Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спыняе здабычу нафты ў Іране


Прэзыдэнты Беларусі і Ірану ў Тэгеране ў 2006 годзе.
Прэзыдэнты Беларусі і Ірану ў Тэгеране ў 2006 годзе.

Беларуская дзяржаўнай нафтавая кампанія «Беларуснафта» спыняе распрацоўку нафтавага радовішча Джафеір у Іране з-за рознагалосьсяў з дзяржаўнай Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC). Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на паўафіцыйнае іранскае агенцтва Mehr.

"Беларуснафта спыніла ўсю сваю дзейнасьць па здабычы нафты ў Іране, і чакаецца, што кантракт зь ёй на разьвіцьцё нафтавага радовішча Джафеір будзе скасаваны, паведаміла агенцтву неназваная крыніца ў NIOC.

Кантракт на паўмільярда даляраў на працу на радовішчы Джафеір, у паўднёва-заходняй правінцыі Хузэстан на мяжы зь Іракам, быў падпісаны паміж NIOC і «Беларуснафтай» ў верасьні 2007 года.

Наджы Садуні, кіраўнік дзяржаўнай іранскай кампаніі Petroleum Engineering and Development Co заявіў, што беларуская кампанія не змагла выканаць свае абавязацельствы па кантракце на нафтавае радовішча.

"На падставе кантракту «Беларуснафта» павінна была здабываць больш за 3500 барэляў нафты ў дзень, але на практыцы здабыча ніколі не перавышала 2800 барэляў", - сказаў ён.

Паводле сп-ра Садуні сёньня беларускі бок афіцыйна разрывае дамову.

Іранскія афіцыйныя асобы не даюць камэнтароў на гэты конт. Таксама устрымліваецца ад камэнтароў і «Беларуснафта». Прадстаўнік ураду Беларусі сказаў, што ён ня ведае аб разьвіцьці сытуацыі, паведамляе іранскае агенцтва Mehr.

У сакавіку сёлета ЗША ўвялі санкцыі супраць «Беларуснафты» за кантракт беларускага прадпрыемства з іранскай кампаніяй NaftIran Intertrade.

Гэты крок быў часткай высілкаў ЗША па ізаляцыі Ірана з нагоды яго ядзернай праграмы. Вашынгтон асьцерагаецца, што гэтая праграма накіраваная на стварэньне атамнай бомбы, што Тэгеран адмаўляе .

Іран папярэдзіў ў Кітай у суботу, што Кітайская нацыянальная нафтагазавая карпарацыя (CNPC) можа страціць кантракт на разьвіцьцё газавага радовішча Паўднёвы Парс ў Пэрсыдзкай затоцы, калі не паскорыць тэмпы працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG