Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры БХД пра круглы стол: спачатку трэба вызваліць палітвязьняў


Лідэры аргкамітэту для стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” пракамэнтавалі заяву Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць скліканьня круглага стала, паведамляе сайт bchd.info.

“Ідэя, вядома, добрая. Вось ужо 17 гадоў мы марна чакаем. Але цяпер прыпякло. За круглым сталом павінны сядзець Саньнікаў, Статкевіч, Вус, Дашкевіч і іншыя палітвязьні. Пакуль у турме знаходзяцца палітычныя апанэнты рэжыму, ніякай размовы пра круглы стол быць ня можа. Пра што павінен быць круглы стол цяпер – пра ўмовы адстаўкі Лукашэнкі і перадачы ўлады надзвычайнаму пераходнаму ўраду”, – адзначыў Павал Севярынец.

“Перамовы заўсёды лепшыя, чым канфрантацыя. Але ўсе павінны разумець, што ў сёньняшняй сытуацыі першай тэмаю любых перамоваў павінна быць неадкладнае, безумоўнае і поўнае вызваленьне палітвязьняў, а пасьля ўжо перадача ўлады”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

“Калі гэтая заява ня ёсьць чарговым пусканьнем пылу ў вочы, а зьяўляецца рэальнай, гэта значыць, што рэжым знаходзіцца ля апошняй рысы. Менавіта з круглага стала, які склікаў Ярузэльскі, больш за 20 гадоў таму пачаліся зьмены ў Польшчы. На маю думку, правядзеньне круглага стала, пытаньні эканамічнай дапамогі і выхаду з крызісу павінны наўпрост быць увязаныя з правядзеньнем свабодных і адкрытых выбараў”, – падкрэсьліў Аляксей Шэін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG