Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Саньнікава: Сьвята «Дзень маці» для мяне не існуе


Ала Саньнікава
Ала Саньнікава
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч сустрэўся са сваім бацькам Віктарам Статкевічам. Доўгатэрміновае спатканьне з роднымі ад сёньня распачынаецца ў маладафронтаўца Эдуарда Лобава. Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і палітвязень Зьміцер Бандарэнка перадаюць падзякі ўсім, хто іх падтрымлівае лістамі і паштоўкамі. Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў чакае сустрэчы з адвакатам.

14 кастрычніка ў Беларусі дзяржаўнае сьвята — Дзень маці. Яно зьявілася ў 1996 годзе на распараджэньне кіраўніка краіны. Ала Ўладзімераўна Саньнікава — маці былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, асуджанага на пяць гадоў турмы за акцыю пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтае дзяржаўнае сьвята яна сваім ня лічыць:

«У такіх абставінах для мяне гэтага сьвята няма. Нешта я не прыгадаю, каб і Андрэй мяне таксама віншаваў з гэтым сьвятам. А астатнія — і 8 сакавіка, і Новы год — ён заўсёды мяне віншаваў. Ён вельмі добры сын, але сёньня пра гэта цяжка гаварыць. Ведаем толькі, што ён жывы і здаровы, а больш нічога ня ведаем. Толькі мацярынскі боль застаецца, і ўсё. Лукашэнка вельмі дэманструе сваю любоў да сваіх сыноў і ня думае пра тое, як баліць сэрца ў родных іншых сыноў, якія сёньня за кратамі».

Як паведаміла Ала Ўладзімераўна Саньнікава, адвакат Андрэя Саньнікава плянуе наведаць яго ў бабруйскай турме ў панядзелак.

Напярэдадні двухгадзіннае спатканьне з бацькам атрымаў яшчэ адзін былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч. 85-гадовы Віктар Паўлавіч асабліва ўражаны тым, што адміністрацыя шклоўскай турмы забараніла сыну спаткацца з жонкай:
Мне яны сустрэчу дазволілі, а Марыне — не, а яна ж праехала каля 800 кілямэтраў.

«Мне яны сустрэчу дазволілі, а Марыне — не, а яна ж праехала каля 800 кілямэтраў. Цікава, ці ёсьць у гэтага начальніка свае дзеці, душа і сэрца? А мне і размаўляць было цяжка, бо я вельмі стары. У Міколы рука пераламаная, рабрына перабітая, а правая рука вольная — значыць, працаздольны. Далі яму працу — адной рукой насіць дошкі. Розумам не ахапіць! Ён стараўся трымацца, але я бачыў, што ён схуднеў і не паправіўся яшчэ пасьля траўмы. Мне балюча было на яго глядзець. Але мой сын не злачынца і на калені ні перад кім ня стане».

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка ў магілёўскай турме піша лісты і паштоўкі людзям, якія памятаюць і падтрымліваюць яго з волі. Таксама даслаў дачцэ і жонцы лісты, у якіх разважае пра вызваленьне палітзьняволеных, кажа жонка Вольга Бандарэнка:

«Напісаў у лісьце, што вось ужо амаль усіх павыпускалі, а я са сваім 342 артыкулам працягваю сядзець. Але мне яшчэ напачатку неяк казалі, што, маўляў, а вас, Зьміцер Яўгенавіч, мы абмяняем на нашага разьведчыка, які сядзіць у Польшчы. Пэўна, што так і будзе. Жарт, вядома, але павесяліў».

Лісты і паштоўкі з глыбоцкай турмы адпраўляе таксама лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Ён дзякуе ўсім за падтрымку, якая ў калёніі вельмі важная, кажа нявеста Зьмітра Наста Палажанка:

«Ён атрымлівае ўсе лісты, паштоўкі і тэлеграмы. Таму я заахвочваю людзей пісаць такія лісты падтрымкі, бо гэта мае ўплыў на вязьняў і адміністрацыю. Да прыкладу, Зьміцер мне заўсёды піша, што калі ведаеш людзей — падзякуй. Для Зьмітра гэта добры настрой, а для адміністрацыі — гэта сьведчаньне, што да Зьмітра вялікая ўвага ў грамадзтве. Таму варта пісаць, а калі ў допісах будзе зваротны адрас, то Зьміцер абавязкова адкажа».

У паплечніка Зьмітра Дашкевіча ў «Маладым Фронце» Эдуарда Лобава сёньня распачалася доўгатэрміновая сустрэча з роднымі.

Эдуард Лобаў


Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG