Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад Сьледчага камітэту?


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні Сьледчага камітэту, які будзе мець статус дзяржаўнага праваахоўнага органа і органа папярэдняга сьледзтва, падпарадкаванага непасрэдна прэзыдэнту. Прэзыдэнт будзе прызначаць старшыню Сьледчага камітэту, яго намесьнікаў і начальнікаў упраўленьняў па абласьцях і Менску. Чаго чакаць ад новага органа?

Сьледчы камітэт Беларусі мае быць сфармаваны да 1 студзеня 2012 году. Робіцца гэта па прыкладзе Расеі, прэзыдэнт якой Дзьмітры Мядзьведзеў з 15 студзеня гэтага года вывеў Сьледчы камітэт са складу пракуратуры ў асобны орган і падпарадкаваў яго сабе.

У адпаведнасьці з указам Лукашэнкі, для ўтварэньня новага органа будзе выдзелены сьледчы апарат з пракуратуры, МУС, Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. Пра выдзяленьне сьледчага апарату з КДБ у паведамленьні прэсавай службы Лукашэнкі згадкі няма. Сам тэкст указу пакуль недаступны. Яснасьці з тым, ці наагул пазбавяцца сьледчых функцыяў МУС і Камітэт дзяржкантролю, няма. Як і з тым, як будзе стварацца новая структура.

Увогуле фармаваньне Сьледчага камітэту выглядае пасьпешлівым — мяркуе былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак. Ён перакананы, што ўказ пярэчыць Канстытуцыі, якая замацавала сьледчыя паўнамоцтвы за пракуратурай, а таксама законам, якія рэглямэнтуюць дзейнасьць праваахоўных органаў:

Алег Воўчак

"Думаю, што такім наскокам ствараць Сьледчы камітэт, не правёўшы папярэдняй працы з супрацоўнікамі сьледчых органаў, не падрыхтаваўшы базу, нельга. Паўгода мала, каб стварыць новую структуру. Перш за ўсё трэба ўнесьці зьмены ў існуючае заканадаўства. І нарэшце — я ня думаю, што ад гэтага палепшыцца эфэктыўнасьць сьледчых дзеяньняў".

Адзіная сапраўдная зьмена — яшчэ большая залежнасьць сьледчых органаў ад кіраўніка выканаўчай улады, перакананы Алег Воўчак. На ягоную думку, указа прэзыдэнта зусім не дастаткова для фармаваньня такога органа:

"Гэта ўвогуле парушэньне Канстытуцыі. Такія рэчы павінны ўносіцца ў Канстытуцыю. І галоўная падаплёка ў гэтым — каму ён мае падпарадкоўвацца? Я перакананы, што ён не павінен падпарадкоўвацца выканаўчай уладзе, а быць самастойным, калі ўжо ісьці на яго стварэньне".

Былы сьледчы МУС і міліцэйскі генэрал Мечыслаў Грыб бачыць ва ўтварэньні адзінага сьледчага органа станоўчыя бакі:

Мечаслаў Грыб

"Неабходнасьць аб'яднаць сьледзтва, я лічу, была, і такія спробы былі яшчэ на пачатку 90-х гадоў. Адзінае сьледзтва неяк нібыта зрабілі пры МУС, яго ўзначаліў Леанід Глухоўскі. Але з гэтага нічога не атрымалася, і зноў сьледзтва расьцягнулі па ведамствах: КДБ, пракуратура, МУС, фінансавыя дасьледаваньні Дзяржаўнага кантролю. У цэлым я лічу, што гэта нармальны падыход — рабіць адзінае сьледзтва. Але ўсё нармальнае, калі яно робіцца ненармальна, ня можа быць нармальным".

Мечыслаў Грыб перакананы, што новы сьледчы орган павінен і фармавацца паводле закону, і падпарадкоўвацца не прэзыдэнту, а выключна закону.

Праваабаронца Гары Паганяйла згадвае, што спробы стварыць адзіны сьледчы орган у Беларусі рабіліся з 90-х гадоў, калі ішла дыскусія аб судова-прававой рэформе:

Гары Паганяйла

"Але сёньня, калі прэзыдэнт Лукашэнка падбірае пад сябе як мага больш паўнамоцтваў, калі ён узурпуе ўладу ў сваіх руках і распараджаецца ёю ня дзеля дэмакратыі і правоў чалавека, а дзеля ўтрыманьня ўлады,— гэта толькі на шкоду ўсёй праваахоўнай сыстэме. Яшчэ большыя будуць бойкі паміж сілавымі структурамі, асабліва паміж апэратыўнымі службамі".

Гары Паганяйла перакананы, што празь Сьледчы камітэт Аляксандар Лукашэнка будзе выконваць сваю волю па прымяненьні крымінальнай юстыцыі ў палітычных мэтах, для новага закручваньня гаек, а колькасьць нераскрытых сапраўдных злачынстваў ня зьменшыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG