Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: "Вызваленьні — рэальныя, рэабілітацыя — нерэальная"


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў лічыць, што ў кастрычніку ці нават раней Аляксандар Лукашэнка вызваліць усіх палітвязьняў, каб Беларусь змагла ўдзельнічаць у саміце "Ўсходняга партнэрства" і каб атрымаць на Захадзе крэдыт для ўратаваньня сытуацыі ў эканоміцы.

"Будзе прадпрынятая спроба ўжо ў канцы верасьня гэта зрабіць. Гэта ў інтарэсах Лукашэнкі, каб афіцыйная дэлегацыя, а можа, і ён асабіста ўзялі ўдзел у саміце "Ўсходняга партнэрства". Бо рэальны ўдзел у пэўным праекце "Ўсходняга партнэрства" — гэта крок да збліжэньня з Захадам, а значыць — да магчымага крэдыту і інвэстыцый. Да таго, што сёньня абсалютна неабходна. Такім чынам, я Лукашэнку ня веру зусім як палітыку і чалавеку, але ацэньваю сытуацыю гэтак, што яна змушае яго хутка вызваліць усіх палітвязьняў".

Пры гэтым Уладзімер Някляеў ня думае, што разам з вызваленьнем пройдзе і рэабілітацыя ўсіх асуджаных за Плошчу, у прыватнасьці — што і зь яго будзе зьняты прысуд.

"Ён ня пойдзе на тое, каб зрабіць усё па-чалавечы, сказаць, што вы ні ў чым не вінаватыя, вы ўсе рэабілітаваныя. Хутчэй за ўсё і далей будзе такое тырканьне, якое мы назіраем і сёньня: чатыры чалавекі, сем чалавек... Гэта ўсё спроба давесьці некаму, магчыма, самому сабе, што ўсё ж такі ён справядліва абыходзіцца з тымі, хто хацеў са зброяй у руках пазбавіць яго ўлады. А насамрэч, калі б Лукашэнка быў сапраўдным палітыкам і мысьліў па-дзяржаўнаму, ён бы ў сёньняшняй сытуацыі мусіў сказаць пра рэабілітацыю без усялякіх умоваў".

На думку Ўладзімера Някляева, галоўнай мэтай Аляксандра Лукашэнкі застаецца захаваньне асабістай улады, а дзеля гэтага яму трэба атрымаць крэдыт і пазьбегнуць дэфолту, які цяпер падаецца непазьбежным. "Пра сапраўдныя рэформы Лукашэнка ня думае", — мяркуе экс-кандыдат на прэзыдэнта Някляеў. Як паставіўся Ўладзімер Някляеў да словаў Андрэя Саньнікава пра тое, што перамовы з Лукашэнкам магчымыя толькі на адну тэму — аб перадачы ўлады? Уладзімер Някляеў лічыць, што гэтага недастаткова.

"Збольшага я цалкам на баку Саньнікава, што менавіта пра гэта трэба найперш гаварыць і гэта ёсьць пачаткам вырашэньня праблем Беларусі. Але ёсьць рэальная палітыка. Пажаданьне добрае, а дзе ў нас рэальныя сілы і сродкі, каб змусіць яго сысьці? Дзе той інструмэнт? На сёньня, на жаль, такіх інструмэнтаў няма, грамадзтва не сасьпела.

Таму трэба, мяркую, ісьці двума шляхамі. З аднаго боку, рабіць тое, што кажа Саньнікаў, пра што Статкевіч напісаў з турмы — пра аднаўленьне рады руху за новыя выбары. Але гэта рабіць паралельна з дыялёгам. Бо пры ўсіх нашых адносінах да Лукашэнкі трэба зрабіць гэтак, каб Беларусь выйшла з сыстэмнага крызісу зь мінімальнымі стратамі.

Усё роўна нам прыйдзецца праходзіць праз тое, праз што 20 гадоў таму прайшлі тыя ж Польшча, Літва... Гэта непазьбежна. Бо наперадзе гэтыя рэформы, і гэта непазьбежна. Усе выпрабаваньні шокавай тэрапіяй давядзецца прайсьці. Але не было б горшага, не было б такога, што можа прывесьці да сутыкненьняў з крывёй. Гэта таксама магчыма.

Сёньня ўсе так паблажліва глядзяць і кажуць, што — не, у Беларусі няма такой сытуацыі... А што вымагала 19 сьнежня гэтак накінуцца на народ, што ледзь не пазабівалі людзей? Яшчэ трохі, і былі б ахвяры. Калі ідзе гаворка пра страту ўлады некім, прычым гэта не адзін чалавек, а цэлыя структуры, чынавенства, якое разумее, што ім таксама прыйдзецца адказваць, тады выйсьце з гэтай сытуацыі можа быць самым нечаканым. У тым ліку і драматычным. Вось гэтага я і хачу пазьбегнуць.

А пазьбегнуць — гэта ўсё ж такі размаўляць. Бо калі людзі пачынаюць размаўляць, калі ідзе дыялёг, тады ўзьнікаюць нейкія гарантыі ў адносінах адзін да аднаго".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG