Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта класьці галаву ў ляпу тыгра?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Хацелася б уключыцца ў абмеркаваньне тэмы выкарыстаньня АДКБ дзеля супрацьдзеяньня рэвалюцыям. На фоне “Арабскай вясны” пытаньне гэтае для аўтарытарных постсавецкіх рэжымаў вельмі актуальнае. Яму адмыслова быў прысьвечаны нядаўні нефармальны саміт АДКБ у Астане.

Адкладзем пакуль адказ на пытаньне, чаму Лукашэнка – вялікі энтузіяст гэтай ідэі, зьвернем увагу на заяву памочніка прэзыдэнта Расеі Сяргея Прыходзькі, што РФ і Беларусь маюць адзіную думку адносна магчымасьці выкарыстаньня патэнцыялу АДКБ, каб прадухіляць спробы зьвяржэньня канстытуцыйнай улады ў краінах-удзельніцах арганізацыі.

Найперш адзначым, што АДКБ – гэта трохі штучная арганізацыя, у яе аб’яднаныя дзяржавы зь вельмі рознымі геапалітычнымі інтарэсамі і вонкавымі пагрозамі. (Які агульны вораг ёсьць у Кіргізстану, Армэніі і Беларусі?) Сяброўства ў АДКБ – гэта дэманстрацыя ляяльнасьці да Расеі. І калі паўстае пытаньне пра сілавое супрацьдзеяньне рэвалюцыям, то ўсім відавочна, што бараніць ад народнага паўстаньня павінна Масква.
Сяброўства ў АДКБ – гэта дэманстрацыя ляяльнасьці да Расеі.


Зразумела, чаму РФ падтрымлівае гэтую ідэю. Бо гэта вельмі моцны інструмэнт уплыву, колькі б ні пісалі, што на зьмену геапалітыцы прыходзіць геаэканоміка. Пра тое, як бесцырымонна выкарыстоўвае Расея юрыдычныя падставы для сілавога ўмяшаньня ў справы сувэрэнных дзяржаў, сьведчыць расейска-грузінская вайна ў жніўні 2008 году.

Вось у рамках дыскусіі на гэтую тэму Ігар Юргенс, кіраўнік расейскага Інстытуту сучаснага разьвіцьця, які рыхтуе рэформу АДКБ, кажа: “Здушэньне народных паўстаньняў супярэчыць духу і літары дамоўленасьцяў краін-удзельніц АДКБ”. Але праблема ў тым, што адну і тую ж падзею можна лічыць і “народным паўстаньнем”, і “п’яным натоўпам, які шалее на плошчы” (ацэнка Лукашэнкам падзей 19 сьнежня). Называць людзей, якія змагаюцца за незалежнасьць, “ваярамі нацыянальна-вызвольнага руху” ці “ўдзельнікамі бандфармаваньняў” – залежыць ад палітычнай мэтазгоднасьці.
Чаму кіраўнікі краін АДКБ думаюць, што калі Расея зьдзейсьніць вайсковае ўмяшаньне ў іхнія ўнутраныя справы, то яна будзе бараніць іх уладу?


І тут узьнікае эўрыстычнае пытаньне. Чаму кіраўнікі краін АДКБ думаюць, што калі Расея зьдзейсьніць вайсковае ўмяшаньне ў іхнія ўнутраныя справы, то яна будзе бараніць іх уладу, а ня ўласныя інтарэсы? І ці варта так рызыкаваць, даючы Маскве юрыдычныя падставы для такога ўмяшаньня? Бо падставу можна прыдумаць ці арганізаваць. Як гэта рабіў СССР.

Нагадаю некалькі ўсім вядомых выпадкаў. У 1939 годзе Масква вырашыла далучыць да сябе Фінляндыю (як гэта праз год было зроблена з краінамі Балтыі). Каб мець падставу, быў створаны “рабоча-сялянскі ўрад Фінляндыі” зь фінскіх эмігрантаў-камуністаў на чале з О. Куусінэнам. Седзячы ў Ленінградзе, гэты “рабоча-сялянскі ўрад” ад імя фінскага народу зьвярнуўся да ўраду СССР з просьбай аб вайсковай дапамозе. Савецкі Саюз пачаў вайну, і толькі ўпарты супраціў фінскага войска ўратаваў гэтую краіну.

У 1956 годзе падставай для ўвядзеньня савецкіх войскаў у Вугоршчыну стаў зварот аб дапамозе створанага ў падпольлі “рабоча-сялянскага ўраду” Янаша Кадара.

У 1968 годзе СССР “папрасілі” ўвесьці войскі ў Чэхаславаччыну нейкія ананімныя чэхаславацкія “патрыёты”. Пасьля краху камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе іх доўга шукалі, знайшлі і судзілі.

У 1979 годзе, каб памяняць уладу ў Аўганістане, быў выкарыстаны аўганскі амбасадар у Чэхаславаччыне Бабрак Кармаль. Яго прывезьлі ў Ташкент, і адтуль ён ад імя аўганскага народу папрасіў савецкія войскі зрынуць рэжым Хафізулы Аміна.

Магчыма, кіраўнікі краін АДКБ думаюць, што гарантыяй ад неспадзяванага ўмяшаньня стане прынцып кансэнсусу пры прыняцьці рашэньняў у арганізацыі, так што яны заўсёды змогуць заблякаваць непажаданую рэзалюцыю. Але вось цяпер Расея плянуе рэфармаваць АДКБ, скасаваць прынцып кансэнсусу.
Пра тое, што Лукашэнка, знаходзячыся ў стрэсавым стане, можа дзейнічаць не рацыянальна, сьведчаць падзеі 19 сьнежня, калі ён сам загнаў сябе ў пастку.


У зьвязку з гэтым варта нагадаць той эпізод, які здарыўся ў чэрвені 2009 году падчас беларуска-расейскай “малочнай вайны”. На знак пратэсту супраць забароны на экспарт беларускага малака ў Расею Лукашэнка байкатаваў саміт АДКБ у Маскве, які прымаў важныя рашэньні аб стварэньні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня. Тады беларускі бок заявіў, што паколькі статут арганізацыі патрабуе, каб усе рашэньні прымаліся кансэнсусам, а прэзыдэнт Беларусі не галасаваў, то дакумэнты саміту ня маюць сілы закону. У адказ Масква растлумачыла, што прынцып кансэнсусу прадугледжвае аднагалосную падтрымку толькі тых кіраўнікоў, якія прысутнічалі на паседжаньні, а паколькі Лукашэнка не прыехаў, то яго голас ня ўлічваецца, і таму ўсе рашэньні законныя.

Калі ўзяць пад увагу стаўленьне расейскіх кіраўнікоў да беларускага лідэра, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: навошта Лукашэнка хоча пакласьці галаву ў ляпу тыгра? Часткова адказ на гэтае пытаньне дае Юры Дракахруст у сваім блогу.

Але ж, падаецца, тут існуе яшчэ адна прычына: цяжка вытлумачальны, калі глядзець збоку, страх перад рэвалюцыяй. А страх, як вядома, рэч ірацыянальная. Пра тое, што Лукашэнка, знаходзячыся ў стрэсавым стане, можа дзейнічаць не рацыянальна, сьведчаць падзеі 19 сьнежня, калі ён сам загнаў сябе ў пастку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG