудзь новае ў артыкуле Аляксандра Лукашэнкі, апублікаваным сёньня ў расейскай газэце «Известия»? Якая форма і мадэль інтэграцыі найбольш прымальная для афіцыйнага Менску? Ці ўдасца беларускаму кіраўніку знайсьці бясьпечны шлях паміж рыторыкай пра інтэграцыю і пагрозай расейскага эканамічнага наступу?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць: зь Менску — галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

Валер Булгакаў
Кірыл Коктыш
Віталь Цыганкоў

«Працягваецца барабанны бой, што інтэграцыя — гэта наша доля, лёс і місія»


Цыганкоў: «Якую асноўную ідэя выказаў беларускі кіраўнік у сваёй публікацыі? Для чаго яму спатрэбілася пісаць у «Известия?»

Коктыш: «Як мне здаецца, адказ відавочны. Аляксандар Рыгоравіч убачыў, па-першае, што ляўровы вянок „галоўнага інтэгратара“ можа адысьці да Пуціна. А гэты вянок ён утрымліваў за сабой апошнія 10—15 гадоў — калі не ў Беларусі, то ў грамадзкай думцы краінаў СНД.

Па-другое, у Расеі зараз перадвыбарчая кампанія, і Лукашэнка ўбачыў, што Пуцін зьбіраецца рабіць кампанію менавіта на Эўразійскім зьвязе. І Лукашэнка імгненна паспрабаваў уключыцца ў гэтую тэму, даць зразумець, што безь яго гульня ў інтэграцыю ня будзе магчымая. Каб потым казаць, што Пуцін пераабраўся толькі таму, што Аляксандар Рыгоравіч яго падтрымліваў. Калі Лукашэнка здолее ўкараніць думку пра сваю ролю ў абраньні Пуціна, то гэта будзе заяўка на тое, каб атрымліваць грошы і прэфэрэнцыі з Расеі. Так што гэта зварот да традыцыйнай беларускай палітыкі, і пакуль іншай гульні ў беларускага прэзыдэнта няма».

Булгакаў: «Лукашэнку цяпер трэба ратавацца. Сытуацыя вельмі небясьпечная і крытычная для яго, бо паўсюль ворагі. Вораг на Захадзе, а на Ўсходзе — чалавек, зь якім Лукашэнка мае вельмі складаныя і супярэчлівыя адносіны — гэта Пуцін. Дыялёг з Захадам немагчымы, нейкіх прэфэрэнцыяў, акрамя эфэмэрнай надзеі на атрыманьне чарговага траншу МВФ, няма.

Таму натуральна, што Лукашэнка зьвяртае свае позіркі на Ўсход, але робіць гэта даволі тапорна. Пагаджуся з вамі, што ў артыкуле няма нічога новага, звычайнае словаблудзьдзе, рытарычныя фігуры, за якімі праступаюць рэальныя фобіі Лукашэнкі.
Трагізм сытуацыі ў тым, што на новыя выклікі, якія штодня адчуваюць на сабе беларусы, цяперашні прэзыдэнт ня здольны даць новых, зьмястоўных і арыгінальных адказаў.

Так, працягваецца барабанны бой, што інтэграцыя — гэта наша доля, лёс і місія, але за гэтымі заявамі праглядаюцца рамачныя ўмовы для вядзеньня размоў з расейскімі партнэрамі. Пры канцы артыкула шматзначна абвяшчаецца, што інтэграцыя — не самамэта, а сродак для падвышэньня дабрабыту грамадзянаў.

Таму, з майго гледзішча, гэта спроба будаваць пэўную перамоўную пазыцыю з новым гаспадаром Крамля ў сытуацыі, калі ў Лукашэнкі ў Беларусі сыходзіць глеба з-пад ног. Трагізм сытуацыі ў тым, што на новыя выклікі, якія штодня адчуваюць на сабе беларусы, цяперашні прэзыдэнт ня здольны даць новых, зьмястоўных і арыгінальных адказаў».

Цыганкоў: «Як Лукашэнка здолее прайсьці паміж песьнямі пра інтэграцыю і захаваньнем улады ў Беларусі? Ці ўдасца яму знайсьці такую форму стасункаў з Крамлём, каб ня ставіць пад пагрозу сваё паўнаўладзьдзе ў Беларусі?»

«Эўразійскі зьвяз — гэта ня той саюз, дзе хтосьці кагосьці будзе датаваць»


Коктыш: «Сама магчымасьць атрымліваць рэсурсы проста за сяброўства ўжо скончылася. Эўразійскі зьвяз — гэта ня той саюз, дзе хтосьці кагосьці будзе датаваць. Гэта даволі відавочны транзытны праект, калі тавары з Кітаю павінны перасоўвацца ў Эўропу праз усяго адну мытню. Гэта сумесны бізнэс, а не датаваньне аднаго адным.

Гэта ня тыя праекты, якія атрымліваліся на пачатку беларуска-расейскай інтэграцыі, калі пераразьмяркоўваўся вуглевадародны рэсурс — і гэтага хапала, каб забясьпечыць Беларусі дабрабыт. Цяпер вельмі спрэчна, каб гэты транзытны калідор удаўся як пасьпяховы бізнэс. Цяпер усе чакаюць другой хвалі сусьветнага крызісу, які панізіць рынкі яшчэ больш, і спадзяванкі на транзытныя грошы вельмі сумнеўныя.

Гэты транзытны саюз можа спрацаваць праз 5—10 гадоў, калі гэтыя краіны пачнуць будаваць унутраны рынак, абапіраючыся на ўнутраны попыт. Але гэта тая камбінацыя, пра якую пакуль ніхто ня думае.

Так што мне здаецца, што гэты праект ня вырашыць праблемаў, якія стаяць перад Лукашэнкам, ён ня здолее падвысіць дабрабыт беларусаў…»

Ніхто не зацікаўлены ў дэстабілізацыі Беларусі, але ніхто і не зьбіраецца забясьпечваць палітычныя пэрспэктывы Лукашэнку.
Цыганкоў: «Кірыл, а чаму тады Менск уступіў у Мытны саюз? Масква націснула, ці Менск бачыў нейкія выгоды, якія ня спраўдзіліся?»

Коктыш: «Не было іншага выхаду. Сёньня даўгі Беларусі вельмі высокія, і шанцаў аддаць гэты доўг пакуль няма. Трэба нават рабіць новыя пазыкі, каб абслугоўваць тое, што ўжо было ўзята. Так што ў Расеі была вельмі прадказальная ўпэўненасьць, што Менск пойдзе ў Мытны саюз нават толькі таму, што іначай ён апынецца сам-насам з крэдыторамі.

Да таго ж пасьля 19 сьнежня Эўропа і Расея ня маюць даверу да Лукашэнкі і не зьбіраюцца яго ратаваць. Скажам так — ніхто не зацікаўлены ў дэстабілізацыі Беларусі, але ніхто і не зьбіраецца забясьпечваць палітычныя пэрспэктывы Лукашэнку».

«Нейкага арыгінальнага творчага стратэгічнага бачаньня, здаецца, кіраўнік Беларусі ня мае»


Цыганкоў: «Ці будзе Лукашэнка працягваць інтэграцыйныя гульні, нягледзячы на пагрозьлівы наступ Масквы на эканамічным фронце?»

Булгакаў: «Цяперашні эканамічны крызіс паказвае, што эканамічных дывідэндаў ад інтэграцыі з Расеяй ужо няма. За апошняе дзесяцігодзьдзе адбыўся дэмантаж ранейшых схемаў датаваньня Расеяй Беларусі, і цяперашні парадак гульні падтрымлівае на плыву нейкія фрагмэнты беларускай прамысловасьці, але нічога ня робіць дзеля яе мадэрнізацыі і ўключэньня ўва ўсясьветны кантэкст.

У гэтым артыкуле Лукашэнка і піша не бяз горычы, што Беларусь (нагадаю, што Лукашэнка традыцыйна атаясамлівае сябе зь Беларусьсю, на мове паліталёгіі гэта называецца зьявай „псыхалягічнай інфляцыі“) дагэтуль не атрымала ніякіх сур’ёзных эканамічных плюсаў ад уваходжаньня ў Адзіную эканамічную прастору.

Кірыл Коктыш казаў пра датаваньне энэрганосьбітамі. Але паралельна ўжываліся іншыя формы квазіэканамічнага абмену. Ёсьць такое паняцьце, як „бюракратычны гандаль“. Калі беларускія трактары і грузавікі прадаваліся ў Расеі не па рэальных рынкавых коштах, а па тых, па якіх дамаўлялася кіраўніцтва. За пераацэненую беларускую прамысловую прадукцыю расейцы расплачваліся недаацэненай з пункту гледжаньня ўсясьветных коштаў сыравінай.

Гэтую мадэль напаткаў каляпс, і цяпер Лукашэнка ліхаманкава шукае выхаду. Але нейкага арыгінальнага творчага стратэгічнага бачаньня, здаецца, кіраўнік Беларусі ня мае. І калі гэта сапраўды так, то можна прагназаваць, што ў найбліжэйшай будучыні Беларусь чакаюць новыя палітычныя і эканамічныя ўзрушэньні. Бо адзіны выхад — гэта стаўка на мадэрнізацыю вытворчасьці. Гэтага мы ня бачым, і гэтага нават зь люпай у руках немагчыма прасачыць у артыкуле Лукашэнкі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG