Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лібія: бітва за Трыпалі працягваецца


Над рэзыдэнцыяй Кадафі падымаецца дым
Над рэзыдэнцыяй Кадафі падымаецца дым
Надвячоркам у аўторак лібійскія паўстанцы ў Трыпалі ўварваліся ва ўмацаваную рэзыдэнцыю Муамара Кадафі Баб аль-Азізія. Дзе сам Кадафі, па-ранейшаму невядома.


У аўторак баі за Трыпалі не спыняліся. Міжнародныя мэдыі, у прыватнасьці, паведамлялі, што сілы, верныя Кадафі, вялі абстрэл зь мінамётаў і гарматаў галоўнай плошчы Трыпалі, якую паўстанцы занялі ў панядзелак і ўжо перайменавалі ў Плошчу пакутнікаў.

Тэлеканал “Аль-Арабія”, спасылаючыся на прадстаўнікоў паўстанцаў, паведаміў увечары, што яны кантралююць ужо 70% рэзыдэнцыі Кадафі. Паводле зьвестак тэлеканалу, паўстанцы паднялі над рэзыдэнцыяй свой сьцяг. Паведамляецца таксама пра самалёты сілаў НАТО, якія працягвалі абстрэл пазыцыяў войскаў Кадафі.

Прыхільнікі Кадафі чыняць супраціў і ў іншых рэгіёнах краіны. “Аль-Джазіра” з спасылкаю на камандаваньне амэрыканскім кантынгентам паведаміла, што самалёт ВПС ЗША быў зьбіты ракетаю Скад над Сіртам – местам, дзе нарадзіўся Кадафі.

Расейскі палітык, былы прэзыдэнт Калмыкіі Кірсан Ілюмжынаў паведаміў, што сёньня а 17-й гадзіне менскага часу размаўляў па тэлефоне з Муамарам Кадафі і яго сынам Мухамадам.

“Мне кагадзе патэлефанаваў Мухамад Кадафі і паведаміў, што знаходзіцца ў Трыпалі, побач з сваім бацькам”, – сказаў Ілюмжынаў “Інтэрфаксу” ў аўторак. “Мухамад Кадафі сьцьвярджае, што сілы, адданыя яго бацьку, “выбіваюць пацукоў з гораду”, – перадаў словы сына Кадафі Кірсан Ілюмжынаў.

“Затым Мухамад перадаў слухаўку свайму бацьку”, – адзначыў расейскі палітык. “Я жывы і здаровы, знаходжуся ў Трыпалі і не зьбіраюся пакідаць Лібію. Ня верце лжывым паведамленьням заходніх тэлекампаніяў”, – так, паводле Ілюмжынава, заявіў Муамар Кадафі.

Прадстаўнік лібійскіх паўстанцаў у ААН Ібрагім Дабашы прагназуе, што Лібія “будзе вызваленая” на працягу найбліжэйшых 72 гадзін. Па словах Ібрагіма Дабашы, паўстанцы гатовыя абмеркаваць зь Міжнародным крымінальным судом абвінавачаньні супраць палкоўніка Кадафі, яго сына і кіраўніка выведкі. Дабашы, аднак, дадаў, што паўстанцы хочуць, каб кіраўніцтва рэжыму судзілі за злачынствы ў самой Лібіі.

Прэзыдэнты ЗША і Францыі Нікаля Сарказі і Барак Абама падтрымалі ідэю правядзеньня канфэрэнцыі ў Парыжы, прысьвечанай дапамозе міжнароднай супольнасьці ў рэканструкцыі Лібіі.

Паўстанцкую пераходную раду Лібіі ў якасьці законнай улады прызналі ўжо больш як 30 краінаў. У аўторак гэта зрабілі Ірак, Марока, Бахрэйн і Нігерыя.

Ахмэт Давутаглу, міністар замежных справаў Турэччыны, выступіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Бэнгазі, неафіцыйнай сталіцы паўстанцаў. “Мы ставім на лідэра пераходнай нацыянальнай рады Мустафу Абдэль Джаліля (лідэр паўстанцаў), – сказаў міністар. – Ён вызначыць для Лібіі шлях у будучыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG