Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна і Memoir Юр’я Туронка


Другую сусьветную вайну ў Беларусі дасьледавалі сотні гісторыкаў. Каб скласьці ўсе іхнія манаграфіі ў адно месца – атрымалася б цэлая бібліятэка. На жаль, ці ня ўсе савецкія гісторыкі змушаныя былі грашыць супраць ісьціны і ў сваіх пісаньнях падпарадкоўвацца дыктату партыйных ідэолягаў, якія ваеннай гісторыяй апекаваліся з асаблівай увагай.

Увогуле, гісторыя чалавецтва – гэта пераважна гісторыя войнаў. Ня стала тут выняткам і гісторыя Беларусі – на нашай тэрыторыі зброя лязгала часьцей, чым дзе. Але паколькі войны на беларускай зямлі, як правіла, ішлі за чужыя інтарэсы, то і гісторыю гэтых войнаў для нас пісалі таксама чужакі. Як прыклад, можна прывесьці таўшчэзны двухтомавік “Усенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў” аўтарства Цанавы (ён жа Джанджагава, ён жа Лаўрэнцій ІІ паводле чэкісцкіх сьвятцаў). Паводле гэтага партызаназнаўцы ў генэральскіх пагонах ледзь ня зь першых дзён вайны ўсе беларусы, якія не пасьпелі змабілізавацца ў Чырвоную армію, шчыльнымі радамі пайшлі ў лес, адкуль білі фашыстаў і днём і ўночы, і ў хвост і ў грыву. На падобных гісторыях выхавалася некалькі пакаленьняў.

Мінулую вайну пакаленьні гэтыя спасьцігалі пераважна ў батальных сцэнах. Гераічная абарона Берасьцейскай крэпасьці, партызанскія рэйды на чыгунцы, пераможная апэрацыя “Багратыён”… Але ж у Беларусі і пад нямецкай акупацыяй жылі мільёны людзей, нараджалі і вучылі ў школах дзяцей, сеялі жыта, паміралі сваёй сьмерцю, а не ад варожай кулі.

Менавіта такую – падакупацыйную – Беларусь і паказаў нам гісторык з Варшавы Юры Туронак. Памятаю, як у 1993 годзе ў менскай кнігарні “Сьветач” людзі стаялі ў чарзе, каб набыць Туронкаву “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” у кідкай бел-чырвона-белай вокладцы. І бралі па дзьве, па тры – сабе і сябрам. Дайце веры, навуковая кніга стала сапраўдным бэстсэлерам!

Юры Туронак з рэдактаркай часопіса “Наша вера” Хрысьцінай Лялько. 2009 г.

Зразумела, што і ўсе пазьнейшыя кнігі Юр’я Туронка не прайшлі міма мяне – і “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем”, і “Людзі СБМ”, і “Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі”, і – нарэшце – “Мадэрная гісторыя Беларусі”, куды ўвайшлі асноўныя працы гісторыка. Усе кнігі чыталіся запойна. Чытаў і думаў – гэта ж адзін чалавек зрабіў работу за цэлы інстытут, прычым ня маючы папярэднікаў, ідучы па цаліку. Асоба! А паколькі асоба гэтая жыве ў Варшаве, куды і пасьля прыўзьнятай жалезнай заслоны не заўсёды даедзеш, то зьвестак пра Туронка мы мелі мала. Хацелася ведаць больш. Звычайна, незаменныя штрыхі ў партрэт любой асобы дадаюць мэмуары. І вось – маем іх і ад Юрыя Туронка. Пра гэта мне паведаміў каардынатар бібліятэчкі часопіса “Беларускі гістарычны агляд” Генадзь Сагановіч, дзякуючы якому мэмуарная Туронкава кніга “За кардонам Бацькаўшчыны” і пабачыла сьвет.

Юры Туронак і ў мэмуарах застаецца гісторыкам, таму чытача чакае падрабязная гісторыя яго родных Дукштаў – зь лічбамі і табліцамі, па якіх можна параўнаць два стагодзьдзі ў жыцьці мястэчка – XIX і XX. У Дукштах будучы гісторык 27 красавіка 1929 году прыйшоў на сьвет, там немаўлём быў ахрышчаны ў парафіяльным касьцёле ксяндзом Зянонам Буткявічусам, там падшпаркам на вуліцах услухоўваўся ў польскую, габрэйскую, расейскую і літоўскую мовы. (Свая – беларуская – культывавалася ў сям’і, у доме, дзе на сьценах віселі партрэты Багушэвіча, Купалы і Казімера Сваяка.)

“Jak ty sіę nazyvasz? Jureczek?” – пыталася ў трохгадовага лабатага хлопчыка суседка. “Nie Jureczek, а Юрачка”, – адказваў той насуплена, і рабілася відавочным – такога не перавучыш і не пераназавеш.
Вялікую ўдзячнасьць да сваіх бацькоў – Браніслава Туронка і Марыі з дому Рэшэцяў – захаваў у сваім сэрцы сын. Бацька, лекар па прафэсіі, лячыў усю ваколіцу, а сабе не дапамог – рана памёр ад запаленьня лёгкіх. Але спрыяў сыну і пасьля сьмерці – у 1942 годзе, пачуўшы прозьвішча Туронак, дырэктар віленскай гімназіі без іспытаў залічыў Юрку ў гімназісты і нават вызваліў ад платы за навучаньне ў 100 марак. Прыйдзе час, і ўдзячны сын напіша пра бацьку цэлую кнігу, якую выдасьць слынны нью-ёркскі БІНіМ.

Успаміны Юрыя Туронка ўражваюць і часам жахаюць сваёй праўдай. Вось малаўцямны для нас, сёньняшніх, малюнак: жанчыны на каленях моляцца ў хаце: “Божа, пашлі вайну!”. Але што гэтаму папярэднічала? Дэпартацыя ў клятую Сыбір (тры дні і тры начы энкавэдысты напаўнялі эшалён на станцыі ў Дукштах)... Местачковы вэтэрынар, псыхалягічна ня вытрымаўшы тэрору, брытвай перарэзаў сабе горла… Дарэшты запалоханая, як і ўсе местачкоўцы, новай уладай Юркава бабуля спаліла ў печы кніжку Францішка Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”… Вайна насамрэч была збаўленьнем і ачышчэньнем ня толькі для маленькіх Дукштаў, але і для ўсёй вялізнай краіны, якая на касьцях сваіх грамадзянаў будавала цёмны шлях у сьветлую будучыню. Была яна збавеньнем і для галоўнага тырана, якому сьпісвала ўсе грахі, і для ягоных незьлічоных памочнікаў, якія перад абліччам больш грознага ворага маглі не актыўнічаць у пошуку ворагаў народу сярод суайчыньнікаў.

Так што сапраўды не пазбаўленая сэнсу дзіўная на першы погляд расейская прыказка: кому война, а кому мать родна. На вайну можна сьпісаць любыя злачынствы, як тое і рабілася неаднойчы ў паваенны час. Напрыклад, па звыклай завядзёнцы на немцаў сьпісалі забойства беларускіх ксяндзоў Станіслава Глякоўскага і Дзяніса Мальца, а забілі іх менскія праваслаўныя экстрэмісты пад кіраўніцтвам беларуса-паліцыянта. Пра ўсё гэта піша ў сваіх мэмуарах праўдзівы гісторык Юры Туронак. Колькі яшчэ савецкіх мітаў дрыжыць у страху перад ім?
Са школьнай лаўкі памятаю ўзрушаны аповед настаўніцы пра партызанскія зялёныя школы, дзе вучыліся без падручнікаў, а пісалі ледзь не на бяросьце. Сам у адным з музэяў трымаў у руках скручаны дротам цуд партызанскага самвыдату – паэтычны зборнік Анатоля Астрэйкі “Слуцкі пояс”, аздоблены застаўкамі з бярозавых і дубовых плашак… Ніхто ж не спрачаецца – і зялёныя школы, і партызанскі самвыдат мелі месца, але, гаворачы пра іх, ня варта аддаваць забыцьцю другія школы, другія кнігі і другія друкарні. Паводле падлікаў Юр’я Туронка, у акупаванай немцамі Беларусі пабачылі сьвет 52 кнігі. Нібыта і няшмат (у суседняй Латвіі за той жа пэрыяд – 1500), але гэта былі вартыя выданьні – “Сягоньня” Натальлі Арсеньневай, “Мае песьні” Алеся Салаўя, “Беларусь учора і сяньня” Язэпа Найдзюка…
Славуты афарызм Тэрэнцыяна Маўра Habent sua fata libelli мы звыклі цытаваць у абсечаным выглядзе: “Кнігі маюць свой лёс”. Але ёсьць яшчэ і працяг: “Кнігі маюць свой лёс, гледзячы па тым, як іх прымае чытач”. І тут зноў хочацца вярнуцца да кнігі “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Я ўжо згадваў, як яе разьмяталі з прылаўкаў менчукі. Але хто падрабязьней ведае лёс кнігі, яе біяграфію, як ня сам аўтар? Аказваецца, самая знакамітая кніга Юр’я Туронка перад тым, як трапіць на варштат Скарыны, пабыла навуковай дысэртацыяй і прынесла дасьледчыку годнасьць доктара гуманітарных навук у галіне гісторыі. Прычым (факт рэдкі!) усе 23 чальцы навуковай рады прагаласавалі “за”. З посьпехам абароненую дысэртацыю рыхтавалі да выданьня ў варшаўскім нелегальным выдавецтве WERS (1987 год, яшчэ існавала народная Польшча). Пакуль тэкст набіраўся, польскі камуністычны рэжым ляснуў, і кніга выйшла ў сьвет легальна. З польскага арыгінала яе пераклалі ў Менску Вітаўт Мартыненка і Ўладзімер Панада і пасьпелі ціскануць некалькі разьдзелаў у газэце “Чырвоная зьмена”, пакуль не спахапіліся іх камсамольскія куратары. І нарэшце, “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” выйшла ў выдавецтве “Беларусь” пяцітысячным накладам.

Павіншаваць гісторыка з 80-годзьдзем прыехалі сябры з Беларусі. Зьлева направа: Зінаіда Туронак, Язэп Янушкевіч, Хрысьціна Лялько, Юры Туронак, Галіна Хінка-Янушкевіч. Трыпуці, 2009 г.

Аўтар з Варшавы правамерна чакаў ня толькі захопленых чытацкіх водгукаў (іх было шмат), але і ўзважанага слова калегаў-гісторыкаў і мужоў дзяржаўных. І дачакаўся. Тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч на сустрэчы з вэтэранамі паабяцаў прыцягнуць Юр’я Туронка да крымінальнай адказнасьці і дадаў: “По поводу книги “Беларусь под немецкой оккупацией” я уже вёл разговор с министром информации, кому подчинено издательство. Как можно такое издавать?”. Прысутная на сустрэчы старэнькая Марыя Осіпава (удзельніца замаху на Вільгельма Кубэ) падтакнула прэм’еру: “Есть ли мозги у того, кто написал книгу?”. Магчыма, калі б Юры Туронак зьяўляўся грамадзянінам Беларусі, яго і сапраўды паспрабавалі б пасадзіць на лаву падсудных. Хто ведае – такі быў час. А сёньня месца злосным філіпікам прэм’ера бачыцца хіба толькі сярод камэнтароў да будучага трэцяга выданьня “Беларусі пад нямецкай акупацыяй”, якое даўно насьпела.

Кніга “За кардонам Бацькаўшчыны” – гэта панарама чалавечага жыцьця, дзе трэба – дакладна-падрабязная (відно, што аўтар абапіраецца на дзёньнікі), дзе трэба – жывапісна-кінэматаграфічная. Вось адна з яскравых сцэнак. 29 чэрвеня 1944 году, Дукшты. Беларус Пецька Кузьміцкі, які служыць у латыскім (!) вайсковым аддзеле, у форме люфтвафэ (!) ідзе з вінтоўкай на варту і сьпявае на ўсю вуліцу расейскую савецкую (!) песьню “С нами Сталин родной, он железной рукой…”. Наўрад ці дзесяцігадовы падлетак разумеў усю трагікамічнасьць гэтай сытуацыі, але – запомніў, каб потым выкарыстаць як аздобу-дэталь у сваіх мэмуарах. Ці яшчэ адна сцэнка, ужо з гісторыі найноўшай, якая так і просіцца ў які-небудзь гіторыка-прыгодніцкі фільм пра чарговую хвалю беларускага адраджэньня. 25 сакавіка 1985 году, Варшава. Пры шчыльна заслоненых вокнах і запаленых сьвечках у памяшканьні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства праходзіць строга закансьпіраваная сустрэча студэнтаў. Даклад пра стварэньне БНР чытае доктар Юры Туронак зь бел-чырвона-белай стужкай на грудзях…

У тыя шматспадзеўныя гады і ў менскія студэнцкія асяродкі даходзіла выдадзеная за заходняй мяжой літаратура. Тую кантрабанду па адных яму вядомых сьцежках спраўна дастаўляў у беларускую сталіцу беластоцкі студэнт Юрка Ляшчынскі. Ён часам падначоўваў у нашым інтэрнаце на вуліцы Кастрычніцкай, дзе мы і сартавалі пачкі з самвыдатаўскімі часопісамі, са сьпеўнікамі і падцэнзурнымі брашуркамі. Ня ведаў я тады, ды і пазьней не падазраваў, што да шматлікага варшаўска-беластоцкага самвыдату меў самае непасрэднае дачыненьне Юры Туронак – дзяліўся прывезенымі з Лёндану тэкстамі, перадрукоўваў на машынцы песьні Данчыка…

Прыміце ж, паважаны кніганоша, хоць запозьненую падзяку ад спажыўца той друкаванай прадукцыі, якая прыносіла ў Беларусь адчувальны подых свабоды!

А цяпер пра два шкадаваньні, адчутыя мною пасьля прачытаньня кнігі Юрыя Туронка “За кардонам Бацькаўшчыны”. Шкадаваньне першае. Гісторык прыгадвае, што ліставаўся з удавой прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка Нінай Ляўковіч і нават пазнаёміўся зь ёю падчас паездкі ў Парыж. Шкада, што стасункі гэтыя не прывялі да выяўленьня архіву БНР, які па сьведчаньнях відавочцаў захоўваўся на гарышчы Абрамчыкавага дома ў Вільпінце. Шкадаваньне другое. Мэмуары Туронка выдадзеныя недаравальна мізэрным накладам – усяго 100 асобнікаў. І гэта прытым, што Туронкавы кнігі, якім пашчасьціла на выхад у Беларусі, неаднаразова перавыдаваліся. Што з гэтай акалічнасьці вынікае? Вынікае, што шаноўнаму гісторыку рана карчаваць пні на лецішчы ў Трыпуцях пад Беластокам. Трэба рахтаваць другое, дапоўненае выданьне сваіх мэмуараў. Яны – каштоўны дакумэнт трох розных эпохаў, якія давялося перажыць Юр’ю Туронку. У іх – працяг і разьвіцьцё тэмы падакупацыйнага беларускага жыцьця, якая стала галоўнай для гісторыка.

Аднойчы з літаратуразнаўцам Язэпам Янушкевічам мы наведалі Юр’я Туронка ў яго ўтульнай варшаўскай кватэры на вуліцы Тамка. Прагаварылі тады паўдня – пераважна пра Саюз беларускай моладзі, пра кнігі, якія выйшлі ў Беларусі пры немцах. Падчас тае гутаркі я зразумеў, чаму эканаміст з хімічным ухілам Туронак стаў гісторыкам. Што адкрываць у хіміі пасьля Мендзялеева? А Юры Туронак запраграмаваны на адкрыцьці.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG