Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марэк Мігальскі: Справа Бяляцкага – гэта скандал


Ініцыятыву падпісаньня адмысловай «Беларускай дэклярацыі» палітычнымі лідэрамі Польшчы і справу Алеся Бяляцкага камэнтуе эўрадэпутат Марэк Мігальскі.

Марэк Мігальскі належыць да апазыцыйнай партыі “Польшча – найважнейшая” (Polska jest najwazniejsza), якая пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году адкалолася ад “Права і справядлівасьці” Яраслава Качынскага. У Эўрапарлямэнце Марэк Мігальскі належыць да фракцыі Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў. У ноч з 14 на 15 жніўня беларускія ўлады не ўпусьцілі Мігальскага ў Беларусь.

Максімюк: Што ўтрымлівае ваш праект “Беларускай дэклярацыі”? І чаму вы яе прапануеце?

...сумесна і салідарна падтрымліваць памкненьні беларусаў да свабоды і дэмакратыі

Мігальскі: “Беларуская дэклярацыя” – гэта ініцыятыва, якая выходзіць з асяродзьдзя партыі “Польшча – найважнейшая” і накіраваная да ўсіх палітычных партый, якія прадстаўленыя ў парлямэнце. Акрамя партыі “Польшча – найважнейшая”, яе атрымалі лідэры Грамадзянскай плятформы, Права і справядлівасьці, Саюзу левых дэмакратаў і Сялянскай партыі. Дэклярацыя гаворыць аб тым, што, незалежна ад вынікаў сёлетніх выбараў і незалежна ад таго, ці мы апынемся ва ўрадзе, ці ў апазыцыі, мы будзем сумесна і салідарна падтрымліваць памкненьні беларусаў да свабоды і дэмакратыі ды спрыяць умацоўваньню кантактаў Беларусі з Эўразьвязам.

На дадзены момант пад гэтым дакумэнтам падпісаўся Павал Коваль, старшыня партыі “Польшча – найважнейшая”. Мы чакаем подпісаў астатніх чатырох лідэраў. Мы спадзяемся, што неўзабаве яны падпішуць гэтую кароткую дэклярацыю, якая складаецца літаральна зь пяці сказаў.

Я лічу гэта разумнай ініцыятывай, якая мае агульнапалітычнае значэньне для ўсіх партый ды адначасова ўзмацняе намаганьні грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, каб рухацца ў бок эўрапеізацыі, дэмакратызацыі і свабоды.

Максімюк: А ці адной з прычынаў гэтай дэклярацыі не была ваша боязь, што пасьля парлямэнцкіх выбараў 9 кастрычніка палітыка Польшчы ў адносінах да Беларусі можа зьмяніцца?

Польшча павінна быць адной з найважнейшых краінаў, якой на сэрцы ляжыць лёс Беларусі

Мігальскі: Я спадзяюся, што незалежна ад таго, хто выйграе выбары, мы будзем працягваць польскую палітыку спрыяньня дэмакратызацыі Беларусі ды яе набліжэньня да Эўразьвязу і НАТО. Зразумела, мы ўсьведамляем сабе памер цяжкасьцяў у такой палітыцы. Але Польшча павінна быць адной з найважнейшых краінаў, якой на сэрцы ляжыць лёс Беларусі ды пытаньне ўмацоўваньня кантактаў гэтай краіны з заходнімі дзяржавамі і арганізацыямі.

Максімюк: Не магу пры гэтай нагодзе не запытацца пра вашу ацэнку справы выдачы Варшавай банкавай інфармацыі датычна беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Як у Польшчы магла здарыцца такая сытуацыя?

Мігальскі: Гэта скандал. Паводзіны таго чыноўніка пракуратуры зьяўляюцца заганнымі. Безумоўна, ён павінен быць пакараны. Як палітык, я не хачу націскаць на незалежную пракуратуру, але з другога боку, польская дзяржава і польскія палітыкі ня дзеля таго падтрымліваюць беларускую дэмакратычную апазыцыю, грамадзянскую супольнасьць у Беларусі і ўсе працэсы эўрапеізацыі Беларусі, каб потым нейкі дзяржаўны чыноўнік у Польшчы ў сапраўднасьці дапамагаў Лукашэнку ў перасьледзе яго апанэнтаў. Я спадзяюся, што гэты чыноўнік будзе пакараны і што ўжо ніколі больш ніякі іншы польскі чыноўнік не прыкладзе рукі да пагаршэньня сытуацыі палітзьняволеных у Беларусі.

Максімюк: А ці вы ўпэўненыя, што гэта была памылка чыноўніка? Ці не магло здарыцца так, што гэты чыноўнік проста выканаў літару закону, які абавязвае абедзьве краіны? Закон гаворыць аб прававой дапамозе і абмене інфармацыяй, і чыноўнік якраз гэта зрабіў. Бо, скажам, Міністэрства замежных справаў не дало яму сьпісу асобаў, у дачыненьні да якіх нельга выкарыстоўваць мэханізм прававой дапамогі ў стасунках зь Беларусьсю...

Мігальскі: Я не юрыст і я не магу ацаніць, ці той чыноўнік парушыў закон, ці не. Я магу толькі ацаніць наступствы яго паводзін, якія зьяўляюцца заганнымі.

Але калі гэта было так, што той чыноўнік паступіў згодна з прадпісаньнямі польскага заканадаўства, дык тут трэба паставіць закіды палітыкам, якія прынялі такі дурнаваты закон. Тады ня трэба дамагацца ад Генэральнага пракурора, каб ён пакараў свайго чыноўніка, а трэба дамагацца ад польскіх палітыкаў, каб яны неадкладна зьмянілі закон, які робіць магчымым або аблягчае перасьлед апазыцыянэраў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG