Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За галаву дысыдэнта – мільённыя інвэстыцыі?


Падпісаньне дамовы зь літоўскімі бізнэсоўцамі ў магілёўскім аблвыканкаме 28 лютага 2011. Справа - старшыня аблвыканкаму П.Руднік
Падпісаньне дамовы зь літоўскімі бізнэсоўцамі ў магілёўскім аблвыканкаме 28 лютага 2011. Справа - старшыня аблвыканкаму П.Руднік
Артыкул з такім назовам зьявіўся ў літоўскай газэце Lietuvos žinos. Аўтар Раса Калінаўскайце працягвае дасьледаваць тэму наяўнасьці ў справе Алеся Бяляцкага прыватных інтарэсаў некаторых літоўскіх юрыстаў і бізнэсоўцаў.

Пасьля міжнароднага скандалу вакол здрады ў дачыненьні да беларускага дысыдэнта, здадзенага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі (іншая форма той самай здрады - выдача візы намесьніцы міністра юстыцыі Беларусі Але Бодак, уключанай у чорныя сьпісы Эўразьвязу) літоўскія ўлады нястомна спрабуць давесьці, што гэта толькі выпадковае непаразуменьне, якое ўзьнікла з-за недастатковай каардынацыі і сыстэмных недахопаў, якія, паводле прэм’ера Андруса Кубілюса, існавалі ўжо дваццаць гадоў. Ці гэта сапраўды так? -- задаецца пытаньнем Lietuvos žinos.

Рэдакцыя LŽ мае доказы, што здраду маглі прадвызначыць толькі што падпісаныя прыбытковыя дамовы, што за кулісамі гэтых новых зьдзелак і ганебнай здрады мільгаюць тыя самыя постаці. Так што гэта ня проста здрада, а здрада за грошы, - піша аўтарка літоўскай газэты.

Сямейны бізнэс


За некалькі дзён да прыняцьця Міністэрствам юстыцыі (МЮ) рашэньня аб выдачы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі банкаўскіх зьвестак беларускіх дысыдэнтаў Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча, улады РБ блаславілі надзвычай буйную інвэстыцыю літоўскіх бізнэсоўцаў у Магілёўскай вобласьці, -- заўважае Раса Калінаўскайце.

Пры падпісаньні дамовы аб гэтай інвэстыцыі на суму 77 мільёнаў эўра літоўскіх бізнэсоўцаў кансультавала беларускае бюро адвакацкай канторы "Bernotas & Dominas Glimstedt", якое курыруе партнэр гэтай канторы Эгідзіюс Бярнатас.

Амаль адразу пасьля падпісаньня дамовы жонка Э.Бярнатаса, былая дырэктарка Дэпартамэнту міжнароднага права МЮ Аўшра Бярнацене прыняла рашэньне задаволіць просьбу беларускага боку аб прававой дапамозе ў справе апазыцыйных дзеячоў.

Запаліць зялёнае сьвятло для літоўскага бізнэс-праекту прадпісала ўлада РБ.

Што гэта - супадзеньне або цынічны гандаль, пры якім зьвесткі аб беларускіх дысыдэнтах былі здадзеныя ў абмен на дазвол літоўскім бізнэсоўцам пачаць рэалізацыю праекту, які быў заплянаваны яшчэ паўтара года таму, але доўга чакаў блаславеньня афіцыйнага Менску? -- задаецца пытаньнем Раса Калінаўскайце.

Абавязаньне найвышэйшых уладаў


28 лютага 2011 году ў выканкаме Магілёўскай вобласьці ЗАТ "Vakarų medienos grupė" (“Заходняя група драўніны”), у асобе генэральнага дырэктара Віктара Адамайціса і прадпрыемства "Mebelain" канцэрну SBA у асобе дырэктара Аляксандра Гардзейчыка, падпісалі з старшынём магілёўскага аблвыканкаму Пятром Руднікам дамову аб будаўніцтве заводаў у Магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне (Магілёўская СЭЗ).

Паводле гэтай дамовы, "Vakarų medienos grupė" плянуе да 2012 году пабудаваць комплекс дрэваапрацоўчых і мэблевых фабрык, які зойме плошчу 22 га. У праект прадугледжана інвэставаць больш за 77 мільёнаў эўра. Канцэрн SBA зьбіраецца на дзялянцы плошчай 6,5 га пабудаваць завод "Mebelain", плянаваныя інвэстыцыі - 43,66 мільёнаў літаў (12,65 мільёнаў эўра).

Комплекс складуць заводы, якія зь мясцовай сыравіны - драўніны зь беларускіх лясоў - будуць вырабляць ДСП, корпусную мэблю і фанэру. Уся прадукцыя будзе экспартавацца, галоўны пакупнік - мэблевы канцэрн IKEA.

Улады Магілёўскай вобласьці выдзелілі на праект літоўскіх бізнэсоўцаў дзялянку зямлі плошчай 35,5 га.

Апрача гэтага "Vakarų medienos grupė" падпісала з выканкамам пратакол аб намерах наконт стварэньня лесапрамысловага кластэру, паводле якога літоўскія бізнэсоўцы разам зь Беларусьсю будуць засноўваць супольныя прадпрыемствы нарыхтоўкі лесу і лягістыкі.

У цырымоніі падпісаньня дамовы ўдзельнічаў надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас і камэрцыйны аташэ Міністэрства гаспадаркі Літвы Эдвінас Камінскас.

Старшыня аблвыканкаму П.Руднік запэўніў, што ўладныя ўстановы акажуць літоўскім бізнэсоўцам усебаковую дапамогу.

Рашэньне наконт гэтай інвэстыцыі прынялі найвышэйшыя ўлады Беларусі. На сайце Магілёўскай СЭЗ паведамляецца, што 18 лютага 2011 году Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову №204, якой абавязаў старшыню Магілёўскага аблвыканкаму П.Рудніка падпісаць дамову з "Vakarų medienos grupė".

Галоўны юрыдычны дараднік


У дзень падпісаньня дамовы дзяржаўная Беларуская тэлевізія паказала рэпартаж, дзе гэты праект быў названы найбуйнейшай інвэстыцыяй літоўскага капіталу ў Беларусі, узгадненьне якой цягнулася паўтара года. Цытаваліся літоўскія бізнэсоўцы, якія выказвалі шкадаваньне, што іх прыход у Беларусь так зацягнуўся.

На сайце Магілёўскай СЭЗ паведамляецца, што падрыхтоўка да інвэстыцыі распачалася яшчэ 26 чэрвеня 2009 году, калі ў СЭЗ як прадпрыемства-рэзыдэнт было зарэгістраванае прыналежнае "Vakarų medienos grupė" таварыства "Industri". Як і якімі сродкамі можна было паўзьдзейнічаць на Менск, каб ён менавіта цяпер блаславіў так доўга ўзгадняную дамову? - ставіць шматзначнае пытаньне літоўская газэта.

Як паведамляецца на сайце адвакацкай канторы "Bernotas & Dominas Glimstedt", пры падрыхтоўцы дамовы аб інвэстыцыях у Магілёўскай вобласьці гэтая кантора была галоўным юрыдычным дараднікам "Vakarų medienos grupė". Праект каардынавала партнэрка канторы ў Беларусі Дар’я Жук.

Як ужо паведамляла газэта LŽ, заснаваньне беларускага бюро канторы "Bernotas Dominas Glimstedt" ініцыяваў і цяпер курыруе партнэр гэтай канторы, муж былой кіраўніцы Дэпартамэнту міжнароднага права МЮ Аўшры Бярнацене Э.Бярнатас, -- нагадвае аўтарка артыкула Раса Калінаўскайце.

У той самы час, калі Савет міністраў Беларусі даручыў магілёўскаму губэрнатару П.Рудніку падпісаць дамову з кансультаванай канторай Э.Бярнатаса “Заходняй групай драўніны”, Міністэрства юстыцыі Літвы вырашала пытаньне наконт выдачы інфармацыі дысыдэнтаў.

Як паведаміла МЮ, запыт Беларусі аб прававой дапамозе з просьбай даць інфармацыю пра рух грашовых сродкаў А.Бяляцкага быў атрыманы 2 лютага 2011 году.

2 сакавіка - усяго празь некалькі дзён пасьля падпісаньня інвэстыцыйнай дамовы - МЮ даслала ў банк ліст з просьбай даць патрабаваныя зьвесткі. Гэты ліст падпісала былая кіраўніца Дэпартамэнту міжнароднага права А.Бярнацене.

Калі адзін з банкаў адмовіўся даць зьвесткі, А.Бярнацене выявіла неўласьцівую літоўскім чыноўнікам стараннасьць і прынцыповасьць - падпісала і зварот у суд, каб той запатрабаваў ад банку выдачу зьвестак, - гаворыцца ў артыкуле Lietuvos žinos.

Здабыўшы інфармацыю праз суд, 28 сакавіка МЮ Літвы пераслала дадзеныя аб рахунках беларускіх дысыдэнтаў Міністэрству юстыцыі Беларусі.

Пасьля таго, як LŽ паведаміла пра інтарэсы адвакацкай канторы Э.Бярнатаса ў Беларусі, Найвышэйшая камісія службовай этыкі атрымала заяву дэпутата Сойму Саўлюса Стомы з просьбай правесьці расьсьледаваньне аб магчымым канфлікце публічных і прыватных інтарэсаў А.Бярнацене. Аднак А.Бярнацене зь міністэрства ўцякла, -- заўважае Раса Калінаўскайце.

Пасьля таго, як А.Бярнацене звольнілася з пасады, Камісія службовай этыкі паінфармавала, што расьсьледаваньне праводзіцца ня будзе. Так што ня будзе адказу і на пытаньне, якога памеру ўзнагарода за пасьпяховую зьдзелку ў Магілёўскай вобласьці папоўніла сямейны бюджэт адваката Э.Бярнатаса і былой чыноўніцы МЮ А.Бярнацене. І ці толькі бюджэт гэтай сям’і (у Літве)? -- задае чарговае пытаньне Lietuvos žinos.

Гэтая тэма не зацікавіла і міжведамасную камісію, якой было даручана дасьледаваць гэтую гісторыю, якая спрычыніла велізарную і бадай што непапраўную шкоду міжнароднай рэпутацыі Літвы. Аднак міжведамасная камісія асабліва і не прыкідалася, нібыта шукае сапраўдных вінаватых у гэтым скандале, а Міністэрства замежных справаў нават не пачало расьсьледаваньня ў справе выдачы візы непажаданым у Эўразьвязе асобам. У заявах прадстаўнікоў улады гэты інцыдэнт, які на дзіва нагадвае цынічны гандаль, падаецца як выпадковае непаразуменьне, якое ўзьнікла з-за недастатковага супрацоўніцтва розных установаў. Аднак, як сьведчыць дамова ў Магілёве, установы супрацоўнічаюць вельмі добра. Вядома, калі адчуюць пах прыбытку, -- піша ў сёньняшняй Lietuvos žinos Раса Калінаўскайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG