Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Янукевіч: “Калі ўмовы будуць выкананыя, трэба ўдзельнічаць у выбарах”


Аляксей Янукевіч на трыбуне зьезду
Аляксей Янукевіч на трыбуне зьезду
Паводле пераабранага ў суботу старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, гэтымі ўмовамі будуць вызваленьне палітычных вязьняў, зьмены ў выбарчым заканадаўстве і доступ незалежных сродкаў масавай інфармацыі да ўсіх каналаў распаўсюду.

Каліноўскі: Аляксею, зьезд вылучыў толькі вас на пасаду старшыні партыі. Чаму няма альтэрнатывы?

Янукевіч: Я думаю, гэта аб'ектыўны вынік той сытуацыі, у якой знаходзяцца ўсе дэмакратычныя сілы, усё незалежнае грамадзтва пасьля 19 сьнежня. На гэтым этапе мы павінны максымальна кансалідаваць свае сілы і не імкнуцца ініцыяваць нейкія штучныя дыскусіі і рэалізоўваць свае амбіцыі. Мы ўсе высілкі павінны скіраваць на адстойваньне нашых каштоўнасьцяў. Я думаю, што ў гэтым палягае асноўная прычына, таму што людзей зь лідэрскімі здольнасьцямі ў партыі заўсёды хапала і хапае сёньня.

Каліноўскі: Ці ёсьць на зьезьдзе тыя людзі, якія на пачатку гэтага году заявілі пра выхад з партыі?
На зьезьдзе ёсьць прадстаўнікі структураў, якія на мінулым зьезьдзе падтрымлівалі іншы курс.

Янукевіч: Зь ліку тых людзей, якія рабілі тады заявы, нікога сёньня на зьезьдзе няма. Тут ёсьць людзі, якія былі названыя некаторымі інфармацыйнымі парталамі ў ліку тых, хто выйшаў з партыі. Насамрэч некаторыя зь людзей, што былі ў тым сьпісе, тут сёньня ёсьць. І ёсьць прадстаўнікі ў тым ліку структураў, якія на мінулым зьезьдзе адкрыта падтрымлівалі іншы курс, іншае кіраўніцтва. Я вельмі цешуся з гэтай прычыны.

Каліноўскі: А чым адметны ваш курс?

Янукевіч: Наш курс адметны перадусім тым, што гэта курс на значна большую самастойнасьць і самадастатковасьць Партыі БНФ. Гэта выразілася ня толькі ў вылучэньні свайго партыйнага кандыдата, але і ў фармаваньні нашай фронтаўскай праграмы для перадвыбарчай плятформы, для тых кампаніяў, якія мы праводзілі. Гэта таксама курс на вяртаньне ў грамадзтва, вяртаньне да сацыяльна-эканамічных тэмаў. Тут аўтарэфэрэндум можа лічыцца самай яскравай кампаніяй. Гэта яшчэ й курс на гуртаваньне ўсіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў. На цяперашні момант нельга сказаць, што мы ў гэтым дасягнулі посьпеху, аднак, я думаю, што працу ў гэтым кірунку мы абавязкова будзем працягваць.
Наш курс – на значна большую самастойнасьць і самадастатковасьць Партыі БНФ.

Каліноўскі: У сваім справаздачным выступе на зьезьдзе вы назвалі Партыю БНФ партыяй рэгіёнаў. Ці насамрэч у партыі такія слабыя пазыцыі ў Менску, як вы зазначалі?

Янукевіч: У партыі, і гэта аб'ектыўна, слабейшыя пазыцыі ў Менску, чым у іншых дэмакратычных арганізацыяў. Аднак, на маю думку, у большай ступені гэтую назву – партыя рэгіёнаў – мы можам ужыць таму, што якраз рэгіянальныя структуры ў нас прадстаўленыя раўнамерна па ўсёй краіне і сапраўды мы валодаем такім унікальным патэнцыялам для сёньняшняй палітычнай сцэны, калі казаць пра разгалінаванасьць рэгіянальных структураў і іхную дзеяздольнасьць.
Мы валодаем такім унікальным патэнцыялам для сёньняшняй палітычнай сцэны, калі казаць пра разгалінаванасьць рэгіянальных структураў.

Каліноўскі: Адзін з пунктаў парадку дня вашага зьезду – абмеркаваньне магчымага ўдзелу ў будучых парлямэнцкіх выбарах. Якая вашая пазыцыя ў гэтым пытаньні?

Янукевіч: Мы павінны рыхтавацца да гэтых выбараў, і было б добра, калі б мы здолелі дамагчыся рэалізацыі тых умоваў, на якіх мы маглі б лічыць для сябе магчымым удзельнічаць у гэтых выбарах. Я думаю, гэтымі ўмовамі, хутчэй за ўсё, будзе вызваленьне палітычных вязьняў, зьмены ў выбарчым заканадаўстве, доступ незалежных сродкаў масавай інфармацыі да ўсіх каналаў распаўсюду і магчымасьць дзейнічаць для незалежных мэдыяў. Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, а мне б хацелася, каб яны былі выкананыя, я лічу, што мы абавязкова павінны ўдзельнічаць у выбарах шляхам вылучэньня сваіх кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG