Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры дні да Народнага сходу


8 кастрычніка ў Менску, а таксама яшчэ амаль у 30 гарадах краіны плянуецца правядзеньня грамадзкай акцыі пратэсту пад назвай Народны сход. Сярод галоўных патрабаваньняў, якія будуць агучаны на гэтых акцыях — спыненьне росту цэнаў, павышэньне заробкаў й пэнсій, вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў.

Арганізатары нагадваюць, што на правядзеньне Народнага сходу спэцыяльнага дазволу уладаў не патрабуецца, дастаткова сабраць 10% подпісаў грамадзянаў, якія пражываюць на тэрыторыі, дзе плянуеца правесьці такі сход.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Ёсьць актыўная частка людзей, якія гатовыя прыйсьці на сход і прывесьці сваіх родных»

На Гарадзеншчыне, як пераконваюць арганізатары Народнага сходу, ёсьць актыўная частка людзей, якія гатовыя выйсьці на сход і прывесьці на яго сваіх родных і знаёмых.

Гарадзенскі грамадзкі каардынатар Юры Істомін: «Самае галоўнае, што пакуль няма сілавога ціску, але я мяркую, нейкія захады будуць рабіцца з боку пракуратуры, можа быць, з боку супрацоўнікаў міліцыі. Паводле назіраньняў зборшчыкаў подпісаў, у людзей адмоўнае стаўленьне да ўлады, але яны ня вераць, што праз вуліцу, праз гэтыя сходы можна нешта зрабіць. Хаця ёсьць актыўная частка людзей, якія гатовыя прыйсьці, прывесьці сваіх родных».

Людзі ў Слоніме гатовыя прыйсьці, але баяцца быць звольненымі з працы й страціць апошні свой заробак.

Арганізацыяй Народнага сходу ў Слоніме займаецца прадпрымальнік Віктар Марчык. Яго ацэнка настрояў сярод гараджанаў:
Асноўная маса незадаволеная ростам цэнаў, яны гатовыя прыйсьці, але баяцца рэпрэсій.

«Асноўная маса незадаволеная ростам цэнаў, яны гатовыя прыйсьці, але баяцца рэпрэсій, баяцца быць звольненымі з працы і страціць апошні заробак. А некаторыя прачыталі ўлёткі, кажуць: так, трэба нам падысьці, выказаць сваё меркаваньне, досыць на кухні балбатаць. Можа, адсоткаў толькі дзесяць-пятнаццаць, якія ў нішто ня вераць, якія кажуць: яд гэтага ніякай карысьці ня будзе».

Віктар Марчык зазначае, што ўдзельнікі мясцовай дэмакратычнай кааліцыі зьбяруцца сёньня, каб разьмеркаваць абавязкі на будучым народным сходзе.

Юры Істомін: «Самае галоўнае, у адрозьненьне ад „рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі“, што ў нас ёсьць ясны пералік патрабаваньняў — сацыяльна-эканамічных у першую чаргу. Таму што зараз не патрабуем свабодных выбараў, дэмакратыі. Таму людзі, можа быць, жывей адгукаюцца, што ў нас сацыяльна-эканамічныя праблемы будуць узьнімацца на гэтых сходах».

«Рашэньне нашага сходу мы павязём у Савет міністраў. Гэта будзе патрабаваньне гарадзенцаў аб падвышэньні якасьці жыцьця», кажа Юры Істомін і адзначае новы момант у агітацыйнай кампаніі:

«Што датычыць актыўнасьці людзей — канечне, яна нізкая. Але самае цікавае, што ёсьць багата валянтэраў, якія самі тэлефанавалі, праз электронную пошту даслалі паведамленьні і цяпер дапамагаюць зьбіраць подпісы і распаўсюджваць інфармацыю».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На сход запрасілі чыноўнікаў

Народныя сходы на Магілёўшчыне адбудуцца ў Магілёве й Бабруйску. Збор подпісаў ужо завершаны. На сходы запрошаныя кіраўнікі гарадзкой вэртыкалі.

У Бабруйску падчас збору подпісаў была затрыманая актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Сьмірнова. У міліцыі склалі пратакол апытаньня і адпусьцілі. Да затрыманьня актывістка пасьпела сабраць тры дзясяткі подпісаў. Якія ўражаньні пакінулі ўзаеміны зь людзьмі?

Сьмірнова: «Людзі за перамены да лепшага, але не гатовыя яны, мне здаецца, на нешта шумнае й радыкальнае, то бок мы ня супраць, калі ласка, праводзьце гэты сход, але мы наўрад ці прыйдзем. Ім столькі гадоў унушалі, замбіравалі, я лічу, што гэта на ўзроўні хваробы. Іх лячыць трэба. А калі мы засталіся здаровымі, то значыць, трэба дапамагчы ім».
Мы ня супраць, калі ласка, праводзьце гэты сход, але мы наўрад ці прыйдзем.

У Бабруйску на сядзібе гарадзкой арганізацыі АГП міліцыянты правялі ператрус. Канфіскавалі ўсе агітацыйныя матэрыялы да Сходу. Аргкамітэт не выключае, што ўлады не дапусьцяць правядзеньня акцыі ў Бабруйску.

Старшыня гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў: «Альбо яны проста ачэпяць раён, дзе будзе сход, і ня пусьцяць нас, альбо будуць нэўтралізоўваць аргкамітэт напярэдадні сходу».

У Магілёве такіх інцыдэнтаў, як у Бабруйску, не было. Арганізатары спадзяюцца, што на Сход прыйдзе шмат людзей.

Актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Віктар Бодзін: «Людзі расчараваныя. Яны верылі, верылі, а іх кінулі. Ім няма куды падацца. Няма каму расказаць пра сваё гора».

На сход у Магілёве запрасілі чыноўнікаў. Што чакаюць ад іх арганізатары сходу?

Старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў: «Каб яны паглядзелі людзям у вочы, тым, каго вінавацяць, што з-за іх панікі адбыўся абвал. З экрана тэлевізара ж добра гаварыць. Няхай яшчэ раз паспрабуюць гэта сказаць людзям, гледзячы ў вочы, што з-за іх усё адбылося. Вось толькі — ці хопіць у іх духу?».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Каардынатара Народнага сходу у Баранавічах выклікаюць у суд

У час падрыхтоўкі да Народнага сходу на Берасьцейшчыне адбыліся чатыры затрыманьні. Тры зь іх — у Баранавічах.

22 верасьня на 525 тысяч рублёў аштрафавалі баранавіцкага актывіста Сяргея Аўчыньнікава, які раздаваў ўлёткі непадалёк ад авіярамонтнага заводу. 29 верасьня за ўлёткі Народнага сходу быў затрыманы актывіст Віктар Цяпін, суд над якім адбудзецца 6 кастрычніка. А 30 верасьня ў Баранавічах быў затрыманы мясцовы каардынатар Народнага сходу Віктар Мезяк, якога цяпер таксама чакае суд.

Мезяк: «Чакаю позву па пошце, бо яны сказалі, што будуць праводзіць праверку па факце затрыманьня. І калі выявяць, што я зрабіў нейкае парушэньне, тады перададуць у суд, і мяне суд будзе выклікаць позвай».

Першае затрыманьне за падрыхтоўку Народнага сходу адбылося ўвечары 3 кастрычніка і ў Берасьці. Як распавяла каардынатар Народнага сходу Людміла Дзенісенка, падчас збору подпісаў міліцыянты схапілі намесьніка старшыні гарадзкой арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Лявонція Чыпурных:
Шмат людзей, якія ўжо не баяцца. І яны прыйдуць пры любым раскладзе.

«Ён якраз зьбіраў подпісы за Народны сход у сваім доме і распаўсюджваў запрашэньні. Упершыню ў Берасьці затрымалі прадстаўніка левай партыі. Неяк раней нас стараліся не чапаць».

Старшыня аргкамітэту Народнага сходу ў Берасьці Зінаіда Міхнюк кажа, што рэпрэсіі актывістаў не запалохаюць, а толькі створаць рэкляму Народнаму сходу.

«Шмат людзей, якія ўжо не баяцца. І яны прыйдуць пры любым раскладзе, хай нас там будуць расстрэльваць. Я ўжо гатовая, што мяне заўтра па нейкіх надуманых прычынах куды-небудзь скрадуць. Я думаю, што гэта нам рэкляма, тое, што нас затрымліваюць. Значыць, яны гэта ад бясьсільля робяць».

Народны сход адбудзецца 8 кастрычніка а 13:00 у берасьцейскім парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, і ў старым парку Баранавічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG