Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка: мяне хвалюе нядопуск адваката да Дашкевіча


Пасьля дванаццаці сутак адміністрацыйнага арышту з Дрыбінскага ізалятару часовага ўтрыманьня выйшла на волю актывістка зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “Малады фронт” Наста Палажанка.

Горацкі раённы суд 3 ліпеня пакараў дзяўчыну за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ля папраўчай калёніі №9, дзе адбывае двухгадовае пакараньне лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.

Па вызваленьні актывістка сказала, што ведае пра апошнія падзеі ў Беларусі: пра вызваленьне дзевяці палітвязьняў, пра яшчэ адну адмову адміністрацыі калёніі ў сустрэчы адваката з Дашкевічам, а таксама пра арышт Алеся Бяляцкага.
Наста Палажанка з паплечнікамі, якія віталі яе на волі


“Нядопуск адваката да Дашкевіча мяне непакоіць, бо гэта зьвязана хутчэй за ўсё зь лістамі пра памілаваньне. У нас была такая інфармацыя пра ціск на палітвязьняў, каб яны пісалі прашэньні на імя Лукашэнкі. Зьміцер гэтага ня робіць і адміністрацыя турмы ня хоча, каб пра гэта інфармацыя трапіла на волю.

Адносна вызваленьня нашых паплечнікаў і сяброў я вельмі рада, што яны выйшлі. На волі яны зробяць значна болей, чым у турме.

Нам у камэру трапіла газэта пра арышт Бяляцкага. Для нас гэта было шокам. Былі зьвесткі яшчэ раней пра тое, што Літва здала яго рахункі, але тое, што яго доўгі час не садзілі пакідала ў мяне надзею, што ўлада ня хоча ісьці на правакацыю з арыштам. Крэдыты, якія ўлада атрымала, апошнія 2 мільярды новыя, азначаюць, што Лукашэнка будзе гуляць далей. І паўгода ў яго на гэта ёсьць. Мы будзем жа й надалей працягваць сваю дзейнасьць. Будзем інфармаваць міжнародную й беларускую супольнасьць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. 12 сутак мы “адпачылі”, цяпер трэба ісьці далей”, - адзначыла Наста Палажанка адразу па вызваленьні.

У Дрыбінскім і Горацкім ізалятарах застаюцца яшчэ трое пікетоўцаў. Мікола Дземідзенка выйдзе на волю 19 жніўня, яго пакаралі на 17 сутак арышту, Ганна Шаруба – 15 жніўня пасьля 13 сутак. 19 жніўня выйдзе на волю Раман Васільеў. Яго судзілі 9 жніўня і пакаралі на дзесяць сутак. На судзе 3 жніўня ён запатрабаваў адваката.

Яшчэ двое ўдзельнікаў пікету ля горацкай турмы чакаюць судоў. Іван Шыла й Зьміцер Шурхай 3 жніўня ў судзе запатрабавалі адвакатаў. Пасьля гэтага іх адпусьцілі. 8 жніўня ў прызначаны дзень разгляду іх спраў яны ў Горацкі суд не зьявіліся. Разгляд адклалі.

Наста Палажанка разам зь яшчэ чатырма дзясяткамі актывістаў прыехала да турмы, каб дамагчыся ад яе кіраўніцтва дазволу на сустрэчу зьняволенага маладафронтаўца з адвакатам. Пасьля адмовы пад вокнамі адміністрацыйнага будынка вязьніцы актывісты арганізавалі пікет з расьцяжкай “Спыніце перасьлед”. Пасьля разгону акцыі пратэсту пятнаццаць пікетоўцаў затрымалі.

3 ліпеня судзьдзя Горацкага суда Аляксандар Зайцаў у райцэнтры Дрыбін пакараў Насту Палажанку 12 - суткавым арыштам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG