Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як савецкая ўлада руйнавала Горадню


Зьлева направа: Ігар Трусаў, гісторык Янка Лялевіч, журналістка Хрысьціна Марчук.
Зьлева направа: Ігар Трусаў, гісторык Янка Лялевіч, журналістка Хрысьціна Марчук.
«Архітэктура Горадні. Незаменныя страты. ХІХ—ХХ ст.» — выстава з такой назвай адкрылася ў галерэі «Ў майстра» насупраць турмы. Яе падрыхтаваў гісторык архітэктуры Ігар Трусаў. За гады савецкай улады былі зруйнаваныя дзясяткі гістарычных пабудоў былога каралеўскага гораду.

Ваенныя дзеяньні ХХ стагодзьдзя пакідалі ў горадзе разбурэньні, але гэта — непераадольныя абставіны, сказаў на адкрыцьці Ігар Трусаў. З гэтым нічога ня зробіш. Другая прычына — рашэньні ўлады адносна руйнаваньня ці перабудовы храмаў ці дамоў. Царскія ўлады былі абмежаваныя ў гэтым, паколькі існавала прыватная ўласнасьць на зямлю, падкрэсьліў гісторык. Таму штосьці чынілася толькі з казённымі будынкамі. Напрыклад, пасьля паўстаньня 1830–31 гадоў забіралі паступова каталіцкія кляштары, у якіх рабілі казармы.

Першыя заўважныя страты горад зазнаў у Першую ўсясьветную вайну, «сьмешна сказаць — праз бамбаваньне «Цэпэлінамі», удакладніў Ігар Трусаў. З 1920-га да 1939 году польская ўлада вельмі нязначна ўмешвалася ў гістарычную забудову. У 1944 годзе, калі Чырвоная армія заняла адразу ўсходнюю частку Горадні з гістарычнай забудовай, зь левага берагу Нёмана дзейнічала нямецкая артылерыя, зьнішчыўшы частку пабудоваў. Тым ня менш Горадня пацярпела ў вайну найменш у параўнаньні зь іншымі абласнымі цэнтрамі і сталіцай Менскам. Аднак гісторык зазначыў, што аднаўляць архітэктуру ў Горадні ўлады не зьбіраліся. Вынікам стала тое, што савецкая ўлада зьнішчыла дзясяткі будынкаў Горадні.

На выставе можна ўбачыць, як выглядалі палацы, якіх больш няма — на плошчы каралеўскага старасты Антона Тызэнгаўза, у іншым месцы — будынак яго адміністрацыі, дом лантвойта на вуліцы Замкавай. Былі рашуча зьнішчаныя іншыя пабудовы часоў апошняга караля — то бок канца ХVІІІ стагодзьдзя: карчма «Раскоша», карчма «Галеча», якая нават у савецкія часы мела выгляд палаца. Дзевяць дамоў майстроў, якіх запрасіў Тызэнгаўз, у прыватнасьці, з Галяндыі, былі разбураныя па адным цягам 1949–68 гадоў. Быў зьнішчаны цэлы гістарычны квартал, каб вызваліць месца для гмаху ўлады, клюмбаў і аўтастаянкі. Разбурана першая ў Беларусі чыгуначная станцыя. На плошчы, якая цяпер называецца Савецкай, былі зьнішчаны гатычны касьцёл — Фара Вітаўта — і гарадзкая ратуша, якія ацалелі пад агнём нямецкай артылерыі. На выставе ў галерэі «Ў майстра» можна ўбачыць шкілет даху храма, які ўпаў на каменьне, што засталося ад касьцёла пасьля дынаміту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG