Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дземідзенка: Мы ня ведаем, што з Дашкевічам, будзем за яго змагацца


Пікет ля горацкай турмы. Дземідзенка крайні зьлева.
Пікет ля горацкай турмы. Дземідзенка крайні зьлева.
Пасьля сямнаццаці сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю з Дрыбінскага ізалятару часовага ўтрыманьня Мікалай Дземідзенка. Актывіста зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Горацкі раённы суд прызнаў вінаватым ва ўдзеле 2 верасьня ў несанкцыянаваным пікеце ля мясцовай папраўчай калёніі № 9 і непадпарадкаваньні міліцыі.

У гэтай турме адбывае двухгадовае пакараньне лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Кіраўніцтва вязьніцы адмаўляе адвакатам у сустрэчы са зьняволеным маладафронтаўцам. 2 верасьня адвакату таксама не дазволілі сустрэчы, што справакавала акцыю пратэсту перад адміністрацыйным будынкам турмы. Патрабаваць сустрэчы да калёніі прыехалі больш за чатыры дзясяткі актывістаў. Пасьля разгону пікету, які праходзіў з расьцяжкай «Спыніце перасьлед», пятнаццаць яго ўдзельнікаў затрымалі. 3 жніўня іх судзілі. Мікалаю Дземідзенку далі найбольшае пакараньне — 17 сутак.

Разгон пікету — Дземідзенка трэці з правага боку.

Дземідзенка: «Суду я заявіў, што прыехаў да турмы падтрымаць свайго паплечніка Зьмітра Дашкевіча, бо яго ў турме папросту катуюць. Да яго не дапускаюць адваката. У нас не засталося больш ніякіх іншых мэтадаў як прыехаць да калёніі і разгарнуць транспаранты. У пастанове напісалі, што я пратэставаў супраць адбыцьця Дашкевічам пакараньня ў турме.

Надалей я гатовы адбываць пакараньні за падобныя акцыі, але хацеў бы, каб ад іх была карысьць — каб адваката ўрэшце да Дашкевіча пусьцілі, але ж пасьля нашага пратэсту яго не дапусьцілі. Трэба шукаць іншыя фарматы такіх акцыяў, нават і небясьпечных, але яны павінны скончыцца посьпехам. Улады павінны выконваць закон. Мы ня ведаем, што адбываецца са Зьмітром. Ад яго прыйшлі некалькі лістоў, але там адчуваецца, што ён піша тое, што яму кажуць. У іх шмат абстрактных фразаў. Гэта нас непакоіць, і мы гатовыя да дзеяньняў».

Судзіў Мікалая Дземідзенку судзьдзя Горацкага раённага суда Віктар Ясковіч.

За ўдзел у пікеце пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі ад 5 да 17 сутак 11 актывістаў. Аднаму далі штраф 30 базавых велічыняў, аднаго адпусьці без складаньня пратаколаў. 8 жніўня асудзілі Івана Шылу. Разгляд справы праходзіў безь яго. Вырак яму не вядомы. 3 жніўня ён запатрабаваў у суду адваката й яго адпусьці на волю. 25 жніўня мае адбыцца суд над Зьмітром Шурхаем. Яго таксама 3 жніўня адпусьцілі, бо ён запатрабаваў адваката.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG