Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя палітвязьні пра перавод Саньнікава ў іншую турму: «Этап — дадатковы зьдзек»


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў
Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава 20 верасьня накіравалі этапам з Наваполацкай калёніі ў Бабруйскую. Да абеду 23 верасьня інфармацыі пра тое, што палітвязьня давезьлі да новага месца прызначэньня, няма. Былыя палітвязьні называюць беларускія турэмныя этапы, якія праходзяць у нечалавечых умовах, дадатковым зьдзекам са зьняволеных.

З Наваполацку да Бабруйску 340 кілямэтраў. Гэтую адлегласьць палітвязень Андрэй Саньнікаў ня можа пераадолець амаль 4 дні. Жонцы палітвязьня Ірыне Халіп тэлеграмай ад імя начальніка Наваполацкай калёніі паведамілі, што Андрэя этапавалі ў Бабруйск 20 верасьня.23 верасьня па абедзе яна пайшла ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, і там ёй вельмі коратка адказалі на пытаньне «Дзе Саньнікаў?» — «У дарозе».

Былы палітвязень Ільля Васілевіч толькі аднойчы ехаў этапам зь Менску ў Магілёў, ягоны шлях заняў 16 гадзін:

«Спачатку людзі пішуць вопісы, потым іх выводзяць з рэчамі і яны аддаюць гэтыя вопісы рэчаў камусьці зь міліцыянтаў. Потым усіх запускаюць у так званыя адстойнікі, транзытныя камэры. Нейкі час яны там знаходзяцца, потым іх грузяць у аўтазакі, вязуць на вакзал, канваіруюць у цягнік, вязуць да горада прызначэньня, далей у аўтазак і ў калёнію».

Іншаму вязьню Плошчы, Фёдару Мірзаянаву, давялося ехаць этапам нашмат даўжэй. Шлях з «Валадаркі» да Івацэвіцкай калёніі заняў 3,5 дні. Звычайна ж этап займае да тыдня, кажа Фёдар, бо турэмшчыкі чакаюць, калі зьбярэцца гурт арыштантаў на поўны «сталыпінскі вагон», якім іх перавозяць, чапляючы да звычайных пасажырскіх цягнікоў. Таму большую частку этапу даводзіцца сядзець у жудаснай транзытнай камэры:
Там няма ні мэдыцынскай дапамогі, ні газэт, ні лістоў.

«Умовы насамрэч жудасныя: камэра, драўляны насьціл на два ўзроўні, на ім ляжаць матрацы, якія, напэўна, ніколі ня мылі, яны вельмі моцна сьмярдзяць, па ўсёй гэтай камэры лятаюць мухі, гарачай вады няма, толькі халодная, туалет — гэта такая чорная брудная кляака, і ў гэтым памяшканьні чалавек 20 набіта. І ў гэтым памяшканьні можна правесьці тры дні, можна і тыдзень. Там няма ні мэдыцынскай дапамогі, ні газэт, ні лістоў».

Паводле Фёдара Мірзаянава, само знаходжаньне ў такой транзытнай камэры — дадатковы зьдзек з асуджанага. Яму незразумела, чаму Саньнікава раптоўна вырашылі перавесьці ў іншую калёнію:

«У яго цяпер сытуацыя спэцыфічная. Можа, зь яго хочуць выбіць гэтае прашэньне аб памілаваньні, можа, да яго там прымяняюць нейкія мэтады ўзьдзеяньня псыхалягічныя ці фізычныя, каб атрымаць гэтае прашэньне».

Падобнай думкі і Ільля Васілевіч:

«Я не выключаю такой магчымасьці, што гэта зроблена адмыслова. Спэцыяльна зацягваецца час, для таго каб учыніць такі ціск. Чалавек там стамляецца. Увесь час на яго цісьне ўсё, што вакол, бо ўсё вакол там шэрае, жалезнае…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG